Урачыстае закрыццё XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе сёння ў Летнім амфітэатры. Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюць гасцей маштабнага форуму, паведамляе БелТА.
Чуллівую казку без слоў «Дзюймовачка» па матывах твора Ганса Хрысціяна Андэрсена пакажуць у Беларускім тэатры «Лялька». Вядомая кожнаму дзіцяці гісторыя пра малышку, якая трапляла ў розныя складаныя сітуацыі, для дарослых пакажацца не простай чарадзейнай выдумкай, а аповесцю аб прыняцці, спробе адпавядаць чужым уяўленням і ўпісацца ў свет, дзе цябе не разумеюць. Псіхалагічны падтэкст пастаноўкі ўзмацняецца тым, што ў спектаклі не вымаўляецца ні адной фразы і ўсе перажыванні герояў бачны праз учынкі і адносіны да іншых. Віцебскія лялечнікі запрашаюць у тэатр у 11.00 і 13.00.

Журы XXXIV Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск» адкажа на пытанні журналістаў на прэс-канферэнцыі ў 11.00.
У музеі-сядзібе Ільі Рэпіна «Здраўнёва» ў 12.00 правядуць прэзентацыю выставы «Крэмлі і святыні».
На плошчу Свабоды ў 13.00 запрашаюць усіх жадаючых паглядзець на выступленне ўдзельнікаў V абласнога свята-конкурсу «Модны дывертысмент».
Расійскі спявак Сяргей Любавін выступіць у канцэртнай зале «Віцебск» у 16.00. Разам з ім у праграме прымуць удзел артысткі Кацярына Галіцына, Вікторыя Алешка, Ганна Благава.
Фінал акцыі МУС «За бяспеку — разам!» збярэ актыўных жыхароў і гасцей Віцебска на плошчы Перамогі. У гэтым годзе ў інтэрактыўным мерапрыемстве можна выйграць горны веласіпед.
У рамках дзён Саюзнай дзяржавы ў абласной філармоніі запланаваны праект «Галасы нашых душ». На сцэне выступяць хор Стрэчанскага манастыра і Мітрапаліцкі хор Мінска. Духоўныя і эстрадныя песні можна будзе пачуць у 18.00.

Маскоўскі драматычны тэатр «Сфера» прадставіць у фестывальнай сталіцы спектакль «Раскас» па матывах апавяданняў Васіля Шукшына. Гісторыі, аб’яднаныя тэмай кахання, артысты раскажуць і пакажуць у 18.00 у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа.
Урачыстае закрыццё фестывалю, які 34-ы раз збірае ў Віцебску творчых людзей з розных краін, адбудзецца ў 20.30 на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы — у Летнім амфітэатры. Таксама гледачы сустрэнуцца з удзельнікамі конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Вакалісты выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні аркестра. Па выніку першага конкурснага дня лідзіруе прадстаўнік Італіі — Даменіка Барбера, які атрымаў вышэйшую адзнаку журы — 70 балаў. Канкурсанты з Казахстана (Алмагуль Баталіева) і Арменіі (Давід Кіракасян) дзеляць другое месца з 68 баламі. Чацвёрку лідараў замыкае беларуска Лера Бернатовіч — у яе 67 балаў. Вечарам вырашыцца, хто ж з удзельнікаў заваюе Гран-пры.