Top.Mail.Ru

Жаданні павінны здзяйсняцца! Юным гасцям Палаца Незалежнасці паказалі навагоднюю казку

Пара навагодніх і калядных святаў у Беларусі ў самым разгары! Літаральна некалькі дзён таму Дзед Мароз па традыцыі выканаў навагоднія жаданні дзетак, пакінуўшы падарункі пад ёлкай. Аднак гэта яшчэ не ўсё! У Палацы Незалежнасці працягваецца чарада навагодніх дабрачынных святаў для маленькіх беларусаў у рамках акцыі «Нашы дзеці». У нядзелю, 4 студзеня, больш за дзве сотні дзяцей з розных рэгіёнаў краіны ўбачылі ў рэзідэнцыі Прэзідэнта цудоўную зімовую пастаноўку, паўдзельнічалі ў майстар-класах, зрабілі фатаграфіі, наведалі розныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.



Ваўкі, вавёркі, мішкі, іншыя казачныя персанажы і, вядома ж, сімвал 2026-га года, конь, сустракалі маленькіх гасцей у Зале ўрачыстых цырымоній. Тут па традыцыі разгарнулася сцэна для казачнага прадстаўлення, а побач з ёй — інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы, якія з першых хвілін зацікавілі дзяцей. Хтосьці захоплена майстраваў паштоўкі, хтосьці — карнавальную маску, асобная чарга з жадаючых выстраілася зрабіць аквагрым. Увагу хлапчукоў прыцягнуў робат-сабака.


Акцыя «Нашы дзеці» працягваецца па ўсёй краіне. Важна зрабіць так, каб кожнае дзіця было акружана ўвагай і клопатам, акунулася ў казку, а новы, 2026 год запомніўся для дзяцей чымсьці асаблівым.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая адзначыла, што такая магчымасць ёсць і ў тых хлопцаў і дзяўчат, якія прыехалі ў Палац Незалежнасці.



— Тут яны могуць па-сапраўднаму паверыць у казку. Атмасфера, якая пануе тут, дазваляе рабятам сказаць, што Новы год — гэта сапраўды самае дзіўнае і цудоўнае свята.

Як адзначыла рэжысёр-пастаноўшчык Тэатра юнага гледача Таццяна Самбук, сюжэт казкі «Як стаць Снягуркай?» - чароўны, бо кожная дзяўчынка марыць быць унучкай Дзеда Мароза:
— Мы часам забываем, што Снягурка — не толькі прыгожы ўбор і бліскаўкі на твары, гэта яшчэ і добрае сэрца. Пра гэта наша казка. Трэба быць адкрытым да людзей, рабіць дабро, карысныя справы.



Робячы паштоўкі, маскі, навагоднія ўпрыгажэнні, маленькія госці рыхтаваліся да маючага адбыцца прадстаўлення, дадала рэжысёр-пастаноўшчык.

— Нам хацелася паглыбіць у казку дзяцей загадзя. Яны павінны глядзець казку трошкі падрыхтаванымі, быць натхнёнымі, зараджанымі энергіяй. Адметна, што героі гэтай казкі былі ўдзельнікамі і інтэрактыўнай праграмы. Такое рэдка сустракаецца!



Марыя Сідарук родам з аграгарадка Хідры Кобрынскага раёна. Дзяўчынка з непадробнай радасцю кажа пра магчымасць наведаць Палац Незалежнасці падчас навагодніх святаў.

— Я не чакала, што тут будзе столькі ўсяго! Пад бой курантаў загадала, каб ва ўсіх у новым годзе ўсё было добра. І год пачаўся выдатна! Тут (у Палацы Незалежнасці. — Заўв. аўт.) я ўжо паспела зрабіць сабе маску, паштоўку і яшчэ столькі ўсяго хачу паспрабаваць!

Вераніка Серукова прыехала з Дзербічаў Буда-Кашалёўскага раёна. Для дзяўчынкі сама прысутнасць у Палацы Незалежнасці з’яўляецца падарункам. Акрамя таго, яна паўдзельнічала ў многіх майстар-класах, найбольш спадабаўся аквагрым.


— Толькі наступіў новы год, а жаданні ўжо сталі спраўджвацца. Я загадвала, каб ва ўсіх людзей усё было добра, а яшчэ асабіста сабе пажадала добра вучыцца! Таксама мне б хацелася пабываць на моры.

Мінчанцы Дар’і Матросавай у рэзідэнцыі Прэзідэнта настолькі спадабалася, што не хацелася сыходзіць. «Тут падрыхтавалі столькі месцаў для забавы, мне хацелася ўсё паспрабаваць! Я паспела зрабіць сваімі рукамі выраб — навагоднюю цукерку. А прадстаўленне было вельмі смешным і цікавым! Спадзяюся, я тут не ў апошні раз!»

Яна ВАЛАСАЧ
Фота аўтара



arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю