У Кіраўску двое таварышаў залішне выпілі і памерлі на працягу адных сутак.
Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці, трагедыя здарылася ў жніўні.
— Спачатку ноччу ў міліцыю патэлефанаваў 50-гадовы мясцовы жыхар. Ён паведаміў, што знайшоў мёртвым свайго прыяцеля, якога напярэдадні запрасіў у госці, і яны выпівалі. У тыя ж суткі, ужо пасля абеду, у гэтай жа кватэры суседка знайшла і цела самога гаспадара, — расказалі ў ведамстве.
Каб высветліць дакладную прычыну смерці мужчын, былі прызначаны судова-медыцынскія экспертызы.
Паводле заключэння эксперта, першы з іх — 45-гадовы мужчына — памёр ад вострага атручэння этылавым спіртам. У яго крыві выявілі таксічную канцэнтрацыю алкаголю — 6,6 праміле. Такая ж прычына смерці і ў гаспадара кватэры, аднак у яго арганізме канцэнтрацыя этанолу склала 4,5 праміле.
Марыя КАЛІНА