Top.Mail.Ru

Застаўшыся адна з трыма дзецьмі, маладая жанчына не губляе сілы духу і выхоўвае іх годнымі людзьмі

Дзеткі моцна абдымаюць дарагую матулю, кажуць ёй цёплыя словы, а яна шчыра ўсміхаецца ў адказ, цалуе аднаго за адным. «Мамачка, ты ў нас самая прыгожая, мілая і ласкавая! Ты самая лепшая ў свеце!» — гучаць прызнанні, якія саграваюць сэрца і напаўняюць душу радасцю. Вось яно, мацярынскае шчасце, што дапамагае пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні. І колькі б перашкод ні ўзнікала ў жыцці, іх дапамагае перамагчы яднанне дарагіх і блізкіх сэрцу людзей. Менавіта так лічыць і шматдзетная матуля Вікторыя Перагудзіна, якая жыве ў жывапіснай вёсцы Чэрцы Лепельскага раёна. І хоць жанчына нарадзілася і вырасла ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці, Лепельшчына стала для яе вельмі дарагой і блізкай. Аднавяскоўцы ж палюбілі Вікторыю Аляксандраўну за яе душэўную шчырасць, спагаду і цеплыню, уменне выслухаць і падтрымаць добрым словам.


У мінулым годзе шматдзетнай матулі ў ліку іншых жанчын Віцебскай вобласці была ўручана прэмія імя Тусналобавай-Марчанка за высокі маральны прыклад ва ўмацаванні сям’і і выхаванні дзяцей. Цёплыя словы віншаванняў аблвыканкама, дыплом, шыкоўны букет кветак, грашовая прэмія і памятныя падарункі — усё гэта стала ўзнагародай для жанчыны, якая выхоўвае траіх дзяцей адна.

— Мае дзеці — самае каштоўнае, што ёсць у жыцці, — шчыра прызнаецца Вікторыя Аляксандраўна. — Я ганаруся іх поспехамі і вельмі рада таму, што ў мяне атрымалася іх выхаваць адказнымі, працавітымі і мэтанакіраванымі. Дзеткі дапамагаюць справіцца з усімі хатнімі клопатамі: прыбраць у доме, прыгатаваць ежу... Яны ў мяне самыя лепшыя!

Хацелася сямейнага шчасця

...Вікторыя нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, але змалку была пазбаўлена бацькоўскай ласкі і цеплыні. Дзяўчынка выхоўвалася ў Ветрынскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот Полацкага раёна. Яна расла актыўнай і мэтанакіраванай дзяўчынкай, рабіла поспехі ў вучобе і пасля заканчэння дзевяці класаў школы-інтэрната паступіла ў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, дзе атрымала спецыяльнасць аператара ЭВМ і сакратара-машыністкі. Калі Вікторыя была навучэнкай каледжа, сустрэла свайго спадарожніка жыцця. Разам з Іванам дзяўчына прыехала жыць на яго радзіму, у вёску Чэрцы Лепельскага раёна. Уладкавалася працаваць спецыялістам па кадрах у Лепельскую сортавыпрабавальную станцыю, а Іван працаваў на вытворчасці.

Паколькі да сваёй работы Вікторыя Аляксандраўна падыходзіла з асаблівай адказнасцю, ад кіраўніцтва сортавыпрабавальнай станцыі яна атрымала прапанову завочна набыць спецыяльнасць юрыста і працаваць па ёй на прадпрыемстве. Так стала студэнткай Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і свае тэарэтычныя веды паспяхова прымяняла на практыцы.

Спачатку маладыя жылі разам з маці мужа. А пасля ім быў выдзелены добраўпарадкаваны дом. У 2011 годзе ў жыцці маладой сям’і адбылася першая шчаслівая падзея. На свет з’явілася дачушка Арына. Праз два гады сваім нараджэннем парадаваў бацькоў сынок Руслан, а ў 2020 годзе нарадзілася дачушка Эльвіра.

Без мужа і бацькі

Здавалася б, нішто не перашкаджала светламу сямейнаму шчасцю. Аднак раптам здарылася непрадказальнае — Іван цяжка захварэў і атрымаў інваліднасць.

— Так, нам прыйшлося няпроста. Ды вельмі важна тое, што ўвесь час мы адчувалі падтрымку з боку дзяржавы, — расказвае Вікторыя Аляксандраўна. — У якасці дапамогі муж кожны месяц атрымліваў сацыяльную пенсію па інваліднасці. Нам далі льготны крэдыт для будаўніцтва двухпакаёвай кватэры. Трэба адзначыць, што з боку дзяржавы маладым сем’ям аказваюцца ўсебаковая дапамога і падтрымка. Як шматдзетная маці па пятніцах я атрымліваю выхадны дзень. У школе прадугледжаны бясплатнае харчаванне і 50-працэнтная зніжка пры аплаце за карыстанне падручнікамі. Палова кошту харчавання кампенсуецца таксама ў дзіцячым садку. Толькі палову кошту харчавання трэба аплаціць і ў час знаходжання дзяцей у школьным лагеры. Акрамя таго, мы як шматдзетная сям’я рэгулярна атрымліваем дапамогу ад прафсаюзнага камітэта сортавыпрабавальнай станцыі, Лепельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Чырвоны Крыж».

Але жыццё працягвала падкідваць выпрабаванні. У 2024 годзе сям’ю Перагудзіных напаткала вялікае гора. Малады муж і тата пайшоў з жыцця, і Вікторыя засталася адна з трыма дзецьмі. Вельмі балюча і крыўдна... Трэба ісці далей. Не паддаўшыся роспачы і адчаю, маладая матуля выстаяла перад чарговымі выпрабаваннямі лёсу і перамагла свае душэўныя пакуты. Яна ж маці, якая адказвае за далейшы лёс сваіх дзяцей, і каму як не ёй трэба быць моцнай духам і ўпэўненай у заўтрашнім дні.

Жыццё працягваецца

— Здавалася б, прыходжу дадому стомленая, але, як толькі ўбачу сваіх дзетак, уся стомленасць тут жа знікае, — дзеліцца шматдзетная матуля. — Яны ажыўлена расказваюць мне пра свае поспехі, паказваюць акуратныя, прыбраныя пакоі — і я не магу стрымаць радасці. Я шчаслівая тым, што ў мяне ёсць трое цудоўных дзетак.

Старэйшая дачушка Арына сёлета заканчвае дзевяць класаў Заслонаўскай сярэдняй школы, робіць поспехі ў матэматыцы, інфарматыцы, іншых прадметах. Паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах па хіміі, геаграфіі і беларускай мове. Акрамя таго, Арына захапляецца маляваннем, вучыцца іграць на акардэоне і займаецца спортам. Неаднойчы паспяхова абараняла гонар школы ў спаборніцтвах па валейболе. Арына — вельмі мэтанакіраваная дзяўчынка. Нядзіўна, што пасля заканчэння дзевяці класаў яна збіраецца атрымаць спецыяльнасць лагіста або праграміста.

Руслан жа не толькі добра вучыцца ў школе, але і захапляецца футболам. Хлопчык умее выканаць любую мужчынскую работу: і дровы паколе, і вады прынясе. Акрамя таго, разам са сваімі сябрамі любіць парыбачыць.

А вось малодшую дачушку Эльвіру, якой у снежні споўнілася пяць гадоў, усе атуляюць асаблівай любоўю і пяшчотай.

— Хоць Эля яшчэ наведвае дзіцячы сад, яна любіць паказаць свой характар, — смяецца матуля. — Яна ў нас баявая дзяўчынка!

Дом, дзе жывуць матуля з дзецьмі, летам патанае ў квецені — усюды заўважная руплівая праца маладой гаспадыні і яе актыўных памочнікаў. Калегі і аднавяскоўцы Вікторыі Аляксандраўны не перастаюць захапляцца няспыннай працоўнай энергіяй, пазітывам і добразычлівасцю гэтай жанчыны. Насуперак усім жыццёвым выпрабаванням яна смела ідзе наперад. І вялікі аб’ём работы выконвае, і з хатнімі клопатамі спраўляецца.

— Маёй крыніцай энергіі з’яўляюцца дарагія дзеткі. Менавіта яны дораць мне зарад бадзёрасці, новых сіл і выдатнага настрою. Яны ўвесь час нагадваюць пра тое, што жыццё працягваецца і ні ў якім выпадку нельга страчваць аптымізм, — шчыра прызнаецца Вікторыя Перагудзіна, і ў гэтых словах — асаблівая мудрасць.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ
Фота з сямейнага архіва

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю