Розныя бываюць дачнікі. Адны пераязджаюць у вёскі, шчыруюць на лецішчах з клопатам пра чыстую прадукцыю для сябе і родных, другія — нават могучы яе купіць — усё роўна «садзяць бульбу», трэцім — проста цікава ўкінуць у зямлю нейкае насенне...
У нас, мусіць, якраз такія дом сабе прыкупілі. Як выглядала — з намерам адпачываць, бо першае, што зрабілі, гэта абгарадзіліся ледзь не з усіх бакоў. Прычым не якісьці там плот ці штыкетнік паставілі (няхай з металапрофілю), а ці не твор мастацтва: кованы, з рознымі завіткамі, з вострымі пікамі... Як каля царквы. А вароты — дык яшчэ і прыгажэйшыя!
Не так часта, але ж яны адмыкаліся і расчыняліся, новыя гаспадары ды госці на машынах сваіх заязджалі, вешалі гамакі, уключалі музыку, выцягвалі мангалы... Дымок ды пах гатовых шашлыкоў далёка разносіўся... Іхнім жанчынам заставалася хіба закускі раскласці ды зяленіва намыць, што з сабою прывезлі.
«А чаму б свайго не пасеяць — салаты якой ці пятрушкі? Ну, каб тут жа, з градкі, сарваць і на стол. А калі яшчэ і агуркоў з памідорамі, пахкага кропу ды бульбы маладой накапаць...»
Не ведаю, хто канкрэтна агучыў гэту ідэю, але ж усе ў кампаніі яе падтрымалі. Заставалася хіба «драбяза» — сабрацца з сіламі ды неяк спраўдзіць.
Сур’ёзныя людзі, як і варта было чакаць, да справы падышлі сур’ёзна: адразу купілі мотаблок (не да твару ж, маўляў, некаму з тутэйшых кланяцца) і ўвесь інструмент. Затым дачакаліся вясны, а ўбачылі, што вяскоўцы нешта садзяць ды сеюць, і самі не адсталі. Мотаблок завялі, плуг у зямлю, а ён — каб з месца! Задзірванеў былы агарод, мусіць, больш, чым цаліна ў Казахстане! Ды і мотаблок не раўня нават дрэннаму трактару. Конскіх сіл малавата.
Значыць, трэба адступіць?
Нехта мо так і зрабіў бы. Нашы пасяленцы — не: яны вырашылі... джыпам агарод узараць... І неяк жа запрэглі!..
Суседзям было на што падзівіцца, з чаго пасмяяцца! Было і чаму парадавацца, бо «наезджыя» пасадзілі-такі добрую сотку бульбы, разбілі дзве градкі, нечага там насеялі і, хоць не царская гэта справа, нават палолі-даглядалі (іхнія жанчыны, падобна, ручкі бераглі, баяліся пазногці зламаць).
Казалі, што ўраджай на тым агародзе нядрэнны вырас, але ж сёлета мужчыны, мусіць, іншую забаву сабе знайшлі: куды радзей прыязджалі.
Што да зямлі, то яна ж і сапраўды «не зменіць і не здрадзіць»: яна пачакае. І плуг не саржавее. І ўменне джып запрагаць, дасць бог, не страціцца.
Засталося дачакацца вясны.
С. Вароніна
Быхаўскі раён