Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Качанавай Н. І. на адкрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання.
Паважаныя вышэйшыя службовыя асобы, члены Савета Рэспублікі, запрошаныя і журналісты!
Сёння пачынае работу чацвёртая сесія Савета Рэспублікі восьмага склікання.
Бягучая сітуацыя ў свеце характарызуецца абвастрэннем геапалітычных супярэчнасцей паміж асобнымі дзяржавамі, «рэнесансам пратэкцыянізму» ў сусветнай эканоміцы, неабгрунтаваным ростам санкцыйнага ціску.
У такіх умовах асаблівае значэнне набывае кансалідацыя сіл дзеля міру і забеспячэння глабальнай бяспекі.

Зусім нядаўна адбылася найважнейшая для ўсяго чалавецтва, адна з самых маштабных палітычных падзей сучаснасці, якая аб’яднала паўсвету, — саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў кітайскім Цяньцзіне, у якім прынялі ўдзел лідары больш як 20 краін і 8 міжнародных арганізацый. Беларусь упершыню выступала як паўнапраўны ўдзельнік гэтага міжнароднага аб’яднання.
Наш Прэзідэнт, глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, у сваім выступленні сфармуляваў пяць прыярытэтаў для «сям’і ШАС» — шматбаковасць, бяспека, устойлівае развіццё як аснова стабільнасці ў рэгіёне, харчовая бяспека, індустрыяльнае і навуковае развіццё.
Няма сумненняў, што шматлікія сустрэчы ў рамках гэтага візіту з замежнымі лідарамі, дзелавымі коламі Кітая нададуць дадатковы імпульс развіццю ўзаемавыгадных адносін нашай краіны з іншымі дзяржавамі. У сувязі з гэтым ключавая задача парламентарыяў — забяспечыць заканадаўчую і палітычную падтрымку гэтым дамоўленасцям, замацаваць дасягнутыя вынікі ў прававых актах, а таксама садзейнічаць рэалізацыі сумесных праектаў на міждзяржаўным і міжпарламенцкім узроўнях.
Бягучая сесія, якая звязвае адыходзячую пяцігодку з новай, з’яўляецца адказнай і змястоўнай.
Гэта пераходны этап, на якім важна не толькі падвесці вынікі праведзенай работы, але і закласці трывалы прававы фундамент для будучага развіцця. Менавіта зараз неабходна максімальна ўзважана падыходзіць да кожнага законапраекта, улічваючы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў, пазбягаючы фармалізму. Толькі так можна забяспечыць пераемнасць, устойлівасць і эфектыўнасць заканадаўчай базы, якая адпавядае інтарэсам грамадства і выклікам часу.
Гэтыя пасылы трэба ўлічваць пры рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігадовы перыяд, праект якой у адпаведнасці з Канстытуцыяй будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе.
Наша зона адказнасці ў гэтай рабоце — перш за ўсё ўдасканаленне заканадаўства з улікам нацыянальных інтарэсаў, канкрэтных запытаў насельніцтва і мэтавых задач, сфармуляваных Прэзідэнтам краіны.
Паспяховы старт новай пяцігодкі ў многім залежыць ад збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, эфектыўнасці іх расходавання. Неабходна з асаблівай дбайнасцю падысці да разгляду адпаведнага законапраекта і карэкціроўкі Падатковага кодэкса.
Асноўныя прыярытэты бюджэтнай палітыкі застаюцца нязменнымі: фінансаванне ў поўным аб’ёме сацыяльных праграм, рост заробкаў, устойлівае развіццё рэгіёнаў, своечасовае абслугоўванне дзяржаўнага доўгу.
Пакет прагнозных і бюджэтных дакументаў на наступны год быў разгледжаны на пасяджэнні экспертнага савета. Наша пазіцыя накіравана Кіраўніку дзяржавы.
Разам з тым я прашу ўсіх членаў Савета Рэспублікі працягнуць работу над праектам бюджэту. Уносьце абгрунтаваныя прапановы, абапіраючыся на запыты сваіх рэгіёнаў. Каардынацыя — за Пастаяннай камісіяй па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
Для выканання задач па забеспячэнні экалагічнай бяспекі краіны нам трэба будзе разгледзець цэлы блок законапраектаў, якія датычацца прыродаахоўнай дзейнасці.
Будуць урэгуляваны пытанні рэкультывацыі зямель, пашкоджаных пры здабычы карысных выкапняў, ухілены іншыя прабелы прававога рэгулявання ў сферы нетракарыстання.
У міжсесійны перыяд у Парламент унесены новая рэдакцыя Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь і праект новага закона «Аб пітным водазабеспячэнні і водаадвядзенні (каналізацыі)».
Вада — адзін з найкаштоўнейшых рэсурсаў Беларусі, выкарыстоўваць які трэба беражліва і рацыянальна. Мы ведаем, наколькі важныя сёння пытанні стабільнага і якаснага водазабеспячэння насельніцтва ў рэгіёнах. Для іх вырашэння Парламент павінен сфарміраваць неабходныя прававыя перадумовы, забяспечыць сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы водакарыстання.
У ходзе нядаўняй сустрэчы з работнікамі Нацыянальнага банка і банкаўскай сістэмы Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на неабходнасці павышэння прававой абароны грамадзян у сферы крэдытных адносін. Гэта задача ў тым ліку і для парламентарыяў. Пры разглядзе законапраекта аб парадку прадастаўлення пазык неабходна ў поўнай меры яе рэалізаваць.
Прашу калег—членаў Савета Рэспублікі падключыцца да работы над праектам Кодэкса аб ахове здароўя. Палажэнні Кодэкса павінны працаваць на павышэнне якасці аказання медыцынскай дапамогі, упарадкаванне стандартаў і патрабаванняў, дазваляць медыцынскім работнікам і пацыентам лепш арыентавацца ў сваіх правах і абавязках.
У партфелі членаў Савета Рэспублікі таксама знаходзяцца законапраекты, накіраваныя на ўдасканаленне законаў аб энергазберажэнні, дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання.
Важна, каб у цэнтры нарматворчага працэсу заўсёды заставаліся нацыянальныя інтарэсы і надзённыя праблемы і запатрабаванні грамадзян. За кожным радком заканадаўчага акта мы павінны бачыць чалавека.
Пастаянным камісіям неабходна выкарыстоўваць розныя формы работы — на сістэмнай аснове праводзіць выязныя пасяджэнні, круглыя сталы, на якіх з удзелам шырокага кола зацікаўленых абмяркоўваць прававыя навелы, ажыццяўляць маніторынг рэалізацыі законаў на практыцы.
Паважаныя калегі!
У сучасным турбулентным свеце асаблівае значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі, устойлівага развіцця эканомікі, прасоўвання дзяржаўных інтарэсаў набывае ўмацаванне міжнародных сувязей.
Наш Прэзідэнт, які валодае неверагоднай палітычнай інтуіцыяй і вялікім палітычным вопытам, на сваім прыкладзе паказвае, як трэба выбудоўваць адносіны з краінамі, якія нацэлены канструктыўна супрацоўнічаць з Рэспублікай Беларусь.
Кіраўнік дзяржавы абсалютна дакладна вызначыў, што павінна ляжаць у аснове міжнародных адносін, — гэта сапраўдная шматбаковасць і раўнапраўнае партнёрства.
І патэнцыял узаемадзеяння Беларусі з асобнымі краінамі, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы, застаецца значным.
Нядаўнія сустрэчы са спецпасланнікамі прэзідэнта ЗША, тэлефонная размова з Дональдам Трампам і яго цёплы ліст, зняцце санкцый з авіякампаніі «Белавія» — станоўчыя сігналы да нармалізацыі двухбаковых адносін, якія ствараюць аснову для развіцця дыялогу і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Інструментарый для папулярызацыі знешнепалітычных і эканамічных інтарэсаў Беларусі ў нашага Парламента шырокі — у восьмым скліканні сфарміравана 10 дэлегацый для работы ў міжнародных парламенцкіх арганізацыях, 6 міжпарламенцкіх камісій і камітэтаў, у тым ліку высокага ўзроўню, 42 краінавыя рабочыя групы.
Прашу членаў Савета Рэспублікі, якія з’яўляюцца кіраўнікамі груп дружбы з Азербайджанам, Зімбабвэ, Індыяй, Казахстанам, Кеніяй, Кыргызстанам, Манголіяй, Сербіяй, Туркменістанам, Узбекістанам актывізаваць работу на гэтых пляцоўках.
Умацаванне поўнафарматных сувязей будзе прадоўжана па лініі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў—удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы.
Зараз мы рыхтуемся да пасяджэння Савета Міжпарламенцкай асамблеі Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое адбудзецца ў Душанбэ.
Значна пашырэла прысутнасць Нацыянальнага сходу ў міждзяржаўных парламенцкіх аб’яднаннях. Гэта пацвярджае атрыманы намі статус наглядальніка ў Панафрыканскім парламенце, у Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Прапрацоўваецца пытанне аб атрыманні такога статута ў Арабскім парламенце.
У чэрвені гэтага года ў Ніжнім Ноўгарадзе адбыўся XII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які быў прысвечаны моладзі. Гэтае мерапрыемства, якое праводзіцца сумесна з Саветам Федэрацыі, даўно зарэкамендавала сябе як важная пляцоўка для ўмацавання міжпарламенцкіх сувязей і рэалізацыі сумесных праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы.
У бліжэйшы час пройдзе чарговае пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, на якім, як мы дамовіліся з паважанай Валянцінай Іванаўнай Матвіенкай, будуць падведзены прамежкавыя вынікі рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у рамках Форума.
Неабходна выкарыстоўваць сустрэчу з расійскімі калегамі і для таго, каб абмеркаваць асноўную тэму наступнага ХІІІ Форуму рэгіёнаў, які плануецца правесці ў чэрвені 2026 года ў Мінску і Мінскай вобласці.
Ужо сёння трэба пачынаць яго падрыхтоўку. У сувязі з гэтым, паважаныя калегі, пачынайце прапрацоўваць камерцыйныя кантракты і пагадненні аб супрацоўніцтве, якія будуць заключацца ў рамках гэтага важнага Форума.
Асаблівае значэнне для нашай краіны мае рэалізацыя міждзяржаўных дамоўленасцей з Кітайскай Народнай Рэспублікай, адносіны з якой маюць характар усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства.
У гэтым годзе ў рамках візіту ў нашу краіну дэлегацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з намеснікам Старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Цінвэем мы правялі другое пасяджэнне Камітэта высокага ўзроўню па супрацоўніцтве паміж заканадаўчымі органамі Беларусі і Кітая. Разгледзелі пытанні дзяржаўнага кіравання, гандлёва-эканамічнага і навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння, маладзёжны парадак дня.
З улікам высокай дынамікі кантактаў і дамоўленасцей паміж Беларуссю і Кітаем на вышэйшым і высокім узроўнях неабходна ўжо зараз сумесна з профільнымі дзяржаўнымі органамі ўважліва прапрацоўваць парадак дня трэцяга пасяджэння камітэта.
У пачатку верасня адбыўся візіт у Беларусь парламенцкай дэлегацыі з Узбекістана на чале са Старшынёй Сената Олій Мажліса Танзілай Камалаўнай Нарбаевай.
У Віцебску прайшла сустрэча парламенцкіх дэлегацый, на якой разгледжана шырокае кола пытанняў: гандлёва-эканамічнае і гуманітарнае супрацоўніцтва, міжпарламенцкі дыялог, рэалізацыя сумесных ініцыятыў, у тым ліку правядзенне форумаў, міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне.
Мы дамовіліся прадоўжыць сумесную работу па ўсіх названых напрамках, а таксама адзначылі важнасць безумоўнага выканання дасягнутых дамоўленасцей, дасягнутых на вышэйшым і высокім узроўнях. У мэтах рэалізацыі гэтай задачы верхнімі палатамі парламентаў Беларусі і Узбекістана створана Міжпарламенцкая камісія па супрацоўніцтве, першае пасяджэнне якой прайшло 3 верасня.
У рамках візіту адбыўся трэці беларуска-узбекскі жаночы бізнес-форум. Па яго выніках падпісана 30 камерцыйных дакументаў на 261 мільён беларускіх рублёў і 18 двухбаковых пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Упершыню прайшла сустрэча кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання Беларусі і Узбекістана. Арганізаваны пасяджэнне Беларуска-Узбекскага дзелавога савета, сустрэча моладзі дзвюх краін з удзелам членаў Маладзёжнага савета, круглы стол прадстаўнікоў жаночых грамадскіх арганізацый.
Усё гэта пацвярджае высокі ўзровень узаемадзеяння членаў Савета Рэспублікі з калегамі з Сената Олій Мажліса Узбекістана.
Сістэмная работа праводзіцца Саветам Рэспублікі па дасягненню Мэт устойлівага развіцця. Мерапрыемствы ў Нью-Йорку і Жэневе паспяхова выкарыстаны для інфармавання міжнароднай грамадскасці аб дасягненнях нашай краіны ў гэтай сферы. Кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з падыходамі па прадаўжэнні гэтай работы.
Мы выбудоўваем міжпарламенцкі дыялог як з традыцыйнымі партнёрамі, так і краінамі далёкай дугі, Глабальнага Поўдня.
Ужо накіраваны запрашэнні наведаць Беларусь замежным парламентам Зімбабвэ, Інданезіі, Катара, Кеніі, Нігерыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана, Сербіі, Уганды, Панафрыканскаму і Лацінаамерыканскаму парламентам. Трэба актывізаваць работу па арганізацыі гэтых візітаў.
У кантэксце рашэння гэтай і іншых задач важна падтрымліваць цесную сувязь з Міністэрствам замежных спраў і беларускімі замежнымі ўстановамі для забеспячэння ўстойлівага развіцця нашай краіны.
Пераканаўча прашу ўсіх членаў Савета Рэспублікі — на міжпарламенцкіх пляцоўках, у ходзе замежных камандзіровак, патрабаванні да эфектыўнасці якіх будуць толькі павышацца, — актыўна трансліруйце ідэі аб кансалідацыі намаганняў парламентарыяў для вырашэння глабальных задач, прасоўвайце міралюбівы імідж Беларусі.
Наш святы абавязак — даносіць пазіцыю Беларусі як адказнага і канструктыўнага ўдзельніка міжнароднага дыялогу. Кожная сустрэча, кожнае выступленне, кожны кантакт павінны працаваць у інтарэсах краіны, на ўмацаванне яе эканомікі. Такая палітыка малых крокаў даўно пацвердзіла сваю неабходнасць.

Паважаныя калегі!
Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва з’яўляецца правадніком дзяржаўнай палітыкі і рашэнняў Прэзідэнта, Урада, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян у рэгіёнах.
Тым больш што многія актуальныя пытанні рэгіянальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця знаходзяцца ў непасрэднай кампетэнцыі дэпутацкага корпуса на месцах.
Для пастаяннай каардынацыі работы дэпутатаў у рэгіёнах функцыянуе Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання. Гэта ўнікальная дыялогавая пляцоўка, на якую, акрамя прадстаўнікоў мясцовай улады, мы запрашаем экспертаў, практыкаў, кіраўнікоў профільных арганізацый.
У бліжэйшы час у рамках чарговага пасяджэння Савета плануем комплексна абмеркаваць пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паколькі найбольшая колькасць зваротаў паступае да нас менавіта па гэтай тэме.
Капітальны і бягучы рамонт жылога фонду, якаснае водазабеспячэнне, перапрацоўка адходаў, добраўпарадкаванне — сур’ёзныя напрамкі работы, якія патрабуюць сістэмнага падыходу.
Прашу членаў Савета Рэспублікі прадставіць у профільную Пастаянную камісію праблемныя пытанні вашых рэгіёнаў, якія датычацца жыллёва-камунальнай сферы, для абмеркавання на маючым адбыцца пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі самакіравання.
Наша задача па выніках гэтага мерапрыемства — сфармуляваць канкрэтныя прапановы для Урада, мясцовых органаў улады па павышэнню якасці абслугоўвання ў сферы ЖКГ.
Збалансаваная рэгіянальная палітыка з’яўляецца адным з ключавых нацыянальных прыярытэтаў, што вызначана нашым Прэзідэнтам і Усебеларускім народным сходам.
Раўнамернае і ўстойлівае развіццё рэгіёнаў — найважнейшы напрамак работы для ўсіх органаў улады.
Кіраўнік дзяржавы неаднаразова акцэнтаваў увагу на тым, што падыход да аптымізацыі сацыяльна значных аб’ектаў у рэгіёнах павінен быць разумным, зыходзячы з інтарэсаў людзей.
Гэта датычыцца ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, гандлёвых аб’ектаў, у цэлым сацыяльнай інфраструктуры.
Да пачатку новай пяцігодкі ўсе праблемныя пытанні ў частцы гандлёвага або медыцынскага абслугоўвання, перш за ўсё ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, павінны быць урэгуляваны. Такое даручэнне дадзена Кіраўніком дзяржавы.
Ключавая задача для членаў Савета Рэспублікі, усяго дэпутацкага корпуса і перш за ўсё старшынь сельскіх Саветаў — пастаянны маніторынг сітуацыі на месцах, аператыўнае рэагаванне на праблемы, якія ўзнімаюць грамадзяне.
Мы павінны ведаць, чым жыве нават самая маленькая вёска, дзе засталося ўсяго некалькі жыхароў. Ствараць умовы для іх камфортнага жыцця мы абавязаны. Прэзідэнт гаворыць: «Без развіцця вёскі краіны не будзе. Мы — славяне — людзі калектыўныя па сваім духу, па менталітэце. Сяло — гэта аснова».
Актуальныя пытанні, якія хвалююць насельніцтва, абмяркоўваліся і на сустрэчы са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей з удзелам кіраўніцтва Генеральнай пракуратуры, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства адукацыі, Белкаапсаюза, якая адбылася ў ліпені бягучага года ў Зэльве.
24 верасня аналагічная сустрэча пройдзе з дэпутацкім корпусам Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей. На яе запрошаны кіраўнікі дзяржаўных органаў, якія рэгулююць сферы, у якіх ёсць вялікая колькасць пытанняў, што хвалююць нашых грамадзян.
Такі фармат дыялогу — гэта крыніца каштоўнай інфармацыі, новых прапаноў і ідэй, што з’яўляецца добрай дапамогай у заканадаўчай дзейнасці.
Хачу адзначыць, што выпрацоўваць рашэнні з улікам пазіцый экспертнай супольнасці — гэта адно з базавых правілаў Савета Рэспублікі.
Пры Савеце Рэспублікі дзейнічае экспертны савет, створаны па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, які даказаў сваю эфектыўнасць. Мы прадметна вывучаем кожны праект нарматыўнага прававога акта, што паступае да нас на разгляд.
У якасці дарадчай пляцоўкі для абмеркавання перспектыўных пытанняў эканомікі і сацыяльнай сферы добра зарэкамендаваў сябе экспертна-кансультатыўны савет. У найбліжэйшы час на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мы правядзём яго чарговае пасяджэнне на тэму штучнага інтэлекту, запрасіўшы шырокае кола спецыялістаў.
З улікам зваротаў грамадзян плануем сёлета абмеркаваць і пытанні спадчынных генетычных захворванняў.

Паважаныя калегі!
У сучасных рэаліях каштоўнасць клопату дзяржавы аб кожным чалавеку шматразова ўзрастае.
Асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі, грамадзянамі па месцы жыхарства, разгляд зваротаў з выездам на месцы, удзел у рабоце грамадскіх прыёмных, выступленні ў складзе інфармацыйных груп, на дыялогавых і медыйных пляцоўках — усё гэта ў сукупнасці дазваляе членам Савета Рэспублікі адчуваць пульс грамадства, спрыяць росту якасці жыцця насельніцтва.
Да членаў Савета Рэспублікі паступае дастаткова шмат вусных і пісьмовых зваротаў. Па выніках 8 месяцаў іх ужо звыш 5 тысяч, што на 9 працэнтаў больш чым за аналагічны перыяд летась.
Будуць прадоўжаны адзіныя дні прыёму грамадзян, якія добра зарэкамендавалі сябе. У ліпені чарговы такі прыём з ахопам усіх раёнаў прайшоў у Гомельскай вобласці, вынікі якога разгледзелі на выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі.
Кожны жыхар, не выязджаючы за межы свайго рэгіёна, павінен мець магчымасць звярнуцца непасрэдна да прадстаўніка вышэйшага заканадаўчага органа. Як паказала практыка, такія мерапрыемствы садзейнічаюць актывізацыі дзейнасці мясцовых органаў улады.
Работа са зваротамі грамадзян дае магчымасць своечасова вызначаць найбольш актуальныя праблемы і знаходзіць іх узважаныя рашэнні. Многія тэмы становяцца прадметам для абмеркавання пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў.
Паважаныя калегі!
Як адзначыў Прэзідэнт краіны, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка: наступная пяцігодка — час маладых. Нашая моладзь не толькі актыўна ўцягнута ў грамадска-палітычныя працэсы, але і сама ініцыіруе цікавыя ідэі і прапановы.
Таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць узаемадзеянню з моладдзю, правядзенню сустрэч з навучэнцамі школ, гімназій, каледжаў, вышэйшых навучальных устаноў.
5 гадоў таму пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь быў створаны Маладзёжны савет і для многіх дзяржаўных органаў гэта паслужыла прыкладам. Сёння маладзёжныя саветы ствараюцца пры міністэрствах і ведамствах. Яны функцыянуюць практычна ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
У новым фармаце з сакавіка бягучага года працуе Маладзёжны савет пры Савеце Рэспублікі.
Яго прадстаўнікі — пастаянныя ўдзельнікі практычна ўсіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца Саветам Рэспублікі. Сумеснымі намаганнямі рэалізаваны шэраг праектаў па захаванні гістарычнай памяці, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, папулярызацыі здаровага ладу жыцця сярод моладзі, павышэнні яе прававой граматнасці.
У ліпені 2025 года ў Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне Маладзёжнага савета. Яго ўдзельнікі выступілі з шэрагам прапаноў па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, удасканаленні працоўных адносін, стымуляванні моладзі да прадпрымальніцкай дзейнасці.
Ні адна з пералічаных ініцыятыў не засталася без нашай увагі. Прашу пастаянныя камісіі больш актыўна ўзаемадзейнічаць з хлопцамі і дзяўчатамі і абмяркоўваць на сваіх пасяджэннях іх прапановы.
Маладзёжны савет актыўна працуе на міжнародным трэку, развіваючы адносіны з калегамі з Расіі, Узбекістана, Кыргызстана, Азербайджана, Егіпта, Венесуэлы, Палесціны, Рэспублікі Сербскай, Рэспублікі Куба і іншых краін.
У кастрычніку ў Мінску адбудзецца выязное пасяджэнне Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў—удзельніц краін СНД, прымеркаванае да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Сімвалічна, што яно пройдзе ў нас, у Беларусі, якая перажыла цяжкія выпрабаванні ў гады вайны.
Для развіцця сяброўскіх адносін паміж моладдзю розных краін рэалізуюцца сумесныя ініцыятывы.
Сёлета чацвёрты раз адбыўся праект «Цягнік Памяці», у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі пятнаццаці былых рэспублік Савецкага Саюза. Выдатна, што мерапрыемства з кожным годам пашырае сваю геаграфію.
У бліжэйшы час плануецца сустрэча з хлопцамі з беларускімі ўдзельнікамі гэтага праекта.
У ліпені бягучага года ўпершыню ў нашай краіне адбыўся дзясяты форум «Дзеці Садружнасці», у рамках якога 80 школьнікаў з 8 краін знаёміліся з гісторыяй, культурай і нацыянальнымі традыцыямі адна адной.
Па водгуках замежных калег, форум прайшоў на вельмі высокім узроўні, чарговы раз прадэманстраваўшы ўдзельнікам нашу гасціннасць, дружалюбнасць і ветлівасць.
Паважаныя калегі!
Для эфектыўнага вырашэння ўсяго комплексу сацыяльных пытанняў і мэтавых задач Савету Рэспублікі трэба прадаўжаць канструктыўнае ўзаемадзеянне з палітычнымі партыямі і грамадскімі аб’яднаннямі.
Варта адзначыць, што 22 сенатары з’яўляюцца членамі палітычных партый і амаль усе члены Савета Рэспублікі знаходзяцца ў грамадскіх аб’яднаннях, што стварае трывалую аснову для дыялогу з грамадзянскай супольнасцю.
На мінулым тыдні па ініцыятыве Маладзёжнага савета і маладзёжнага крыла грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» праведзены першы Рэспубліканскі маладзёжны жаночы форум «Жаночая энергія для вялікай справы».
На форуме абмяркоўваліся пытанні папулярызацыі традыцыйных каштоўнасцей, умацавання інстытута сям’і і шлюбу, стымулявання дзелавой актыўнасці жанчын.
У кастрычніку мы правядзём штогадовы сямейны форум «Размова аб важным: шчаслівая сям’я — моцная дзяржава».
Нехта можа сказаць, што тэма даўно збітая. Але калі мы не будзем займацца сістэмным выхаваннем моладзі на аснове сямейных і духоўна-маральных каштоўнасцяў, то паверце, гэтую нішу хутка зоймуць тыя, чыя рыторыка дыяметральна супрацьлеглая нашай. Сям’я — гэта люстэрка дзяржавы і ўмацаванне яе статусу — безумоўны нацыянальны прыярытэт.
Мяркую мэтазгодным у далейшым пашырыць геаграфію нашага сямейнага форума і надаць яму статут міжнароднага, запрасіўшы за адзін стол для гутаркі ўдзельнікаў з іншых краін, якія падзяляюць з намі традыцыйныя каштоўнасці і прынцыпы.
Псеўдакультуры, навязанай Захадам і трансляванай праз папулярныя сродкі масавай інфармацыі і даступныя спосабы камунікацыі, мы павінны супрацьстаяць адзіным фронтам. Некаторыя абмежавальныя меры па ўзроставым цэнзе, этычным кантэнце і цэнзуры ў нашай краіне ўжо прыняты. Але важна гэтую працу працягваць на пастаяннай аснове.
Настойліва прашу ўсіх сенатараў актыўна супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі.
СМІ — гэта нашы саюзнікі. Газеты, радыё, тэлебачанне павінны быць не толькі крыніцай інфармацыі, але і трыбунай для вашага меркавання, кампетэнтнага каментарыя і ацэнак таго, што адбываецца ў краіне і свеце. Вы фарміруеце грамадскую думку і дапамагаеце людзям адрозніць праўду ад хлусні. У інфармацыйнае супрацьстаянне сёння ўцягнуты ўсе краіны. І як гаворыць наш Прэзідэнт: «Штылю на гэтым фронце не будзе, мы змагаемся за суверэнітэт і нацыянальную годнасць».
Дзякуючы асвятленню дзейнасці парламентарыяў у сродках масавай інфармацыі, у тым ліку праграме «Сенат», якая выходзіць на тэлеканале «Сталічнае тэлебачанне», умацаваўся імідж сучаснага беларускага парламентарыя як кампетэнтнага прафесіянала, не абыякавага да праблем насельніцтва.
Публічна дэманстраваць канкрэтныя вынікі сваёй працы — гэта нашая справаздача перад людзьмі, якія нам аказалі вялікі давер.

Паважаныя калегі!
Савет Рэспублікі ажыццяўляе сваю дзейнасць у цесным узаемадзеянні з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, мясцовымі органамі ўлады.
Выказваю словы шчырай удзячнасці ўсім кіраўнікам дзяржаўных органаў і арганізацый, іх калектывам за сумесную эфектыўную работу.
Дзякуючы вашаму прафесіяналізму і адказнасці ўдаецца рэалізоўваць маштабныя праекты, аператыўна рэагаваць на сучасныя выклікі.
Разам мы — сіла, здольная пераадолець любыя цяжкасці і адкрыць новыя гарызонты для ўстойлівага развіцця нашай краіны.
Дарагія сябры!
Сімвалічна, што наша сесія пачынае сваю работу напярэдадні дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. У яго аснове — не толькі гістарычная, але і духоўная супольнасць нашага шматнацыянальнага народа.
Беларусь прайшла праз мноства выпрабаванняў, якія пераадолела дзякуючы народнаму адзінству — галоўнай апоры дзяржавы.
Мы жывём у краіне з сучаснымі тэхналогіямі, даступнай медыцынай і якаснай адукацыяй. Забяспечваем сябе харчаваннем і прамысловымі таварамі, будуем жыллё і аб’екты інфраструктуры, працуем і гадуем дзяцей.
Мы не страцілі, а прымножылі ўсё лепшае, што дасталася ў спадчыну ад старэйшых пакаленняў, здолелі пабудаваць суверэнную незалежную дзяржаву і самі вызначаем свой лёс.
Дзень народнага адзінства, які стаў сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці, мае глыбокі сэнс і значэнне. Ён вучыць нас шанаваць бяспеку і тэрытарыяльную цэласнасць. Фарміруе пачуццё датычнасці да лёсу краіны. Бо сапраўдная сіла дзяржавы — у адзінстве яе народа, згуртаванасці і ўзаемнай падтрымцы.
Свята аб’ядноўвае ўсіх, хто любіць сваю Радзіму, паважае яе гісторыю і шматвяковыя традыцыі. Упэўнена, што толькі разам мы зможам рэалізаваць пастаўленыя задачы, забяспечым устойлівае развіццё, абаронім суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Зробім усё, каб беларусы і надалей жылі мірна і з упэўненасцю глядзелі ў будучыню.
Шчыра віншую вас з гэтым цудоўным святам. Жадаю поспехаў, плённай працы на карысць нашага народа і нашай краіны.