Не так даўно мы былі сведкамі адкрыцця сталічнага спартыўна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Янкі Лучыны ў Лошыцы, які сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю. Улады горада прыйшлі да высновы, што будаўніцтва такіх кампактных, прадуманых, з усімі запатрабаванымі паслугамі комплексаў неабходна. І вось бачым з’яўленне новага аб’екта, адкрыццё якога адбылося ў мікрараёне Каменная Горка па вуліцы Казіміраўскай, 8.
Плошча новага комплексу «Мандарын» склала 6240,0 кв. м. У яго ўваходзяць аквазона, дзе знаходзіцца плавальны басейн у 25 метраў, а таксама басейны для дзяцей і для навучання плаванню, дзве гідрамасажныя ванны, хрысцільня, кафэ на 25 пасадачных месцаў. Асобна размешчаны тэрмальны блок з рускай, турэцкай, фінскай лазнямі і саляны пакой. Адведзена месца і для спартыўнай зоны са шматфункцыянальнай залай. У памяшканнях агульнага прызначэння ёсць мужчынскія і жаночыя раздзявалкі, вестыбюль, крама спадарожных тавараў, гардэроб, а таксама адміністрацыйныя памяшканні.


Па аднаразовай прапускной здольнасці фізкультурна-аздараўленчы комплекс у аквазоне можа прыняць 206 патэнцыйных наведвальнікаў, а шматфункцыянальная спартыўная зала — да 50 чалавек.

Мы спыталі ў адной з першых наведвальніц зоны басейна ў комплексе Зоі Шпілеўскай пра яе ўражанні: «Сёння я атрымала магчымасць бясплатна паплаваць у басейне. Я наведваю ТСАН, і нас запрасілі на адкрыццё новага будынкаў. Цудоўна і так зручна, бо жыву ў двух прыпынках адсюль. Паглядзела на цэннік — ён прымальны, нават для пенсіянераў. Лічу, што лепш і не прыдумаць для жыхароў нашага мікрараёна. Я вельмі люблю лазню і басейн — цяпер буду прыходзіць сюды часта», — расказала яна.
Падчас урачыстага мерапрыемства кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска Арцём Шагідзевіч сказаў, што гэта падзея вельмі значная для больш чым статысячнага насельніцтва Каменнай Горкі. «Аб’ект яшчэ на стадыі будаўніцтва хваляваў жыхароў раёна. Яны цікавіліся, калі можна яго наведаць. Таму ўпэўнены, што сёння, заўтра і ў будучыні гэты цэнтр будзе вельмі запатрабаваны. І магчымасці, якія ён прадстаўляе, задаволяць усіх наведвальнікаў — ад малога да вялікага. Людзі змогуць тут заняцца спортам і адпачыць, ды і проста правесці дзень ці вечар з задавальненнем». Кіраўнік раёна дадаў, што ў Каменнай Горцы не было аб’екта такога маштабу і функцыяналу. Басейны ў мікрараёне дагэтуль былі толькі школьныя, таму комплекс быў вельмі неабходны.



Дзмітрый Шаўрук, генеральны дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «Аква-Мінск», якое выступіла заказчыкам аб’екта, адзначыў: «Наш новы комплекс на 800 кв. м большы за аналагічны ў Ленінскім раёне Мінска, тут большая спартыўная зала — 360 кв. м, 32 трэнажоры.
І, вядома, мы ўлічвалі, што Фрунзенскі раён самы вялікі ў горадзе, а таксама ўлічвалі ў першую чаргу патрэбы жыхароў мікрараёна».

Новы сталічны аб’ект ужо гатовы сустракаць наведвальнікаў і чакае ўсіх аматараў спорту і СПА-працэдур.


Надзея ЗУЕВА
Фота Лізаветы ГОЛАД