«Калі хочаш працаваць, то нічога не цяжка»
У ААТ «Мацеевічы» Жабінкаўскага раёна Надзею ВАКУЛІЧ ведаюць як аднаго з самых адданых і вопытных работнікаў жывёлагадоўчай галіны. Ужо больш за 37 гадоў яе жыццё непарыўна звязана з гэтай гаспадаркай.
Апошнія пяць гадоў Надзея Вакуліч працуе на ферме «Крыўляны» жывёлаводам. Яе рабочы дзень пачынаецца а шостай гадзіне раніцы. На ферму яна прыязджае на веласіпедзе — дарога займае хвілін дваццаць. Разам з калегай Аленай яны рыхтуюць посуд, прамываюць яго, раздаюць камбікорм. У сем раніцы пачынаецца пастэрызацыя малака і выпойванне цялят.

— Яны ўжо ведаюць, што ім вязуць малачко, таму радасна мыкаюць, — усміхаецца Надзея Іванаўна.
Гаворачы аб сваёй працы, яна не хавае любові да падапечных:
— Цяляты зусім маленькія. Яны такія цікавыя — бусечкі! З вялікай любоўю стаўлюся да іх. Хочацца зрабіць усё, каб гэтым малым было камфортна. Некаторым нават даём імёны. Напрыклад, у нас ёсць блізняты Зіта і Гіта, Маша і Даша.

Многія лічаць працу жывёлавода цяжкай, але Надзея Вакуліч з гэтым не згодная:
— Як па мне, калі хочаш працаваць, то нічога не цяжка. За гэтыя гады сельскагаспадарчая сфера вельмі змянілася. Амаль усё стала аўтаматызаваным і перадавым. Таму працаваць сёння — адно задавальненне!

Шмат гадоў наша гераіня была даяркай, і толькі пасля выхаду на пенсію ёй прапанавалі пасаду жывёлавода ў МТФ «Крыўляны», у новым прафілакторыі для вырошчвання цялят. І яна пераканана, што гэта найлепшае месца:
— Цяжкай працы не баюся. Галоўнае, каб здароўе было, каб атмасфера ў калектыве складвалася добрая.

З калегай Аленай у нас склаліся цёплыя, амаль сяброўскія адносіны.
Дома яе чакаюць клопаты, але дачка Ірына, якая часта прыязджае з Брэста ў госці, дапамагае маці. Цяпер на парадку дня — рамонт у хаце, якую Надзея Вакуліч выкупіла ў гаспадаркі.

Нягледзячы на тое, што ёй ужо 62 гады, аб поўным адпачынку пакуль і не думае:
— Люблю працаваць. Дачка кажа: «Можа хопіць?» А я адказваю, яшчэ крыху папрацую. Вельмі падабаюцца мне цяляты. Гледзячы на моладзь, дзіўлюся: чаму яны не жадаюць працаваць, цяпер выдатныя ўмовы? Мы, пенсіянеры, хочам, вось толькі б здароўя пабольш. На пытанне аб цяжкасцях Надзея Іванаўна адказвае з уласцівай ёй мудрасцю:
— Вы ведаеце, калі я працую і спраўляюся, значыць, складанасцяў ніякіх няма.

За шматгадовую добрасумленную працу наша гераіня неаднаразова адзначалася на высокім узроўні: у 2021 годзе атрымала Падзячны ліст і каштоўны падарунак ад райкама прафсаюза работнікаў АПК, а ў сакавіку 2025-га кіраўніцтва Жабінкаўскага раёна адзначыла яе граматамі і падарункамі за важкі ўклад у развіццё малочнатаварнай індустрыі гаспадаркі. Але галоўнай узнагародай для Надзеі Вакуліч застаюцца любімая праца, добры калектыў і цяляты-«бусечкі», якія кожную раніцу радасна мыкаюць, пачуўшы знаёмыя крокі.
Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара