Top.Mail.Ru

Захаванне тэхналогій і ваенная дысцыпліна

Эксперты аб тым, чаму Прэзідэнт такую ўвагу ўдзяляе развіццю аграпрамысловага комплексу і як выконваюцца задачы, пастаўленыя ім.


Развіццё айчыннага аграрна-прамысловага комплексу знаходзіцца пад пастаяннай пільнай увагай кіраўніка дзяржавы. У гэтай сферы нямала дасягненняў, у краіне выпускаецца шырокая лінейка сельскагаспадарчай тэхнікі, ёсць якасныя ўгнаенні, развіваюцца сучасныя тэхналогіі... Разам з тым нельга адмаўляць, што ў АПК нямала праблем. Але яны не замоўчваюцца, а вырашаюцца пад непасрэдным кантролем Прэзідэнта, пры яго ўдзеле. Пакуль у свеце палаюць канфлікты, на якіх многія не грэбуюць нажыцца, у Беларусі працуюць, каб якаснымі прадуктамі накарміць людзей: і сваіх, і чужых. На сучасных малочнатаварных комплексах (старыя фермы адыходзяць у нябыт) працуюць як сяляне, так і сам Прэзідэнт: правядзенне выязных семінараў-нарад ужо стала добрай традыцыяй у графіку кіраўніка дзяржавы. Нашы эксперты, якія сваімі рукамі стваралі і ствараюць сельскую гаспадарку краіны, кампетэнтна растлумачылі, чаму непасрэдны ўдзел Прэзідэнта ў развіцці АПК — нармальная, а плённая праца, якая дае эфектыўны вынік.

«Без тэхналогій і дысцыпліны дасягнуць поспехаў немагчыма»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, дырэктар ААТ «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» Аляксандр Багель звярнуў увагу на тое, што ўсе рашэнні, якія ў розны час прымаў Прэзідэнт, сведчаць: шлях, па якім ідзе наша краіна, быў выбраны правільна. «Без тэхналогій і дысцыпліны дасягнуць поспехаў у сельскай гаспадарцы складана, нават немагчыма, — лічыць ён. — Калі будзем рабіць усё так, як навука рэкамендуе, зыходзячы са свайго жыццёвага досведу, тады ў нас усё атрымаецца. Пытанні, праблемы патрэбна вырашаць у комплексе, тады будзе эфект».

Александр Багель.jpg

Сельгаспрадпрыемства «Рассвет імя К. П. Арлоўскага» ідзе ў нагу з часам. 

Нядаўна быў пабудаваны сучасны малочнатаварны комплекс, што дазволіла атрымліваць 30 кілаграмаў малака ад каровы за суткі. Пры гэтым, як дадаў Аляксандр Багель, рэзервы яшчэ ёсць. «У прыярытэце, вядома, — людзі, — лічыць ён. — Трэба даваць ім магчымасць і зарабіць, і адпачыць. Адток кадраў на прадпрыемстве мы ўжо спынілі. Спадзяёмся, што павелічэнне заработнай платы паўплывае на прыток кадраў. Многае робіць тэхніка, але без людзей ніяк».

Сенатар заўважыў, што асаблівай увагі патрабуе кармавая база. Па яго словах, без гэтага не будзе выніку і ў іншых кірунках. «І захаванасць жывёлы ў многім залежыць ад таго, якія кармы, — канкрэтызаваў Аляксандр Багель. — У гэтым плане важную ролю іграе збалансаваны рацыён. У нашай гаспадарцы мы перайшлі на бабовыя культуры, у асноўным люцэрну: яна дае больш укосаў, і ўраджайнасць добрая. Мы праводзім лабараторныя даследаванні, каб мець аб’ектыўную карціну збалансаванасці нашых кармоў. Гэта дае свой эфект».

Яшчэ адным немалаважным аспектам у жывёлагадоўлі, па словах члена Савета Рэспублікі, з’яўляецца прафілактыка захворванняў у жывёл. «Наша ветэрынарная служба практычна ўкамплектавана, забяспечваем яе на 100 % патрэбнымі вакцынамі і прэпаратамі, бо без гэтага таксама нельга дабіцца добрага выніку», — рэзюмаваў ён.

«Годныя ўмовы для працы створаны — толькі працуй»

Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Іван Маркевіч, з першых дзён прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка асаблівую ўвагу ўдзяляе сельскай гаспадарцы. «Працуючы ў галіне з 1992 года, я ўвесь гэты час назіраў, як паступова рухалася наперад сельская гаспадарка, — канкрэтызаваў ён. — Безумоўна, на гэта паўплывала і стварэнне аграгарадкоў, і будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці, дзякуючы чаму мы захавалі сельскую гаспадарку, захавалі кадры. Магчыма, дзесьці і ёсць кадравы дэфіцыт, але там, дзе добрыя гаспадаркі — рэнтабельныя, тэхналагічныя, людзі замацаваліся, працуюць і атрымліваюць добры вынік».

Иван Маркевич.jpg

Вынікам гэтага, па словах парламентарыя, стала стабільнасць харчовай бяспекі Беларусі. «Акрамя таго, больш як на 8 мільярдаў долараў мы экспартуем высакаякаснай прадукцыі, перапрацаванай з добрай сыравіны з дабаўленай вартасцю, — дадаў Іван Маркевіч. — Наведваючы Ваўкавыск, ААТ „Беллакт“, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз пераканаўся, што на прыкладзе такіх прадпрыемстваў, дзе вялікая дабаўленая вартасць, сёння трэба развіваць і будаваць прадпрыемствы далей. А чаму б не пабудаваць яшчэ адзін такі завод, як „Беллакт“? І лагістыка добрая, і кадры ёсць. Упэўнены, што гэта атрымаецца».

Кажучы аб семінары-нарадзе, які з удзелам Прэзідэнта напярэдадні прайшоў на базе аднаго з малочнатаварных комплексаў філіяла «Астрашыцкі Гарадок» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», дэпутат адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка неаднойчы засяроджвае ўвагу на тэме падзяжу жывёлы, шчыра перажывае наконт гэтай праблемы. «Так, прычыны ёсць: і безгаспадарлівасць, і няўважлівасць кадраў на месцах, але ж мы губім маладняк, дарослых жывёл, — канкрэтызаваў парламентарый. — Таму галоўная задача сёння — выходзіць на тэхналагічны ўзровень. Як кажа Прэзідэнт, на дыктатуру дысцыпліны. Вось гэта галоўнае. На прыкладзе малочнатаварнага комплексу агракамбіната „Дзяржынскі“ мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што такія фермы патрэбна будаваць у краіне. Гэта і сабекошт, і ўмовы, у якіх прыемна працаваць людзям, і самае галоўнае — якасная прадукцыя».

Па словах дэпутата, Прэзідэнт занепакоены кармавой базай. «На працягу многіх гадоў Аляксандр Рыгоравіч гаворыць, што жывёлу трэба карміць якаснымі кармамі, тады атрымаецца добры вынік, — заўважыў Іван Маркевіч. — Калі гэта ў гаспадарках, раёнах выконваецца, то кіраўнікі знаходзяцца на сваім месцы. Тады і вынік ёсць: і свой рынак забяспечым якаснай прадукцыяй, і будзем яе экспартаваць».

«Толькі сваёй працай, стараннасцю мы зможам абараніць нашу незалежнасць і суверэнітэт»

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Антон Кулісевіч большую частку жыцця пражыў у вёсцы і бачыў, як развівалася сельская гаспадарка. «Усе праграмы па развіцці сяла (у прыватнасці будаўніцтва аграгарадкоў) найперш дазволілі стварыць нармальныя ўмовы для жыцця нашага насельніцтва ў сельскай мясцовасці, — лічыць дэпутат. — Сёння без інтэнсіўных тэхналогій, інавацый, якія ўкараняюцца ў сельскую гаспадарку, працаваць ужо немагчыма адназначна. Няма сёння тых соцень людзей, якія выходзілі і ўручную ўбіралі цукровыя буракі, бульбу. Многае вырашае тэхніка, і тут з боку дзяржавы шмат што робіцца».

кулисевич.jpg

Парламентарый звярнуў увагу на словы Прэзідэнта аб тым, што сёння можна вырабіць усё што заўгодна, галоўнае — прадаць. «Беларусь поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, але сёння сельская гаспадарка — гэта яшчэ і бізнес, — адзначыў Антон Кулісевіч. — На экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі наша краіна зарабляе добрыя грошы. А шмат грошай не бывае для краіны. Чым больш мы будзем прадаваць, тым больш будзе якасці, тым лепш будзе жыць наша краіна. Прэзідэнт правільна гаворыць: калі не будзем працаваць, значыць, будзе ў нас вайна. Бо толькі сваёй працай, стараннасцю мы зможам абараніць нашу незалежнасць і суверэнітэт».

Антон Кулісевіч на працягу 12 гадоў працаваў старшынёй Бераставіцкага райвыканкама, дагэтуль чатыры гады займаў пасаду начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі, таму не па чутках ведае, як развівалася сельскагаспадарчая галіна. «Калі я прыйшоў у раён у 2006 годзе, было толькі дзве фермы з даільнымі заламі, — канкрэтызаваў ён. — Калі сыходзіў з раёна, засталася адна невялікая фермачка, дзе яшчэ ёсць лінейная дойка. Усе астатнія (ужо малочнатаварныя комплексы) працуюць па сучасных тэхналогіях. На адным з такіх комплексаў у 2023 годзе пабываў наш Прэзідэнт».

Па словах парламентарыя, у Бераставіцкім раёне ўжо тады зразумелі, што будаваць у чыстым полі новую ферму вельмі дорага. «І днямі кіраўнік дзяржавы казаў аб тым, што неабавязкова будаваць новыя, шыкоўныя малочнатаварныя комплексы, можна таннейшым спосабам палепшыць утрыманне жывёлы, а таксама ўмовы працы людзей, — канстатаваў Антон Кулісевіч. — Вядома, на гэта ўплывае і выкарыстанне энерганасычаных трактароў, камбайнаў. Мы сёння меншай колькасцю тэхнікі выконваем большы аб’ём працы. Усё гэта адбіваецца на заработнай плаце. Жывёлаводы, даяркі, якія добрасумленна працуюць, атрымліваюць звыш чатырох тысяч беларускіх рублёў. Калі б людзі не хацелі працаваць, то, напэўна, не было б такіх вынікаў».

Па словах дэпутата, не трэба баяцца давяраць кіруючыя пасады маладым перспектыўным людзям і варта прытрымлівацца дысцыпліны, без якой нічога не будзе.

Па формуле «Чатыры «К»

Алег Бурак, дырэктар адной з вядучых гаспадарак краіны — ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна, разумее сутнасць і глыбіню задач, якія ставіць перад аграрыямі Прэзідэнт. «Наша задача сёння — не толькі накарміць краіну, але і зарабіць грошай на сацыяльныя патрэбы, на далейшае развіццё, — адзначае ён. — Мадэрнізацыя, паляпшэнне жывёлагадоўчай галіны праводзіцца ў краіне паўсюль. Значыць, аснова ёсць, і тут на першы план выходзяць арганізацыя работы, вытворчая дысцыпліна. Нездарма ж Аляксандр Рыгоравіч параўноўвае яе з дысцыплінай ваеннай».

олег бурак.jpg

«Гэта мы адчуваем штодня і на сваёй гаспадарцы, — дзеліцца кіраўнік уласным досведам. — Як толькі адпусціш кантроль, аслабіш дысцыпліну, вынікі дадуць пра сябе знаць. Нездарма ж мы ўжо даўно на службу вытворчасці паставілі інфарматызацыю. Цяпер з майго кабінета, кабінетаў іншых кіраўнікоў можна ў рэжыме анлайн адсочваць усе вытворчыя працэсы, у тым ліку на жывёлагадоўчых аб’ектах».

Сёння ў «Астрамечаве» 16 860 галоў буйной рагатай жывёлы, па надоях перасягнулі 10-тысячную мяжу. Штогод сельгаспрадпрыемства дае краіне сотні тон ялавічыны. «Кожны год укладваем сродкі ў далейшае развіццё галіны з бачаннем перспектывы, — расказвае Алег Бурак. — Поспех звязваем з дасканалым функцыянаваннем механізму па формуле, якую назвалі «Чатыры „К“: кадры, каровы, кармы, камфорт».

«Спачатку эканоміка, потым — усё астатняе»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыні Ваўкавыскага райвыканкама Дзмітрыя ЗАХАРЧУКА, падчас свайго візіту ў Ваўкавыскі раён у мінулую суботу кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву стратэгічнай накіраванасці, звязаную з будаўніцтвам яшчэ аднаго завода прадпрыемства ААТ «Беллакт» па стандартах сусветнага ўзроўню. «Канцэптуальна падтрымана і стратэгія, і тактыка», — удакладніў ён.

zaharchuk-1-2.jpg

Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ўсе задачы, пастаўленыя Прэзідэнтам падчас апошніх рабочых паездак па краіне, прымаюцца да выканання без абмеркавання. «Беларускі лідар — чалавек ад зямлі, з найбагацейшым вопытам, таму ўсе пасылы, агучаныя кіраўніком дзяржавы, несумненна, пачуты і будуць рэалізаваны», — адзначыў Дзмітрый Захарчук.

Сенатар распавёў, што ў галіне жывёлагадоўлі Ваўкавыскі раён з’яўляецца самадастатковым. «Ёсць вытворчыя магутнасці для вырабу ялавічыны, у нас функцыянуе мясакамбінат, — канстатаваў ён. — Адна са спецыфік Ваўкавышчыны — камплектацыя жывёлы за межы свайго раёна, вобласці. Гэта тэма актуальная: кіраўнік дзяржавы кажа, калі не ўмееце самі вырошчваць жывёлу, аддайце тым, хто ўмее. У нас ёсць памяшканні, тэхналогіі, функцыянуе кармавытворчасць, ёсць кадры, таму мы можам забяспечыць годнае ўтрыманне і вырошчванне жывёлы. І людзі зацікаўлены працаваць: сярэдні заробак на сяле — 2300 беларускіх рублёў. Некаторыя даяркі, спецыялісты атрымліваюць заробак і ў 3500 беларускіх рублёў. Створаны годныя ўмовы для працы. Нашы аграгарадкі газафікаваныя — толькі працуй».

Па словах Дзмітрыя Захарчука, 77 % жывёлы Ваўкавыскага раёна ўтрымліваецца ў адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі. «Да 2030 года запланавана пабудаваць восем малочнатаварных комплексаў, — удакладніў ён. — Адзін комплекс з тыдня на тыдзень ужо ўводзіцца ў эксплуатацыю, другі — у верасні-кастрычніку. Прадпраектная, праектная дакументацыя гатовы і для далейшага будаўніцтва. Таму тая задача, якая ставіцца кіраўніком дзяржавы, будзе выканана. Прэзідэнт абсалютна правільна кажа: не будзе эканомікі — не будзе чаго есці, а значыць будзем ваяваць. Калі чалавек спакойны? Калі дома ўсе накормлены. Таму спачатку эканоміка — потым усё астатняе».

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО, Святлана ЯСКЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю