З аднаго боку, медыкі вельмі занепакоены сучаснай пандэміяй атлусцення. З другога боку — трэнд на ідэальнае цела і «лепшую версію сябе» таксама часта абарочваецца вялікімі рызыкамі для арганізма і разглядаецца ўрачамі як сур’ёзная праблема.
У каго і чаму ўзнікаюць расстройствы харчовых паводзін
Самымі распаўсюджанымі расстройствамі харчовых паводзін (РХП) спецыялісты называюць нервовую анарэксію і нервовую булімію. У жанчын і дзяўчат (пераважна ва ўзросце з 12 да 28 гадоў) яны сустракаюцца ў 10-20 разоў часцей, чым у мужчын.
Сітуацыя ў Беларусі з гэтымі парушэннямі не адрозніваецца ад агульнасусветнай. На 100 тысяч насельніцтва ў нас прыпадае каля 3-10 выпадкаў нервовай анарэксіі і 15-50 выпадкаў нервовай буліміі. Медыкі адзначаюць, што анарэксія крыху памаладзела за апошнія гады. У РНПЦ псіхічнага здароўя сёння з такімі дыягназамі нярэдка шпіталізуюцца 10-12-гадовыя дзяўчынкі.
— Асноўныя клінічныя праявы РХП — гэта абмежаванні ў ежы, розныя формы адмовы ад яе прыёму, страх набору масы цела, — расказвае ўрач-псіхіятр-нарколаг, загадчык 10-га псіхіятрычнага аддзялення (для жанчын) для лячэння непсіхатычных расстройстваў РНПЦ псіхічнага здароўя Святлана МЕЛЬГУЙ. — Яны могуць чаргавацца з перыядамі пераядання, эпізодамі ачышчальных паводзін (ужыванне ванітных, слабільных і мачагонных сродкаў), выкарыстаннем іншых лекаў не па прызначэнні, знясіленнем фізічнымі практыкаваннямі. Гэта вядзе да саматычных ускладненняў, якія закранаюць практычна ўсе сістэмы арганізма: сардэчна-сасудзістую, эндакрынную, імунную, страўнікава-кішачны тракт і, зразумела, псіхічную сферу. Анарэксію і булімію часта суправаджаюць расстройствы асобы і настрою, дэпрэсіі, абсесіўна-кампульсіўныя расстройствы і залежнасці.
Як правіла, пацыенткі з РХП — з сацыяльна паспяховых сем’яў, арыентаваныя на дасягненні ў грамадстве. Сярод ранніх прыкмет, якія сведчаць пра РХП і якія нельга пакідаць без увагі, Святлана Мельгуй назвала абмежаванні ў ежы, пазбяганне сумесных яе прыёмаў, захапленне інфармацыяй пра дыеты, прытрымліванне жорсткага раскладу харчавання, раздражняльнасць, слёзы з прычыны адсутнасці дома «правільных» прадуктаў, пачуццё віны за з’едзенае, ачышчальныя працэдуры і г. д.
— Расстройствы харчовых паводзін дастаткова складана лечацца, маюць безліч ускладненняў, — падкрэсліла Святлана Леанідаўна. — З усіх пацыентаў, якія звярнуліся да ўрачоў у першыя тры гады ад пачатку захворвання, выздараўліваюць каля 30 %. Каля 20 % паміраюць, астатнія працяглы час хварэюць.
Звычкі харчавання закладваюцца яшчэ да з’яўлення дзіцяці на свет
— Сумесныя сняданкі, вячэры, нядзельныя абеды бацькоў і дзяцей маюць вялікае значэнне для фарміравання звычак бяспечных харчовых паводзін і самой культуры харчавання, — пераканана дацэнт кафедры педыятрыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, галоўны пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя РБ, кандыдат медыцынскіх навук Ірына Ненартовіч. — Калі з ранніх гадоў дзіця бачыць, што і як ядуць дарослыя раніцай, днём і ўвечары, яно міжволі пераймае іх паводзіны.
Па словах Ірыны Антонаўны, уплыў харчавання на чалавека закладваецца яшчэ да яго з’яўлення на свет. Жанчына, выношваючы дзіця, ужо ўплывае на яго будучыя перавагі ў ежы і яго саматычнае здароўе. Таму такое значэнне сёння надаецца рацыянальнаму харчаванню цяжарных.
Галоўны пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя РБ нагадала, як важна пазбягаць крайнасцяў. Да гэтага часу медыкам даводзіцца сутыкацца з меркаваннем, што «цяжарнай трэба есці за дваіх». Але гэта не так. Не трэба есці шмат, важна харчавацца рацыянальна і разнастайна.
— Калі цяжарным рэкамендуюць выключыць з рацыёну тыя прадукты, у якіх могуць утрымлівацца патэнцыйныя ўзбуджальнікі інфекцыйных захворванняў (напрыклад, сырая рыба), то гэта мае пад сабой падставы, — адзначыла Ірына Ненартовіч. — Зразумела, пры алергіі на цытрусавыя ўрач параіць адмовіцца ад іх. Але, калі няма медыцынскіх паказанняў, будучым мамам не варта самастойна прызначаць сабе дыеты. На жаль, сёння сутыкаешся і з гэтым, і з тым, як некаторыя прадукты дэманізуюць без усялякіх на тое падстаў. Напрыклад, адмаўляюцца ад малака, малочных прадуктаў.
Выбіраючы сістэму харчавання, трэба пракансультавацца са спецыялістам
— Любая (нават сумніўная) сістэма харчавання можа спачатку прывесці да зніжэння вагі ўжо таму, што чалавек кантралюе што, у якой колькасці, у які час ён есць, — тлумачыць дацэнт кафедры ўнутраных хвароб, гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук Вольга ЖАРСКАЯ. — Але на доўгатэрміновы эфект у такіх выпадках звычайна не даводзіцца разлічваць. Я прыхільнік рацыянальнага (разумнага), збалансаванага харчавання. Наш арганізм уладкаваны так, што яму патрэбна і раслінная, і жывёльная ежа, макра- і мікранутрыенты. Іншымі словамі, акрамя колькасці калорый, для здароўя важны паўнавартасны склад ежы. Выбіраючы сістэму харчавання, абавязкова трэба пракансультавацца са спецыялістам. І яшчэ падкрэслю: пажыўныя рэчывы лепш атрымліваць з натуральных прадуктаў харчавання.

Пандэмія атлусцення павышае цікавасць да дыет
— Велізарная цікавасць да розных дыет узнікла нездарма, — упэўнена загадчыца кафедры тэрапіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Марына ШТОНДА. — Мы сёння жывём у эпоху пандэміі атлусцення. Паводле даных СААЗ, каля 16 % дарослых у свеце пакутуе ад атлусцення. Да 2030 года, па прагнозах спецыялістаў, такі дыягназ будзе ў кожнага 5-га зямляніна, а залішняя вага будзе наогул у кожнага другога. Беларусь не выключэнне з гэтага правіла. У 18,9 % нашых грамадзян ёсць атлусценне. Калі дадаць да іх людзей з залішняй вагой, то лічба павялічыцца.
— Трэба памятаць: атлусценне — гэта не проста эстэтычны дэфект, гэта фактар рызыкі развіцця мноства сур’ёзных хвароб, — падкрэсліла Марына Віктараўна. — Таму з ім трэба змагацца. Сярод велізарнай колькасці дыет складана бывае выбраць аптымальную. Але вось ужо шмат гадоў у рэйтынгах дыет лепшай прызнаецца міжземнаморская. Раіла б прыгледзецца менавіта да яе. І яшчэ важная рэкамендацыя для тых, хто вырашае пахудзець. Рабіць гэта трэба не спяшаючыся: страчваць 5-10 % ад масы цела на працягу месяца. Звярну ўвагу на тое, што аднаго абмежавання калорый недастаткова. Трэба захоўваць мышачную масу. А гэта патрабуе фізічнай актыўнасці, рэгулярных практыкаванняў на розныя групы мышцаў.
Дзейнічаць разам
— Рост атлусцення, з аднаго боку, і жаданне адпавядаць высокім эстэтычным стандартам знешнасці, з другога, непазбежна будуць прыводзіць да павелічэння людзей з РХП, — лічыць урач-эндакрынолаг, дацэнт кафедры агульнай урачэбнай практыкі з курсам герыятрыі і паліятыўнай медыцыны БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук Вераніка ЛАБАШОВА.
— У Беларусі праводзілася даследаванне, якое паказала: ад парушэнняў харчовых паводзін пакутуе 10 % людзей з атлусценнем і 30 % — з дыябетам. Гэта сведчыць аб сур’ёзнасці праблемы. Вырашыць яе можна, толькі аб’яднаўшы намаганні медыкаў розных спецыяльнасцяў і саміх пацыентаў. Калі не атрымліваецца скінуць вагу простымі, даступнымі спосабамі альбо калі з’явіліся трывожныя сімптомы, трэба ісці да ўрачоў майго профілю, эндакрынолагаў. Пажадаю быць уважлівымі да свайго здароўя, не адкладаць візіты да спецыялістаў.
Вольга Паклонская