Top.Mail.Ru

Зборныя Беларусі і Буркіна-Фасо згулялі ўнічыю на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску

Зборная Беларусі згуляла ўнічыю з нацыянальнай камандай Буркіна-Фасо ў таварыскім матчы, які адбыўся на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску.



Падчас сустрэчы каманда Віктара Ганчарэнкі ў другім тайме забяспечыла сабе перавагу ў два мячы дзякуючы галам Уладзіслава Малькевіча і Карэна Варданяна, аднак госці змаглі знайсці адказ. У складзе зборнай Буркіна-Фасо вызначыліся Элахім Кабарэ і Абду Тапсоба, які ўстанавіў канчатковы лік — 2:2.

Матч наведалі 15 874 гледачы, якія сталі сведкамі па-сапраўднаму відовішчнай і напружанай гульні.


Нягледзячы на ўпушчаную перамогу, зборная Беларусі прадоўжыла сваю бяспройгрышную серыю пад кіраўніцтвам Віктара Ганчарэнкі да чатырох матчаў. У сакавіку «белакрылыя» абгулялі Кіпр (1:0) і Арменію (2:1), а 5 чэрвеня ўпэўнена разабраліся з камандай Сірыі — 4:1.

— Балельшчыкі ўбачылі, што такое гульня на высокіх хуткасцях, таму што на кожным участку поля складана было прымаць правільныя рашэнні, — падзяліўся думкамі аб гэтай гульні галоўны трэнер Віктар Ганчарэнка. — Футбалісты ўвесь час знаходзіліся пад ціскам. Гэта тое, што трэба ў сучасным футболе. Гэта на самай справе было так. Бо часам ёсць матчы, калі можна па ходзе паразмаўляць з памочнікамі, з ігракамі, то тут гульня на такой хуткасці была, што вельмі нават складана было нешта падказваць.

Толькі ў перапынку мы маглі нешта зрабіць. Зразумела, што можна па-рознаму ацэньваць гульню. Я ўдзячны хлопцам за той час, які мы правялі. Для мяне найважнейшае, каб мы, пакідаючы стадыён, адчувалі, што не было абыякавасці на полі. Усе ігракі, якія выходзілі, могуць памыляцца. Футбол грунтуецца на памылках. А менавіта абыякавасці сёння, у папярэднім матчы матчы з Сірыяй і ў трэніроўках не было. Гэта тое, што нам трэба.

Што можна вынесці па гарачых слядах з двух дамашніх таварыскіх матчаў? Галоўным чынам тое, што каманда зноў ні разу не прайграла, забіла ў два разы больш мячоў, чым прапусціла, абодва разы забівала першай і атрымала розны ўзровень супраціўлення ад сапернікаў.


Да афіцыйных матчаў ужо сёння пачаўся зваротны адлік. Час праляціць вельмі хутка. І трэнерскаму штабу зараз важна прааналізаваць і правільна прымяніць тое, што было напрацавана падчас вясенне-летніх збораў. А Віктар Ганчарэнка і яго асістэнты ведаюць, што трэба рабіць.

Фота Віктара ДРАЧОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю