Top.Mail.Ru

Запрошаныя на галоўную ёлку краіны падзяліліся сваімі ўражаннямі

«Самы лепшы падарунак на Новы год»


Грандыёзнае навагодняе прадстаўленне ў Палацы Рэспублікі нікога не пакінула абыякавым. Госці свята, якія прыбылі з розных рэгіёнаў краіны, адразу трапілі ў атмасферу сапраўднага чараўніцтва. Да пачатку спектакля дзяцей чакалі роставыя лялькі, фотазоны, новыя знаёмствы і сотні яркіх здымкаў. А затым юныя гледачы цалкам акунуліся ў казку: суперажывалі героям, радаваліся і засмучаліся разам з імі. Цікавы сюжэт, меладычныя песні і дынамічныя танцы ў спалучэнні з яркімі дэкарацыямі і ўражлівымі спецэфектамі прыйшліся па душы хлопчыкам і дзяўчынкам. Пасля заканчэння прадстаўлення яны дзяліліся эмоцыямі, імкнучыся падоўжыць чароўныя імгненні.

Вучань асіповіцкай сярэдняй школы № 5 імя Ф. А. Крыловіча Яраслаў Масленчанка з гонарам расказвае пра сваю радзіму: «Гэта развіты горад, які славіцца сваёй чыгункай. І мне вельмі падабаецца жыць у ім».


Малады чалавек прызнаўся, што трапіць у Палац Рэспублікі на навагодняе мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы для яго самая вялікая ўзнагарода. «Мы стараемся добра вучыцца ў школе. А яшчэ я ўдзельнічаю ў конкурсах чытальнікаў і іншых культурна-масавых мерапрыемствах, наведваю мясцовы цэнтр творчасці, займаюся ў тэатральным гуртку, — падзяліўся хлопчык. — А калі даведаўся, што паеду ў Мінск, я не паверыў у гэта. Падумаў, што, можа, мяне з кімсьці пераблыталі. А потым, калі ўбачыў у загадзе сваё прозвішча, вельмі ўзрадаваўся, адразу патэлефанаваў бацькам і падзяліўся добрай навіной. Мама з татам таксама ўзрадаваліся. Затым я стаў адлічваць дні да гэтай найважнейшай падзеі, чакаў, калі яна, нарэшце, адбудзецца. Гэта самы лепшы падарунак на Новы год, па-іншаму і не скажаш». 

Больш за ўсё ад казачнага мерапрыемства, дадаў Яраслаў, ён чакаў сустрэчу з Прэзідэнтам краіны, а таксама цудоўнае навагодняе прадстаўленне, якое падрыхтавалі ў Палацы Рэспублікі. «Мне вельмі хацелася акунуцца ў гэты свет навагодняй казкі, і я шчаслівы», — адзначыў ён.

У будучыні Яраслаў хоча звязаць сваё жыццё з журналістыкай. «Мне вельмі падабаецца прафесія журналіста, калі да мяне падыходзяць, задаюць пытанні, бяруць інтэрв’ю. Гэта заўсёды вельмі цікава і хвалююча! — падзяліўся школьнік. — Я лічу, што гэта вельмі патрэбная прафесія ў наш час».

Вучань сярэдняй школы № 1 горада Паставы Уладзіслаў Якубовіч выдатна вучыцца, удзельнічае і перамагае ў алімпіядах па матэматыцы і фізіцы. «Акрамя таго, займаюся прафесійным плаваннем, рэгулярна наведваю наш мясцовы басейн», — расказаў хлопец.


Паводле слоў Уладзіслава, такія яркія мерапрыемствы сапраўды вельмі важныя. «Яны не толькі надаюць навагодні настрой, але і дазваляюць кожнаму дзіцяці паглыбіцца ў свет цудоўнай навагодняй казкі», — падагульніў ён. 

Для вучаніцы гімназіі № 1 горада Брэста Валянціны Дзярабінай трапіць у такое знакавае і прыгожае месца — вельмі пачэсна. «Я добра вучуся, таму і была запрошана ў Палац Рэспублікі на гэта святочнае прадстаўленне. На працягу некалькіх гадоў я перамагала ў раённых алімпіядах па рускай мове, а таксама ў абласных конкурсах чытальнікаў. Акрамя таго, займаюся тэатральным мастацтвам і танцамі. І мне гэта вельмі падабаецца», — паведаміла школьніца.


Валянціна прызналася, што ў Мінску да гэтага ўжо бывала не раз, але трапіць у Палац Рэспублікі, тым больш з такой важнай нагоды для яе, — вельмі хвалююча. «Больш за ўсё я хацела не толькі ўбачыць, але і пачуць кіраўніка нашай дзяржавы. Ды і ў цэлым, як я і чакала, было вельмі цікавае, яркае і запамінальнае прадстаўленне, якое нікога не пакінула абыякавым. Я запомню гэты казачны дзень на ўсё сваё жыццё», — падагульніла яна.

Вучань гімназіі № 5 горада Віцебска Уладзіслаў Гарбуноў трапіў у Палац Рэспублікі таксама за добрую вучобу. «Я, можна сказаць, выдатнік. Мой сярэдні бал на сёння складае прыкладна 9,1. Акрамя таго, я рэгулярна ўдзельнічаю ў самых розных мерапрыемствах. Зусім нядаўна, напрыклад, заняў першае месца ў конкурсе „Разумнікі і разумніцы“. Таксама бяру ўдзел у алімпіядах па беларускай і англійскай мовах, а яшчэ займаюся ў секцыі па боксе. Лічу, што ўмець пастаяць за сябе і сваіх блізкіх — вельмі важна для кожнага мужчыны», — адзначыў Уладзіслаў.


Чаканні ад свята, паводле слоў школьніка, былі самыя хвалюючыя. «Усё прайшло выдатна, мы ўсе змаглі акунуцца ў свет чароўнай навагодняй казкі. Але самае цікавае і важнае для мяне было ўбачыць нашага Прэзідэнта. Убачыць кіраўніка дзяржавы не па тэлевізары, а на свае вочы, паслухаць, што ён нам скажа, — найлепшы падарунак на Новы год», — сказаў ён. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю