Top.Mail.Ru

Завяршаецца падрыхтоўка да XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

Пра гэта паведаміў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей КУШНАРЭНКА падчас пасяджэння рабочай групы. 


Міншчына выступае пляцоўкай для гэтай вялікай міждзяржаўнай падзеі, дае магчымасць прадэманстраваць на ўсю Саюзную дзяржаву наш эканамічны патэнцыял, гасціннасць і культурную самабытнасць.

«У Мінскай вобласці ва ўзаемадзеянні з Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, горадам Мінскам створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб годна сустрэць удзельнікаў і гасцей гэтага маштабнага мерапрыемства. Вызначаны па кірунку 10 секцый, 9 з якіх будуць праходзіць якраз у цэнтральным рэгіёне. Мы плануем задзейнічаць нашы флагманскія прадпрыемствы, арганізацыі, установы, такія як БелАЗ, БЕЛДЖЫ, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“, Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, агракамбінат „Дзяржынскі“. Па лініі маладзёжных структур пасяджэнне адбудзецца ў сярэдняй школе № 2 вёскі Копішча Мінскага раёна. Камітэт па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы правядзе сваё пасяджэнне ў Маладзечне. Пры гэтым мы фіксуем вельмі высокі попыт з боку нашых расійскіх калег — на кантакты, сустрэчы, развіццё нашых узаемаадносін. Толькі па лініі Мінскага абласнога выканкама плануем правесці перагаворы з кіраўніцтвам Маскоўскай, Арлоўскай, Калінінградскай, Омскай абласцей, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. І гэты спіс пастаянна папаўняецца», — сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.

Аляксей Кушнарэнка адзначыў высокую цікавасць да форуму з боку бізнес-супольнасці. «Так, 20 прадпрыемстваў Мінскай вобласці ўжо плануюць падпісаць кантракты з расійскімі партнёрамі на суму 34 мільёны беларускіх рублёў. І мы разумеем, што гэта лічба будзе толькі расці. У рамках форуму мы таксама плануем паказаць свой турыстычны патэнцыял, прычым як з наведваннем канкрэтных аб’ектаў, так і з перавыданнем нашай кнігі „Міншчына гасцінная“, дзе, уласна кажучы, пазначаныя знакавыя месцы, якімі ганарыцца наш край».

Для аказання садзейнічання ў арганізацыі мерапрыемстваў будзе задзейнічана больш за сотню валанцёраў. Акрамя таго на ўсіх аб’ектах прадугледжана работа прэс-цэнтраў. Распрацавана канцэпцыя афармлення і інфармацыйнага суправаджэння форуму — па маршруце руху дэлегацый будуць размешчаны вітальныя білборды і расцяжкі, аформлены ўваходныя групы. На будынку Мінскага аблвыканкама ў начны час сутак 25 і 26 чэрвеня плануецца трансліраваць праекцыю з лагатыпам Форуму рэгіёнаў.

Яна ВАЛАСАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю