Сёлета 25 красавіка адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння Ніны Лявонаўны Сняжковай — вядомага дзяржаўнага дзеяча БССР.
Яе лёс — гэта прыклад адданага служэння народу, дзе спалучаліся высокая патрабавальнасць, прафесіяналізм і рэдкая чалавечнасць. Ніна Лявонаўна праявіла сябе як кіраўнік высокага дзяржаўнага ўзроўню, згуртаваўшы вакол сябе каманду прафесіяналаў і аднадумцаў.

Сімвалічна, што векавы юбілей выдатнай беларускі супаў з Годам беларускай жанчыны. Простая дзяўчына з Гомельшчыны прайшла шлях ад штодзённай працы ў журналістыцы да высокай пасады, кіруючы самымі «народнымі» галінамі: культурай, адукацыяй, аховай здароўя. Яна асабіста кантралявала будаўніцтва школ, бальніц і паліклінік у сельскай мясцовасці, прыклала шмат намаганняў для развіцця нацыянальнай навукі, культуры і кінематаграфіі. А сваё прызванне Ніна Сняжкова бачыла ў тым, каб служыць людзям. Выстаўка «Лінія лёсу» ў Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны прымеркавана да 100-годдзя жанчыны, якая з 1970 па 1985 год займала пасаду намесніка старшыні Савета міністраў БССР. У экспазіцыі прадстаўлены малавядомыя біяграфічныя матэрыялы, копіі архіўных дакументаў, унікальныя фатаграфіі, віншавальная тэлеграма Кіраўніка дзяржавы ад 25 красавіка 2001 года, перапіска з вядомымі беларусамі, што захоўваецца на радзіме Сняжковай, у музеі сярэдняй школы № 1 горада Веткі, якая носіць імя нашага земляка Андрэя Грамыкі. Жыццё Ніны Сняжковай нагадвае нам, што сапраўдны лідар — гэта той, хто будуе будучыню праз тое, што клапоціцца пра кожнага сёння. Ніна Лявонаўна прайшла доўгі і плённы шлях, пайшла з жыцця ў 2008 годзе, пакінуўшы пра сябе добрую памяць.

Ларыса ЦІМОШЫК