Нападаючы нашай зборнай Арцём Шуманскі адкрыў лік ужо на 14-й секундзе гульні, гэты забіты мяч стаў самым хуткім у гісторыі нацыянальнай каманды. Неўзабаве беларусы зарабілі права на пенальці, але Захар Волкаў адзінаццаціметровы не рэалізаваў.
У другой палове лічбы на табло не змяніліся, у выніку 1:0 на карысць нашай зборнай. Першы матч беларусаў і фінаў 29 верасня ў Хельсінкі завяршыўся ўнічыю 0:0. Таксама ў бягучым розыгрышы Лігі нацый наша каманда прайграла албанцам (0:2) і перамагла Сан-Марына (4:0).
Таксама 6 кастрычніка ў матчы Лігі нацый зборная Албаніі сустракалася з камандай Сан-Марына. Гульня завяршылася з лікам 2:1.
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Віктар Ганчарэнка пракаменціраваў перамогу над Фінляндыяй (1:0) у рамках Лігі нацый.
— Галоўны вынік — перамога, стаўленне нашых футбалістаў да гульні. Нельга не адзначыць эмоцыі, якія віравалі. Хапала адзінаборстваў, стыкаў. Выматаліся ўсе, цярпелі. Добра ў абароне гулялі. Некалькі атак прайшло ў фінаў па цэнтры. Што да флангавых, то добра з імі спраўляліся. Першы забіты гол крыху змяніў сам настрой, гульню.
Калі б забілі пенальці, то, мусіць... Хоць, 2:0, можа, больш расслабіла б. Усе хлопцы выканалі добрую работу. Застаецца павіншаваць іх і ўсіх балельшчыкаў.
Мусіць, як і ў любой іншай каманды, ёсць больш атакуючы план і менш атакуючы. У нас таксама. Сёння наш план спрацаваў.
Нападаючы і аўтар пераможнага гола нашай каманды Арцём Шуманскі таксама выказаўся аб перамозе над Фінляндыяй.
— Выдатная гульня ў нашым выкананні, удалося забіць хуткі гол, як мы і планавалі. У першым тайме нам было крыху лягчэй, а ў другой палове сустрэчы я ўжо сядзеў на лаўцы запасных і мне было вельмі хвалююча. Усе па максімуме аддаліся на полі, усе малайцы.
Канешне, заўсёды хочацца большага. У нас адно паражэнне, адна нічыя і дзве перамогі. Хацелася б ва ўсіх матчах перамагчы, але мы выціснулі з сябе максімум. Спадзяюся, што ў лістападаўскім зборы ў нас атрымаецца абыграць Албанію і Сан-Марына.
Падапечныя Віктара Ганчарэнкі падняліся на другі радок у табліцы. У актыве «белакрылых» зараз сем набраных балаў.
Адзначым, беларусы ўпершыню ў гісторыі адолелі Фінляндыю. Раней чатыры разы была зафіксаваная нічыя, двойчы «белакрылыя» саступалі.
Наступны матч зборная Беларусі правядзе супраць сан-марынцаў. Гасцявы паядынак адбудзецца 12 лістапада, пачатак — у 22:45.