Адзіны дзень азелянення стартаваў у Беларусі. Маштабная кампанія праводзіцца ў мэтах павышэння азелянёнасці тэрыторыі краіны, стварэння камфортных і спрыяльных умоў для жыцця насельніцтва, уцягвання ў гаспадарчы абарот зямель, якія рэкультывуюцца. Падчас ініцыятывы плануецца высадзіць дрэвы і кусты ў населеных пунктах рэспублікі і на тэрыторыі ляснога фонду.
Удзел у мерапрыемстве прынялі супрацоўнікі сістэмы Мінпрыроды, прадстаўнікі разнастайных прадпрыемстваў і арганізацый, адукацыйных, навуковых і грамадскіх устаноў, СМІ, навучэнцы, грамадскія эколагі, экаваланцёры і неабыякавыя да навакольнага асяроддзя людзі. Цэнтральным месцам правядзення акцыі стала Лагойскае лясніцтва Лагойскага лясгаса, дзе на плошчы 2,2 га высадзілі маленькія дубы, елкі і сосны.
— Мэта кампаніі — даць старт маштабнаму азеляненню, якое накіравана на паляпшэнне экалагічнага становішча на тэрыторыі рэспублікі. Акрамя таго, гэта магчымасць зрабіць больш камфортнымі ўмовы пражывання грамадзян, а таксама аднавіць участкі лясных насаджэнняў, якія пацярпелі ў выніку моцнага ўраганнага ветру, — пракаментаваў падзею міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей МАСЛЯК.
Толькі за сёння сіламі супрацоўнікаў Мінпрыроды будзе высаджана больш за 20 тыс. дрэў, 12 тыс. кустоў, а на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка — звыш 27 тыс. лясных культур.
Паводле слоў кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, на сённяшні час фактычна ўсе буйныя гарады і раённыя цэнтры дасягнулі неабходнага ўзроўню азелянёнасці. Менавіта таму важна ўдзяляць больш увагі высаджванню лясных культур і аднаўленню тэрыторыі лясных насаджэнняў пасля неспрыяльных з’яў надвор’я.



— У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі, правядзенні Года добраўпарадкавання, які зацверджаны Урадам, вызначаны 47 найбольш перспектыўных напрамкаў. Усе мерапрыемствы рэалізуюцца дастаткова актыўна, многія з істотным апярэджаннем. Азеляненне — адзін з тых паказчыкаў, — падкрэсліў міністр.
На 1 кастрычніка 2025 года на тэрыторыі краіны высаджана 32 млн кветак (у тым ліку 10,5 млн у Мінску) , 377 тыс. кустоў, 305 тыс. дрэў. Добраўпарадкавана 97 экалагічных сцежак і каля 30 крыніц.
Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ нагадала, што мы не атрымліваем прыроду ў спадчыну, а пазычаем яе ў нашчадкаў:
— Сёння нам неабходна зрабіць усё, каб захаваць і прымножыць прыроднае багацце. Неабыякавыя грамадзяне па ўсёй краіне далучаюцца да аднаўлення лесу. Напрыклад, мая родная Гомельшчына актыўна аднаўляе пацярпелыя ад стыхіі ўчасткі.
11 па 31 кастрычніка ў Беларусі пройдзе акцыя «Дай лесу новае жыццё!». Далучыцца да яе і іншых акцый («Сад надзеі», «Пасадзі дрэва», «Зялёны двор» і інш.) можа любы ахвотны. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам захаваць прыродныя багацці ў першапачатковым выглядзе.
Александрына ПАРШЫНА
Фота аўтара, Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА