Top.Mail.Ru

Жыхар Мінска ад імя дзяўчыны выпрошваў у карыстальнікаў сайта знаёмстваў грошы ў абмен на інтым-фота

На разгляд у суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да 22-гадовага раней судзімага жыхара сталіцы, якога абвінавачваюць у махлярстве і распаўсюджанні парнаграфічных матэрыялаў, расказалі агенцтва «Мінск-Навіны» ў пракуратуры Фрунзенскага раёна.



Абвінавачаны ў дадатку для знаёмстваў стварыў акаўнт дзяўчыны з імем Маргарыта, з якога з лістапада 2025 года па люты 2026-га перапісваўся з мужчынамі. Ён скардзіўся ім на складанае матэрыяльнае становішча, прасіў даць пазыку, а таксама прапаноўваў за ўзнагароджанне выслаць ім парнаграфічныя фота і відэа, якія папярэдне запампаваў з інтэрнэту. Знаходзіліся тыя, хто згаджаўся і пераводзіў на банкаўскую карту аферыста прыстойныя сумы — 200 BYN, 600 BYN, 800 BYN...

У выніку, зразумеўшы, што сталі ахвярамі махляра, чацвёра пацярпелых звярнуліся ў міліцыю. Дарэчы, адзін з іх сам выкрыў зламысніка — той непрадбачліва высылаў яму фота сваёй калегі. Мужчына знайшоў дзяўчыну ў Інтэрнэце і пра ўсё ёй расказаў. Тая здагадалася, хто да гэтага датычны, і дала кантактны нумар фігуранта. У тэлефоннай размове малады чалавек ва ўсім прызнаўся, абяцаў вярнуць грошы, але так гэтага і не зрабіў.

У дачыненні да жыхара сталіцы распачалі чарговую крымінальную справу. Следствам было ўстаноўлена, што ён адправіў пацярпелым не менш за сем файлаў парнаграфічнага характару.

— Абвінавачаны халасты, працаўладкаваны камплектоўшчыкам у прыватнай кампаніі, у 2024 годзе ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў — судзімасць не знятая і не пагашаная ва ўстаноўленым законам парадку, — пракаменціраваў намеснік пракурора Фрунзенскага раёна Андрэй Сербун. — Яму выстаўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 209 КК («махлярства») і ч. 2 арт. 343 КК («выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару»). Віну грамадзянін цалкам прызнаў. Шкода кампенсаваная часткова: з амаль 2 тыс. BYN ён выплаціў толькі 40 BYN.


У дачыненні да абвінавачанага прымененая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю