Top.Mail.Ru

Заканадаўства аб таварных біржах чакаюць карэкціроўкі

Якія навацыі прапанаваныя?

Біржавы гандаль у Беларусі развіваецца ўжо больш за 20 гадоў. Біржавы механізм ідзе ў нагу з часам і дазваляе эфектыўна арганізаваць гандаль на празрыстых умовах і па рынкавых цэнах. Арганізацыю і правядзенне біржавых таргоў у нашай краіне ў адпаведнасці з Указам № 577, прынятым у 2006 годзе, забяспечвае Беларуская ўніверсальная таварная біржа. На сёння, з улікам напрацаванага вопыту, у чарговы раз удасканальваецца асноўны дакумент у гэтай сферы. На нядаўнім пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў быў прыняты ў першым чытанні праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб таварных біржах». Прапанаваныя навацыі законапраекта дэпутатам прадставіў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч. Больш падрабязна пра іх — у нашым матэрыяле.

  • У ліку ключавых навацый, па словах міністра, — замацаванне асноўных прынцыпаў біржавога гандлю. Для чаго гэта спатрэбілася зрабіць? Сёння Беларусь удзельнічае ў рэалізацыі шматлікіх міжнародных праектаў па фарміраванні адзіных біржавых таварных і фондавых рынкаў Саюзнай дзяржавы, краін СНД і ЕАЭС. Практычна ў кожным з гэтых дакументаў ідзе гаворка аб усталяванні адзіных прынцыпаў біржавога гандлю. Таму неабходна перш за ўсё замацаваць у заканадаўстве нацыянальныя прынцыпы, якія закліканы спрыяць абароне правоў і інтарэсаў усіх удзельнікаў, стымуляваць канкурэнцыю і падтрымліваць яе развіццё.

Зыходзячы з практыкі выкарыстання заканадаўства, прапануецца дапоўніць Закон «Аб таварных біржах» артыкулам аб прадстаўніцтве ўдзельнікаў біржавога гандлю. Штогод на біржавых таргах БУТБ больш за 10 тысяч удзельнікаў заключаюць біржавыя здзелкі. Для таго каб была зразумелая роля ў біржавых працэсах самога кіраўніка і яго прадстаўніка, г. зн. трэйдара, замацоўваецца статус і прававыя асновы дзейнасці гэтых удзельнікаў.

Артур Карповіч звярнуў увагу на тое, што сёння ў біржавы гандаль уводзяцца новыя механізмы заключэння здзелак. Праектам закона прапануецца даць біржавому брокеру права выступаць адначасова на баку некалькіх пакупнікоў, іншымі словамі, здзейсніць цэнтралізаваную закупку. Міністр растлумачыў, што сёння магчымасць цэнтралізацыі закупак прадугледжана заканадаўствам аб дзяржаўных закупках і закупках за кошт уласных сродкаў.

— Мы бачым у гэтым перспектыву перш за ўсё для арганізацыі адной сістэмы або холдынгу. Асноўнай мэтай дадзенага новаўвядзення з’яўляецца стварэнне спрыяльных біржавых механізмаў, накіраваных на скарачэнне выдаткаў пакупнікоў і аптымізацыю працэдур закупак. Пілотны праект ужо стартаваў на біржы з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, — расказаў кіраўнік ведамства

Падрыхтаваны вялікі блок змяненняў, які накіраваны на стварэнне нацыянальнай сістэмы біржавых індэксаў. Сёння ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам прадугледжана фарміраванне толькі біржавых каціровак.

— Што такое біржавая каціроўка? Гэта цана, якая сфарміравалася па выніках біржавых таргоў. У міжнароднай практыцы пры заключэнні аптовых здзелак з сыравіннымі рэсурсамі ў якасці аб’ектыўных цэнавых арыенціраў прымяняюцца індыкатары. Гэта каціроўкі, індэксы, аналітычныя матэрыялы. Дадзеныя індыкатары вызначаюцца альбо біржамі, альбо інфармацыйна-аналітычнымі агенцтвамі, — растлумачыў Артур Карповіч.

Для ліквідацыі залежнасці ад замежных агенцтваў узрос попыт на айчынныя цэнавыя індыкатары. У сувязі з гэтым праектам закона ўносяцца змены ў тэрміналогію біржавых індэксаў і каціровак, вызначаюцца функцыі таварнай біржы пры іх разліку, дапаўняюцца паўнамоцтвы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў частцы зацвярджэння методык разліку такіх паказчыкаў.

Міністр паведаміў, што са студзеня 2025 года на афіцыйным сайце біржы публікуецца больш за 60 індэксаў, якія дазваляюць адсачыць адпаведныя трэнды па рынку. У найбліжэйшай перспектыве будзе ахоплена больш за 100 таварных пазіцый. У практычнай дзейнасці біржавыя цэнавыя індэксы і каціроўкі служаць цэнавым арыенцірам для ўдзельнікаў біржавога гандлю. Інфармацыю пра іх, як ужо адзначалася, можна атрымаць на афіцыйным сайце біржы. Больш пашыраная інфармацыя пры неабходнасці можа быць прадстаўлена па запыце дзяржаўных і кантралюючых органаў краіны.

Праектам закона выключаюцца абмежаванні на допуск да біржавых таргоў маёмасных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці. Прапануецца разглядаць маёмасныя правы як комплексны біржавы тавар, які мае сумежныя прававыя інструменты яго аховы. Міністр 

заўважыў, што ў практыцы ўзнікаюць складанасці пры вызначэнні канчатковага кошту біржавога пагаднення з прычыны таго, што спадарожныя правы на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці маюць свой кошт, які не можа быць уключаны ў кошт тавару. Бачыцца, што прапанаваныя змены здымуць падобныя пытанні.

  • Акрамя таго, законапраектам замацоўваюцца паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы па ўсталяванні асаблівасцяў рэгулявання адносін, рэгламентаваных законам аб таварнай біржы, таксама прадугледжаны шэраг палажэнняў, накіраваных на прывядзенне профільнага закона ў адпаведнасць з іншымі актамі заканадаўства. Напрыклад, з улікам змяненняў, якія закранулі прадпрымальніцкую дзейнасць, у праекце зроблена ўдакладненне, што займацца арганізацыяй біржавой лагістычнай дзейнасцю і брокерскай дзейнасцю могуць індывідуальныя прадпрымальнікі толькі ў выпадку, калі такая дзейнасць для іх дапускаецца заканадаўствам.

Падводзячы вынік, міністр адзначыў, што праект закона не прадугледжвае ўвядзенне новых адміністрацыйных працэдур і не абмяжоўвае правы і свабоды грамадзян. Паводле яго слоў, прыняцце законапраекта дасць магчымасць павысіць эфектыўнасць работы біржавога гандлю, стварыць больш празрыстыя ўмовы пры закупцы тавараў і будзе садзейнічаць удасканаленню справядлівага цэнаўтварэння ў краіне.

Па матэрыялах БелТА

У тэму

Сума біржавых здзелак з індыйскімі рэзідэнтамі летась вырасла ў тры разы

Беларусь і Індыя пазначылі пункты росту ў сферы біржавога гандлю, паведамілі на Беларускай універсальнай таварнай біржы.

Ключавымі кірункамі стануць пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі і хімічнай прамысловасці.

Для балансу інтарэсаў бакоў і ўстойлівых патокаў тавараў аднолькавая ўвага будзе ўдзяляцца экспарту і імпарту.

Такія прыярытэты вызначаныя па выніках візіту на БУТБ індыйскай бізнес-місіі, які быў арганізаваны пры садзейнічанні Мінскага аддзялення БелГПП з удзелам Генконсула Беларусі ў Мумбаі Аляксандра Мацукова.

Дарэчы, на БУТБ акрэдытаваныя 14 рэзідэнтаў Індыі. У 2025 годзе сума біржавых здзелак з іх удзелам склала каля 5 мільёнаў долараў, што ў тры разы больш за аб’ём 2024-га.

Істотны ўклад у рост біржавога тавараабароту ўнесла рэалізацыя тэкстыльнай сыравіны і матэрыялаў. У прыватнасці, у Індыю пастаўлялася катанізаванае льняное валакно, у Беларусь — чыстабаваўняны і поліэфірны топс.

Пашырыць наменклатуру плануецца пастаўкамі ў Беларусь прадуктаў харчавання (рыс, арэхі, чай, кава, сухафрукты), а ў Індыю — кармавых дабавак.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю