Расплачвацца давядзецца не толькі грашыма, але і свабодай
Днямі ў міліцыю звярнуліся прадстаўнікі адной з лізінгавых кампаній Гомеля: 42-гадовая жыхарка Мазыра набыла аўто, але плацяжы не ўносіць. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал МУС.
Сышчыкі ўстанавілі, што 41-гадовы знаёмы ўгаварыў жанчыну на куплю іншамаркі. Пры гэтым запэўніў, што будзе самастойна пагашаць запазычанасць, уносіць плацяжы. Калі кабета аформіла дагавор, фігурант... з’ехаў на машыне за мяжу, не стрымаўшы сваё абяцанне. Мазыранка першыя часы аплачвала ўзносы, але затым перастала. На той момант доўг складаў 45 тысяч рублёў.
Па словах начальніка аддзела Упраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельшчыны Рыгора Лісіцкага, калі мужчына прыбыў на тэрыторыю Беларусі, аператыўнікі яго затрымалі. Аўтамабіль канфіскаваны і вернуты арганізацыі.
Следчымі распачата крымінальная справа за махлярства ў асабліва буйным памеры. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўлення волі.