Калі ў пачатку 2022 года ў Беларусі было зарэгістравана амаль 28 тысяч інтэрнэт-крам, то сёлета іх ужо амаль 31 тысяча. Інтэрнэт-гандаль займаў у тавараабароце ў 2024 годзе 8,1 % (для параўнання ў 2022 годзе — 5,4 %).
— У Беларусі — адно з самых прагрэсіўных заканадаўстваў па рэгуляванні інтэрнэт-гандлю, празрыстасці набыцця тавараў у інтэрнэт-крамах, — падкрэсліла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь Іна Гаўрыльчык. — Абарона правоў спажыўцоў тут максімальна набліжаная да ўзроўню абароны, якая забяспечваецца стацыянарным гандлем.
Але заканадаўства ў сферы інтэрнэт-гандлю будзе ўдасканальвацца.
— Пры карэкціроўцы заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў мы хочам урэгуляваць дзейнасць інтэрнэт-пляцовак, — расказала спецыяліст. — Дзякуючы ўказу № 60 інтэрнэт-гандаль стаў празрыстым, усе нашы прадаўцы зарэгістраваныя ў Гандлёвым рэестры, і пакупнік можа знайсці іх заўсёды. Але на інтэрнэт-пляцоўках ёсць і прадаўцы з іншых краін. Вы купілі тавар у замежнага прадаўца, але паўсталі праблемы з якасцю — куды звяртацца? Інтэрнэт-пляцоўка пакуль у гэтым коле ўзаемаадносін, дакладна прапісаных у Законе аб абароне правоў спажыўцоў, адсутнічае. Ёсць агульная норма ў Законе аб гандлі: інтэрнэт-пляцоўка павінна аказваць садзейнічанне спажыўцу ў абароне яго правоў. Але як менавіта — не прапісана.
У Законе аб абароне спажыўцоў з часам з’явіцца наступная норма: калі тавар няякасны, інтэрнэт-пляцоўка павінна будзе яго прыняць і перадаць прадаўцу, забяспечыўшы пакупніку вяртанне грашовых сродкаў, паведаміла спецыяліст.
Акрамя таго, сёння ў ліку праектаў — норма аб безнаяўных разліках у інтэрнэт-крамах.
— Гэтая прапанова была прынятая з ініцыятывы бізнесу і ўключаная ў праект, — растлумачыла прадстаўніца МАРГ.
У Законе аб абароне правоў спажыўцоў замацавана норма аб тым, што прадавец абавязаны забяспечыць спажыўцу па яго выбары магчымасць аплаты альбо ў наяўнай, альбо ў безнаяўнай форме. Але, улічваючы ўмоўнасць меж пры інтэрнэт-гандлі, інтэрнэт-крамы гатовыя перайсці толькі на безнаяўны разлік.