Першы маштабны этап здымак поўнаметражнага мастацкага фільма «Бацька Мінай. Партызанская легенда» завяршыўся на натурнай пляцоўцы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» у Смалявічах, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Фільм пераносіць гледача ў трагічны і гераічны 1941 год. У цэнтры сюжэта — лёс легендарнага камандзіра партызанскага атрада Бацькі Міная. Яго злучэнне вядзе барацьбу з нямецка-фашысцкімі акупантамі, наносячы ўдары па камунікацыях ворага і арганізуючы акцыі адплаты за генацыд мірнага насельніцтва. Стаўшы для захопнікаў ворагам нумар адзін, Мінай Шмыроў сутыкаецца з асабістай трагедыяй: фашысты бяруць у заложнікі яго чацвярых дзяцей. Няўлоўны і адважны партызан гатовы на любую рызыку дзеля выратавання сям’і, але ў вайны — свае бязлітасныя законы.

Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў падкрэсліў, што для беларускага боку ўдзел у стварэнні гэтай карціны — вялікі гонар і адказнасць.
Рэжысёр і сцэнарыст фільма, народны артыст Расіі Ігар Угольнікаў, расказаў, што ідэя стварэння з’явілася даўно.— Гэты праект — значна больш, чым проста кіно. Гэта мост, які злучае пакаленні, і наша агульная з расійскімі калегамі місія — захаванне гістарычнай памяці. Подзвіг Міная Шмырова і тысяч беларускіх партызан з’яўляецца неад’емнай часткай нашай нацыянальнай самасвядомасці, сімвалам мужнасці, — адзначыў Дзмітрый Сямёнаў. — Праз асабістую драму героя мы гаворым пра рэчы, якія не павінны быць забытыя: пра цану перамогі, пра сілу духу перад абліччам нечалавечых выпрабаванняў, пра выбар, які вызначае лёс чалавека і яго радзімы. Такое кіно валодае магутнай аб’яднальнай сілай. Упэўнены, што карціна стане значным укладам у культурную прастору Саюзнай дзяржавы, прымусіць гледачоў задумацца аб нашай агульнай гісторыі і тых каштоўнасцях, якія адстойвалі нашы продкі.

— Прайшло 15 гадоў з моманту работы над фільмам «Брэсцкая крэпасць». Ідэя зняць яшчэ адну вялікую карціну ў Беларусі ў нас была даўно, — дадаў Ігар Угольнікаў. — Мінай Шмыроў — сапраўдная легенда партызанскага руху ва ўсім Савецкім Саюзе. Мяне ўзрушыла не толькі тое, што гэты чалавек стварыў практычна партызанскую армію, але і тое, што ён увесь час стаяў перад выбарам. Калі яго дзяцей узялі ў заложнікі і расстралялі, калі няма сіл змагацца, калі здраджваюць... Глядач павінен адчуць асабісты выбар Бацькі Міная ў абставінах, у якіх ламаліся многія. Адчуць яго боль і адчай, а таксама веру ў Перамогу, імкненне ісці да канца. Дзеля пошуку адказаў на такія пытанні мы і здымаем кіно.
Выканаўца галоўнай ролі, народны артыст Расіі Аляксей Краўчанка, прызнаўся, што работа над вобразам для яго — справа асабістая.

— Гэта герой, які здолеў знайсці ў сабе сілы і накіраваў свае боль і гнеў на ворага. З’яднала велізарная колькасць людзей у вялікі кулак, які граміў фашысцкіх захопнікаў, — расказаў Аляксей Краўчанка.
— Калі чытаў сцэнарый, разумеў, што такія работы рэдка бываюць. 40 гадоў таму я бегаў хлапчуком у Смалявічах, здымаючыся ў «Ідзі і глядзі». І тут Элем Клімаў вучыў мяне працаваць у кіно. Гэта для мяне нешта вельмі асабістае.
Пасля летне-асенняга блока здымачная група рыхтуецца да зімовага этапу работы. Здымкі ваенна-гістарычнай драмы «Бацька Мінай. Партызанская легенда» працягнуцца ў бліжэйшы час.