Разнастайна і традыцыйна маштабна прадстаўлена беларуская прадукцыя на міжнароднай выставе харчавання «Прадэкспа-2026», якая адкрылася 9 лютага ў падмаскоўным Краснагорску, паведаміла БелТА.
У гэтым годзе «Прадэкспа» размясцілася адразу ва ўсіх трох велізарных павільёнах комплексу «Крокус Экспа». Аднак у гэтай разнастайнасці беларуская прадукцыя не згубілася і выглядае больш чым годна: экспануюцца 86 прадпрыемстваў з ахопам усіх рэгіёнаў Беларусі і розных галін харчовай прамысловасці: малака- і мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы, хлебапякарныя арганізацыі, вытворцы шакаладна-цукерачнай групы і іншых кандытарскіх вырабаў, алкагольных і безалкагольных напояў. Беларускія вытворцы ўдзельнічаюць як у складзе нацыянальнага стэнда, так і індывідуальна, прадставіўшы лепшую прадукцыю і навінкі.

Пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селівёрстаў у дзень адкрыцця выставы наведаў практычна ўсе стэнды беларускіх прадпрыемстваў. Ён адзначыў, што ва ўсім свеце цяпер назіраецца трэнд на якасць прадукцыі і беларускія вытворцы паспяхова яго прытрымліваюцца. «Кожнае прадпрыемства імкнецца прывезці нейкі новы прадукт, чымсьці здзівіць. Зразумела, што гэта павінен быць не толькі цікавы, якасны, але і канкурэнтаздольны па цане прадукт», — сказаў Юрый Селівёрстаў.
Выстава працягнецца да 12 лютага ўключна. Сваю прадукцыю тут прадстаўляюць больш як 2 тыс. удзельнікаў з 37 краін. Удзел беларускіх прадпрыемстваў у выставе дазваляе ім прэзентаваць і раскрыць вытворчы патэнцыял, ацаніць стан харчовай індустрыі, адсачыць зараджэнне і развіццё трэндаў, зрабіць прагнозы на перспектыву. Выставу адрозніваюць шырокая дзелавая праграма (шматлікія В2В перагаворы, навучальныя сесіі, круглыя сталы, семінары, фестывалі, дэгустацыі). Для беларускіх прадпрыемстваў удзел у «Прадэкспа» становіцца ўнікальнай магчымасцю па прасоўванні прадукцыі і заключэнні кантрактных дамоўленасцяў.
Фото sb.by