Top.Mail.Ru

Завершаны асноўны этап уступнай кампаніі ў ВНУ

Студэнтамі ўжо сталі 46,7 тысячы чалавек. З іх на бюджэтную форму навучання паступілі 32 тысячы, на платнай аснове будуць навучацца 14,7 тысячы студэнтаў. Звыш плана на платныя месцы залічана 1,5 тысячы спартсменаў і грамадзян СНД, у гэтым жа спісе і тыя, хто атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.


Прыёмная кампанія ў сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму яшчэ наперадзе: яе час — лістапад-снежань. Для падрыхтоўкі будучых спецыялістаў АПК плануецца прыняць каля 2,5 тысячы абітурыентаў, 1,2 тысячы з іх — на бюджэт. У Міністэрстве адукацыі ўпэўнены, што і гэтыя лічбы, і планы будуць выкананыя, і студэнтамі такім чынам сёлета стануць каля 
60 тысяч чалавек.

Па ацэнку ўступнай кампаніі гэтага года і аналіз яе вынікаў мы звярнуліся да экспертаў.

Самая паспяховая

На думку першага намесніка міністра адукацыі Беларусі Аляксандра БАХАНОВІЧА, прыёмная кампанія, што прайшла, была самай паспяховай за апошнія гады. Ён падкрэсліў, што галоўнай яе асаблівасцю стала адсутнасць змяненняў у правілах ЦЭ і ЦТ і самога прыёму:

— Міністэрства адукацыі сумесна з усімі зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання, ВНУ, заказчыкамі кадраў стварыла ўсе неабходныя ўмовы для якаснай арганізацыі прыёмнай кампаніі. Дзякуючы агульнай сістэмнай працы на ўсіх этапах — ад прафарыентацыі, арганізацыі кампаніі да інфарміравання і стварэння неабходных умоў — прыём ва ўніверсітэты завяршыўся стапрацэнтным выкананнем плана.

Запатрабаваныя эканомікай

Як і планавалася яшчэ да пачатку ўступнай кампаніі, кожны чацвёрты, зараз ужо студэнт беларускіх ВНУ, — гэта будучы інжынер, кожны дзясяты — педагог, медык або работнік аграпрамысловага сектара.

— Сёння структура прыёму ў ВНУ цалкам адпавядае структуры нашай эканомікі, — кажа Аляксандр Генадзьевіч. — Такая найважнейшая задача была пастаўлена перад сістэмай адукацыі, і мы яе паступова вырашаем.

Прадстаўнік адукацыйнага ведамства агучыў і той факт, што вынікі ўступных кампаній апошніх гадоў паказваюць стабільна высокую колькасць абітурыентаў, залічаных без уступных выпрабаванняў і па-за конкурсам:

— Гэта тыя маладыя людзі, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў пры вучобе ў школе або каледжы. Сёлета такіх залічана амаль 7 тысяч, у іх ліку — пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў, медалісты, уладальнікі дыпломаў каледжаў з адзнакай, лепшыя выпускнікі Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Моладзь бачыць перспектыву

Сёлета значна вырасла цікавасць да спецыяльнасцяў аграпрамысловага сектара эканомікі.

— І вырасла яна не на пустым месцы, — разважае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей ПІШЧОЎ. — Вялікую ролю адыгралі меры падтрымкі працаўнікоў вёскі, якія ўзнімаюцца на дзяржаўным узроўні. А новыя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і іншых галінах сельскай гаспадаркі, усё больш і больш зацікаўліваюць нашу моладзь пайсці менавіта ў гэтым кірунку і бачыць у ім перспектыву як для ўласнага развіцця, так і АПК у цэлым.

Таксама Сяргей Мікалаевіч адзначыў новы трэнд, які сёння «вірусіцца» ў сучаснай моладзі, што пацвердзілі і вынікі прыёмнай кампаніі:

— Абітурыенты паступова адыходзяць ад класічных айцішных спецыяльнасцяў, аддаючы перавагу кірункам, звязаным са штучным інтэлектам. І гэта паказалі высокія конкурсы і прахадныя балы па такіх спецыяльнасцях, прычым незалежна ад таго, дзе знаходзіцца ўніверсітэт — у сталіцы ці абласным цэнтры.

Ён падкрэсліў, што ўзрасла папулярнасць інжынерных і педагагічных спецыяльнасцяў:

— Кожны трэці новаспечаны студэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта набраў больш за 300 балаў. Гэта сведчыць аб тым, што на педагагічныя спецыяльнасці паступае сапраўды найбольш падрыхтаваная і матываваная моладзь. І гэта адметны факт — бо перад намі стаіць задача павысіць патэнцыял нашых педагагічных кадраў.

У каледжы прыём працягваецца

Беларускія каледжы гатовы прыняць сёлета 38,9 тысячы чалавек на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З іх 31,4 тысячы будуць вучыцца за кошт бюджэту, прычым колькасць бясплатных месцаў вырасла на 1700.

Расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыіначальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінадукацыі Ганна БОЙКА:

— Калі казаць пра прыярытэты маладых людзей, то першынствуюць тэхнічныя спецыяльнасці — на іх прыпадае 34 працэнты ад агульнай колькасці тых, хто паступае. Павялічаны набор на педагагічныя і медыцынскія кірункі, дзе конкурс дасягае трох чалавек на месца. Рэкордны паказчык — 9 чалавек на месца — зафіксаваны на спецыяльнасці «Архітэктурнае праектаванне», а на «Дызайн анімацыі» прэтэндавалі 7,8 чалавека на месца.

Падводзячы вынікі ўступнай кампаніі для выпускнікоў 9-х класаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнік Мінадукацыі праінфармавала, што на 22,3 тысячы бюджэтных месцаў было пададзена больш за 30 тысяч заяў:

— І гэта сведчыць аб тым, што кожны другі школьнік выбірае для сябе траекторыю каледжа.

Ганна Бойка таксама адзначыла, што 11 жніўня завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтныя месцы для выпускнікоў 11-х класаў: на 8,8 тысячы месцаў пададзена больш за 11 тысяч заяў. Конкурс склаў 1,34 чалавека на месца.

Яна таксама нагадала, што на платную форму пасля 11-га класа дакументы будуць прымаць да 15 жніўня. 

А для тых, хто паступае на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прыёмная кампанія прадоўжыцца да 23 жніўня.

І асабіста, і анлайн

Што датычыцца арганізацыйных пытанняў прыёмнай кампаніі — 2026, то другі год запар у асабістых кабінетах беларускіх абітурыентаў на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў паступаючыя маглі зрабіць папярэдні запіс для падачы дакументаў у зручныя для іх дату і час. Сёлета анлайн-запісам скарысталіся больш за 22 тысячы абітурыентаў. Летась гэтая лічба склала 15 тысяч.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю