У 1940 годзе Баранавічы сталі абласным цэнтрам. 40-тысячны горад і да гэтага ўяўляў сабой буйны чыгуначны вузел, а новы статус дазваляў развівацца больш імкліва. Тут быў адкрыты настаўніцкі інстытут, паявіўся абласны драмтэатр, новы імпульс набывалі прамысловасць і гарадская гаспадарка. Усе планы і перспектывы перакрэсліла вайна. З 27 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 года Баранавічы жылі ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі. Але ж многія і многія гараджане не прынялі новую рэчаіснасць пакорна. Яны адчайна змагаліся з ворагам усімі даступнымі сродкамі.
Сетка падпольных груп
Патрыёты стварылі сетку падпольных груп і арганізацый. У ваколіцах дзейнічалі партызанскія атрады. Некаторыя жыхары горада нават у адзіночку дэманстравалі сваю пагарду ворагу. Разам з навуковым супрацоўнікам Баранавіцкага краязнаўчага музея Ірынай Карчэўскай згадваем гістарычныя падзеі і факты.
— Дзейнасць падпольных антыфашысцкіх груп ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам партыйных і камсамольскіх арганізацый у цеснай сувязі з партызанамі, — расказвае Ірына Антонаўна. — Рост колькасці антыфашысцкіх груп прыйшоўся на 1943 год. Гэта звязана з масавым пашырэннем партызанскага руху. У красавіку 1943 года было ўтворана Баранавіцкае партызанскае злучэнне, якое каардынавала работу падполля ў горадзе.
Але ж варта падкрэсліць, што першыя антыфашысція групы сфарміраваліся яшчэ восенню 1941 года. Напрыклад, група Пятра Ануфрыева і Іосіфа Кавалеўскага дзейнічала пры гарадской бальніцы. У склад яшчэ ўваходзілі медсёстры Ганна Крывапустава, Алена і Марыя Шапавалавы, сувязныя Сцяпан і Канстанцін Адамчукі. Група перапраўляла ў атрад медыкаменты, хірургічныя інструменты, выводзіла да партызан ваеннапалонных чырвонаармейцаў, якія працавалі ў бальніцы.
Група зусім юных патрыётаў сфарміравалася пад кіраўніцтвам 17-гадовага Івана Русака. Туды ўвайшлі Іван Кунцэвіч, Аляксандр Махнач, Сяргей Дробыш, Вікенцій Жук, Дзмітрый Страх і іншыя. Хлопцы расклейвалі лістоўкі па горадзе, падчас разгрузкі нямецкіх эшалонаў кралі і выносілі зброю.
Паколькі Баранавічы ўяўлялі сабой буйны чыгуначны вузел, адной з галоўных мэт удзельнікаў супраціўлення былі акцыі і дыверсіі на чыгунцы. Апошнім займаліся некалькі не звязаных паміж сабой груп. Камсамольская група пад кіраўніцтвам Канстанціна Бадака вясной 1943 года змагла правесці ўдалую дыверсію і на некалькі дзён вывесці са строю вадакачку, абсталяванне дэпо, пашкодзіць паваротны круг. Той жа вясной пачала дзейнічаць разведвальна-дыверсійная група Анатоля Крыштафовіча, у якую ўваходзіла каля трох дзясяткаў чалавек. Восенню 1943 года яны правялі цэлую серыю дыверсійных актаў.
Арышты, катаванні, забойствы
Акупанты не адчувалі сябе ў бяспецы, таму гестапа і СД вялікія намаганні прыкладалі для пошуку партызан і падпольшчыкаў. У канцы 1943 — пачатку 1944 года з дапамогай правакатараў была раскрыта падпольная група камсамольцаў Івана Русака. Большасць юных патрыётаў загінула. Раскрытай аказалася і група Канстанціна Бадака. Маладых людзей страшна катавалі, а затым павесілі на тэрыторыі лакаматыўнага дэпо.
Загінулі і кіраўнікі падпольнай групы, якая дзейнічала ў гарадской бальніцы. Пятра Ануфрыева арыштавалі ў маі 1944 года і адправілі ў Калдычэўскі лагер смерці, дзе за месяц да вызвалення расстралялі. Іосіф Кавалеўскі загінуў у баі з ворагам 12 жніўня 1944 года.
Былі закатаваны альбо павешаны ў засценках гестапа дванаццаць чалавек з групы Канстанціна Доўгера і Леаніда Барадзінскага. Канстанціна павесілі разам з жонкай Аленай. Пакутніцкую смерць прынялі таксама Іван і Ганна Ліцкевічы…
Увекавечаны ў назвах вуліц
— Многім з гэтых людзей было ўсяго па 18-20 гадоў, большасць з іх не дасягнулі 30-гадовага ўзросту, — падкрэслівае навуковы супрацоўнік музея Ірына Карчэўская. — У іх жыццё было наперадзе, яны, несумненна, сталі б дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны. Але свядома рабілі свой выбар, які мы сёння называем подзвігам.
Скажам, у падпольную групу Мікалая Дарашэвіча ўваходзіла ўся яго сям’я: тата, мама, два браты. Мікалай быў малодшым, яму было ўсяго 19 гадоў. Аднойчы Мікалай Дарашэвіч атрымаў загад узарваць эшалон з гаручым. Усё было прадумана да дробязяў, але эшалон прыйшоў на станцыю са спазненнем, таму лік ішоў на секунды. І цыстэрны з гаручым узляцелі ў паветра, пацярпеў суседні эшалон з жывой сілай праціўніка, навакольныя будынкі. Выбрацца з гэтага пекла хлопец не здолеў, ён загінуў, але ж заданне выканаў. Яго імем, як і імем Канстанціна Бадака, іншых падпольшчыкаў, названы вуліцы ў горадзе.
Разам і — у адзіночку
Ірына Карчэўская звяртае ўвагу яшчэ на адну трагічную старонку перыяду акупацыі — гісторыю канцэнтрацыйных лагераў. Іх у ваколіцах Баранавічаў было два: шталаг-337, дзе загінула 80 тысяч ваеннапалонных, і Калдычэўскі лагер смерці, у якім забілі і закатавалі больш за 20 тысяч чалавек у асноўным мірнага насельніцтва. У Баранавічах на той час жылі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, і Калдычэўскі лагер стаў месцам спачыну праваслаўных, католікаў, іўдзеяў. Цяпер пра гэта нагадвае мемарыяльны знак.
Дык вось у Калдычэва траплялі не толькі падпольшчыкі, партызаны, але і гараджане, якія вызначыліся сваім асабістым маленькім грамадзянскім подзвігам, якія выказалі ўнутраны пратэст супраць акупацыі, фашызму. Такімі былі муж і жонка Наўра. Галіна і Фелікс ратавалі яўрэяў з мясцовага гета. Фелікс працаваў на мясакамбінаце, куды перыядычна вазілі на работу вязняў Баранавіцкага гета. Разам з жонкай яны хавалі людзей у сябе, затым выводзілі з горада. Але ж знайшоўся даносчык. Галіну з Феліксам разам з малымі дзецьмі схапілі і прывезлі ў Калдычэва. Бацькоў расстралялі, а малых адвезлі ў адмысловы барак турмы, дзе ўтрымлівалі дзяцей, бралі ў іх кроў для патрэб нямецкай арміі. Сястры Галіны цудам удалося выкупіць пляменнікаў і выратаваць іх.
У Калдычэўскі лагер было кінута многа праваслаўных і каталіцкіх святароў. Хапалі не толькі за справы, але, як выглядае, за любое слова спагады ў бок яўрэяў, падпольшчыкаў, партызан. І хоць наўкола было шмат правакатараў, даносчыкаў, людзі высока неслі сваю чалавечую годнасць, не скарыліся. Выказвалі пратэст, супраціў як маглі: у партызанскіх атрадах, у арганізаваных падпольных групах, у адзіночку, — разважае Ірына Антонаўна.
Усё пералічанае разам з іншымі фактамі паслужыла падставай для таго, каб Указам Прэзідэнта ад 2 лютага 2024 года горад быў удастоены вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».
Фота аўтара і Баранавіцкага краязнаўчага музея