800 дзяцей сабрала абласное дабрачыннае свята ў рамках акцыі «Нашы дзеці» ў Гродне. Навагоднія песні каля вялікай прыгажуні ялінкі, карагоды і танцы, сустрэча з казачнымі персанажамі і галоўным творцам цудаў — Дзедам Марозам — усё гэта арганізавалі для самых адораных у вучобе, спорце, творчасці, а таксама для дзяцей са шматдзетных сем’яў і не толькі.
Павіншаваў хлопцаў і дзяўчат, якія сабраліся на свяце, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ. Ён адзначыў, што дарослыя ў перадсвяточныя дні імкнуцца наведаць як мага больш дзяцей, уручыць ім падарункі і стварыць прыемную атмасферу. «У розных установах, садках, школах дарослыя імкнуцца зрабіць сапраўднае свята. Вельмі добра, што ў нас гэта традыцыя жывая, ды і ў дарослых настрой змяняецца ў добры бок», — адзначыў кіраўнік вобласці.
Юрый Караеў успомніў і сваё дзяцінства, калі шчасцем было ўбачыць Дзеда Мароза, паесці мандарынаў і атрымаць цукеркі. «У той час, у 1960-я, пра вялікія падарункі мы не марылі. Гэта цяпер людзі жывуць у дастатку, могуць сабе дазволіць. Пахвалю гэты час па ўзроўні дастатку кожнай сям’і, па багацці і прадуктаў, і падарункаў. Такога не было ніколі», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
У захапленні ад свята засталася дзевяцікласніца Паліна КІСЯЛЁВА, якая ўжо склала спіс задач на наступны год. «Хачу добра здаць экзамены, а яшчэ выдатна праявіць сябе на алімпіядзе па рускай мове. У мінулым навучальным годзе, напрыклад, калі я вучылася ў восьмым класе, то ўдзельнічала ў алімпіядзе за дзявяты клас і заняла трэцяе месца. Сёлета працягваю падрыхтоўку і ў творчых конкурсах удзельнічаю, а яшчэ я ўдзельніца маладзёжнага парламента», — расказала школьніца.