Top.Mail.Ru

Жыхарка Віцебска страціла буйную суму і засталася з даўгамі

Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўстанаўліваюцца абставіны крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі.



Па дадзеных следства, у маі 2025 года жыхарцы Віцебска патэлефанавалі ў Viber і, назваўшыся супрацоўнікам аператара сотавай сувязі, падманным спосабам завалодалі пашпартнымі дадзенымі жанчыны. Следам патэлефанаў чалавек, які прадставіўся следчым. Ілжэсупрацоўнік праваахоўных органаў паведаміў віцяблянцы, што ў дачыненні да яе ўзбуджана крымінальная справа, паколькі дзякуючы прадастаўленым пашпартным даным па яе банкаўскіх картах ашуканцы пераводзілі выкрадзеныя грашовыя сродкі.

Пад пагрозай правядзення вобыску жанчына пад дыктоўку напісала заяву аб неразгалошванні атрыманых ад «супрацоўніка» звестак і расказала, што дома ёсць 1000 рублёў, а таксама грошы сына — 11,4 тысяч долараў ЗША і 1,2 тысячы еўра. Даведаўшыся аб немалой суме, ашуканцы працягнулі даваць указанні, якія даверлівая мясцовая жыхарка выканала — абмяняла замежную валюту на беларускія рублі, паклала грашовыя сродкі на банкаўскую карту і дала ім яе дадзеныя.

На гэтым падман не скончыўся, пад кіраўніцтвам зламыснікаў пацярпелая ў бліжэйшыя некалькі дзён наведала чатыры банкі, у якіх аформіла заяўкі на крэдыты на суму не менш за 40 тысяч рублёў. Аднак адобрылі толькі адзін — на 5,5 тысяч рублёў. Дадзеныя крэдытнай карты жанчына таксама дала ашуканцам. Абабраўшы жыхарку абласнога цэнтра да «ніткі» і пакінуўшы з нявыплачаным крэдытам, зламыснікі перасталі выходзіць на сувязь. Калі пацярпелай прыйшло паведамленне аб спісанні грашовых сродкаў, яна ўсвядоміла, што пазбавілася больш за 43 тысячы рублёў. З-за страты вялікай сумы грошай у жанчыны пачаліся праблемы са здароўем. Яна праходзіла лячэнне.

Следчыя дапыталі пацярпелую, агледзелі яе мабільны тэлефон. Перапіска з ашуканцамі далучана да матэрыялаў крымінальнай справы.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка УСК па Віцебскай вобласці Аксаны Лазько, Віцебскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаная крымінальная справа па ч.4 арт.212 крадзяжу маёмасці шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі здзейсненае ў асабліва буйным памеры Крымінальнага кодэкса.

Следчыя заклікаюць грамадзян быць пільнымі і крытычна ставіцца да зносін з незнаёмымі людзьмі, расказваць ім аб наяўнасці грашовых сродкаў. Не рабіце неабдуманых крокаў, не пераводзьце свае зберажэнні чужым людзям.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю