Top.Mail.Ru
201

Якія перадавыя методыкі ўкараняюць у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі?

Штогод у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі каля 3 тысяч чалавек атрымліваюць стацыянарную дапамогу, каля 10 тысяч — у амбулаторных умовах.


Сёння ва ўстанове 317 ложкаў, у тым ліку 180 — для лячэння туберкулёзу, 55 — для таракальнай хірургіі, 70 — пульманалагічнага профілю, 12 — рэанімацыйных, маецца аперацыйны блок. Са студзеня бягучага года ў цэнтры працуе Рэспубліканскі кансультатыўны цэнтр.

— Мы валодаем шырокім спектрам дыягнастычных магчымасцяў, які ўключае метады прамянёвай дыягностыкі, КТ, рэнтген, УГД, функцыянальную спіраметрыю, бодыплетызмаграфію, лабараторную дыягностыку. На базе ўстановы функцыянуе Рэспубліканская рэферэнс-лабараторыя па туберкулёзе, — расказвае дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Алена КРАТКОВА.

Высокапрафесійны калектыў цэнтра складаецца з 445 супрацоўнікаў, у тым ліку 70 урачоў, з якіх 92,5% маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, прычым кожны трэці — вышэйшую. Навуковы аддзел складаецца з 18 супрацоўнікаў, з іх 14 — кандыдаты навук, 8 — дацэнты, 2 — дактары навук, 1 — прафесар. Цяпер яны вядуць 11 навукова-даследчых работ па пульманалагічным і фтызіятрычным профілі.

— Наша фтызіятрычная служба дасягнула поспехаў у барацьбе з туберкулёзам. За апошнія 15 гадоў паказчык захваральнасці знізіўся ў 3,6 раза, а паказчык смяротнасці — у 8 разоў. Адзначаюцца адзінкавыя выпадкі захваральнасці на туберкулёз сярод дзяцей. Разам з тым актуальнасць неспецыфічных захворванняў органаў дыхання, інтэрстыцыяльных захворванняў з кожным годам нарастае, — адзначае Алена Краткова

Унікальныя магчымасці

Кіраўнік РНПЦ падкрэсліла, што цэнтр валодае ўнікальнымі магчымасцямі па дыягностыцы хвароб органаў дыхання. Сярод іх верыфікацыя хірургічным спосабам, магчымасць правядзення фібрабронхаэндаскапічных абследаванняў, бодыплетызмаграфія.

  • Бодыплетызмографадзіны апарат, які дазваляе вывучыць дыфузійную здольнасць лёгкіх. Як растлумачыў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі Дзмітрый РУЗАНАЎ, яна зніжаецца ў пацыентаў з міжтканкавымі хваробамі лёгкіх, якіх у Беларусі цяпер, дарэчы, дастаткова шмат. Гаворка ідзе аб станах, калі развіваецца лёгачны фіброз, які паступова замяшчае лёгкае злучальнай тканкай і, умоўна, душыць пацыента. Так спыняецца дыфузія газаў.
Бодыплетызмаграфія дазваляе своечасова вызначыць, наколькі зніжана функцыя лёгкіх. Падставай да даследавання можа стаць задышка пры адсутнасці іншых прычын, напрыклад хранічнай абструктыўнай хваробы лёгкіх, бранхіяльнай астмы, а таксама змены на рэнтгенаграме, якія сведчаць аб прэваліраванні лёгачнага фіброзу.

Даследаванне неабходна для наступнай пастаноўкі дыягназу і прызначэння лячэння.
— Бодыплетызмаграфія дазваляе ацаніць унутрыгрудны аб’ём лёгкіх і ўсе яго складнікі, а таксама супраціўленне бронхаў. Гэтыя параметры немагчыма вымераць з дапамогай звычайнай спіраметрыі, таму бодыплетызмаграфія значна дапаўняе інфармацыю, атрыманую пры выкананні спіраметрыі, — патлумачыў Дзмітрый Рузанаў.
Спецыяльны модуль для правядзення дыфузійнага тэста дае магчымасць вывучыць газаабменную функцыю лёгкіх — эфектыўнасць пераносу кіслароду з паветра, якое ўдыхаецца, у кроў. Такое ўнікальнае абсталяванне маецца толькі ў РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, а таксама ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёлета плануецца закупіць у цэнтр новы бодыплетызмограф. А ў 2026–2027 гадах такія апараты з’явяцца ва ўсіх абласных цэнтрах — іх закупяць у абласныя спецыялізаваныя ўстановы, дзе ёсць аддзяленні пульманалогіі.

045A2509.jpg

Кінуць курыць дапаможа штучны інтэлект

Як адзначыла Алена Краткова, кожны другі пацыент цэнтра мае ў анамнезе фактар курэння. Мільярды людзей, якія кураць, зніжаюць узровень свайго здароўя з-за нікаціну. Кожная сёмая смерць у свеце выклікана курэннем. Чаканая працягласць жыцця тых, хто курыць, прыкладна на 10 гадоў меншая, чым тых, у каго няма такой шкоднай звычкі.

Кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей ДЗІЯРДЗІЦА дадаў, што за апошняе дваццацігоддзе колькасць школьнікаў ва ўзросце ад 13 да 15 гадоў, якія кураць звычайныя цыгарэты, скарацілася ў 5 разоў, што з’яўляецца вялікім дасягненнем. Аднак на змену цыгарэтам прыйшлі новыя тэхналогіі — вэйпы. Каля 14% хлопчыкаў і 15% дзяўчынак гэтага ўзросту ўжывалі іх. Тытунёвыя кампаніі імкнуцца зрабіць сваю прадукцыю ўсё больш прыцягальнай, асабліва для моладзі, нягледзячы на вялікую шкоду здароўю. Сярод прыёмаў — араматызатары і смакавыя дабаўкі, якія маскіруюць непрыемны смак тытуню; яркі дызайн упакоўкі і агрэсіўны маркетынг у сацсетках. СААЗ рэкамендуе поўную забарону продажу любых вэйпаў непаўналетнім, незалежна ад утрымання нікаціну, забарону рэкламы і спонсарства, як гэта дзейнічае ў дачыненні да цыгарэт.

А вось у РНПЦ псіхічнага здароўя распрацоўваюць матывацыйную праграму на аснове штучнага інтэлекту для ахвотных кінуць курыць.

— Праграма распрацоўваецца ў рамках навуковага праекта. Выкарыстоўваецца тэхналогія штучнага інтэлекту з улікам адрозненняў у рабоце паўшар’яў мозга. Дадаецца ацэнка з дапамогай апытальнікаў і прапаноўваецца матывацыйны ролік, які дае магчымасць узмацніць жаданне кінуць курыць, — адзначыла намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ доктар медыцынскіх навук, прафесар Марына СКУГАРЭЎСКАЯ, звярнуўшы ўвагу на тое, што асноўная праблема курцоў — адсутнасць устойлівага жадання кінуць курыць. Праграма з’яўляецца адным з варыянтаў шматузроўневага лячэння. Акрамя таго, прапануюцца медыкаментозная падтрымка, псіхатэрапія.

045A2354.jpg

Нікацін вельмі негатыўна адбіваецца на псіхічным стане курца, выклікае сіндром залежнасці з усімі ўласцівымі яму крытэрыямі: цягай, стратай кантролю, сіндромам адмены.

— Існуе меркаванне, і гэта самападман, што нікацін, тытунь дапамагаюць у барацьбе са стрэсам. На самай справе тытунь садзейнічае развіццю трывожнасці і дэпрэсіі. Людзі, якія кураць, часцей пакутуюць ад гэтага. Прычым у іх не проста павышаецца ўзровень трывожнасці і дэпрэсіі, а нават магчымае развіццё псіхічнага расстройства. У курцоў часцей праяўляюцца эмацыянальная нестабільнасць, перапады настрою, раздражняльнасць і агрэсіўнасць. Парушаюцца кагнітыўныя (пазнавальныя), інтэлектуальныя функцыі, — звярнула ўвагу Марына Скугарэўская.

Асабліва негатыўна нікацін уплывае на арганізм, калі пачынаць курыць у дзіцячым узросце. 

Алена КРАВЕЦ.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю