Аўцюкі слязам не вераць!
У мінулыя выхадныя ў Вялікіх Аўцюках, што ў Калінкавіцкім раёне, было шумна і весела — там праходзіў традыцыйны ўжо фестываль народнага гумару, які сабраў удзельнікаў з усёй краіны і шматлікіх гасцей. Дарэчы, першае падобнае свята гумару адбылося трыццаць гадоў назад, у 1995-м, так што фестываль, можна сказаць, юбілейны.

Фэст мяняе лакацыі (ён праходзіў і ў Калінкавічах, і ў Малых Аўцюках — яны пастаянна спрачаюцца з Вялікімі за права звацца сталіцай гумару), але не мяняе традыцый. Праход на свята — толькі праз «мытню»: каб прапусцілі, трэба расказаць анекдот. Мясцовыя «каласкі» і «калінкі» стараюцца пачаставаць прыезджых самымі смачнымі стравамі і павесяліць самымі дасціпнымі жартамі.

Што датычыцца ўдзельнікаў гумарыстычнага фестывалю, сёлета яны спаборнічалі ў дасціпнасці на тэму любімых фільмаў. Як было ўрачыста абвешчана са сцэны, на Палессі закончылася эпоха замежных блакбастараў — тут з'явіўся свой «Аўцюківуд». І фільмы ў яго адпаведныя — «Аўцюкі слязам не вераць», «Каласок мяняе прафесію», «Вяселле ў Аўцюках», «Аўцюкоўская палонніца», «Кубанскія аўцюкоўцы»... Жартоўныя пастаноўкі з такімі назвамі весялілі шматлікіх гледачоў.

На свяце, акрамя галоўнай сцэны, было нямала іншых цікавых пляцовак. А тыя, хто прагаладаўся, маглі, апроч іншых аўцюкоўскіх пачастункаў, пакаштаваць кавалачак вялізнага трохметровага хот-дога, які вырабілі на мясцовым мясакамбінаце спецыяльна для свята.


Фота БЕЛТА.