Top.Mail.Ru

Закінуў дзед невад... Гэта - у казцы

Не ведаю, як іншыя, а я дык не вельмі люблю размаўляць з жанчынамі, бо ў іх жа — ну, у большасці — дзве тэмы на языках: альбо якія геніяльныя іх дзеці і ўнукі (а чужыя — дык дрэнныя-тупыя), альбо што варылі-купілі... Карацей — нічога цікавага.


Зусім іншая справа — пагутарыць з мужчынамі. У іх размовы нашмат круцейшыя, як спяваў Высоцкі: пра тога ж Уладзіміра Сямёнавіча ды іншых творцаў, пра палітыку, мінуўшчыну, вайсковую службу, машыны, спорт... А ўжо пра паляванне з рыбалкай дык яны ведаюць, здаецца, усё! Могуць расказаць, якая рыба і дзе канкрэтна нерастуе, як адбываецца гэты «працэс»... 

Напярэдадні яго, што цікава, спаважныя самы (вага асобных пад 300 кіло) «будуюць», выкопваюць гняздо. Там іхнія самкі адкладваюць ікру і... сплываюць у невядомым напрамку. Увесь клопат пра будучых дзяцей бяруць на сябе самцы. Менавіта яны (мужчынам бы павучыцца!) тыднямі не ядуць, не п’юць — клапоцяцца пра будучых дзяцей, як зрэнку вока ахоўваюць іх ад розных драпежнікаў.

Ад рыбакоў ахоўваць цяжэй. Ды што там — амаль немагчыма.
...Нашы вось на беразе Дняпра, пад вербамі, столік сабе зрабілі, невялікую печку зварганілі, нават канапу прыцягнулі, якую нехта выкінуў.
Усё там, карацей, для годнага адпачынку. І па рыбу хадзіць зусім не трэба: лешчык паблізу файна клюе. Пад настрой можна юшку зварыць. А ўжо тады размоў... КатЫ і тыя з ваколіц збіраюцца — прыходзяць паслухаць.

Дык вось здаралася (праўда, некалі даўней), што рыбу лавілі па-варварску — з дапамогай толу. Гэта значыць, шашку з запалам у ваду шпурнулі — рванула...

Рыба, глядзіш, усплыла — застаецца сабраць.

Нейкага разу толькі прыступілі — бачаць, з-за павароту Дняпра чэрці нейкую маторку нясуць, і рыбакі ў ёй зусім незнаёмыя. Але ж, мусіць, згледзелі, што рыба плавае, што яна як быццам нічыя — «і ўсе збіраюць», дык чаму б не далучыцца?
А нашы «рыбакі» дзяліць з некім «улоў» зусім не збіраліся: чужынцаў трэ было неяк адагнаць. Пытанне — як?
Пры іх для таго, каб «супакойваць» тую ці іншую рыбіну, булыжнік быў, навязаны на вяроўку. Якраз гэту «прыладу» адзін з мужчын падхапіў ды і пульнуў у той бок, дзе гудзела маторка.

Пасажыры яе падумалі, што ляціць не іначай як тол: з лодкі сіганулі ў ваду, паплылі да берага.

Нашым таксама не да рыбы стала: завялі матор і ходу, праўда, у іншы бок.
І для адных, і для другіх не задалася тая «рыбалка», але ж браканьерыць заракліся не пасля яе, а нашмат пазней. Штрафы спрацавалі. Апошнім часам рыбакі не тое што тол, нават сетку закінуць баяцца. Паціху-памалу на вуды перайшлі: стаяць сабе радком на беразе, ловяць і потым здымаюць — не толькі з кручка, а яшчэ і на фота, каб пахваліцца (хоць дзесяць разоў адным тым сомам ці ўловам). А галоўнае — смела, з задавальненнем, без ніякага страху. Пра яго, перажыты, хіба што ўспаміны — пад юшку, прычым небескарысныя.
Мясцовы бакеншчык, расказвалі, некалі моду меў знянацку падляцець на сваёй маторцы і чужую рыбу ў лодку сабраць. Ведаеце, як адвучылі? Услед яму кавалак гаспадарчага мыла кінулі. Спужаўся, бядак, акурат як тыя чужынцы: выскачыў з лодкі — пабег па вадзе «аки посуху» і пасля вось гэтага больш ніколі на чужое не квапіўся.

Соф’я Кусянкова, Рагачоўскі раён.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю