Top.Mail.Ru

Задача — павялічыць не пагалоўе, а надоі

V Міжнародны галіновы форум «Малочная ферма», які прайшоў у Мінску, сабраў больш за 750 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і больш за 40 аўтарытэтных экспертаў. Сярод іх — кіраўнікі гаспадарак, галоўныя спецыялісты (заатэхнікі, ветэрынары, селекцыянеры), прадстаўнікі малочных заводаў, пастаўшчыкі абсталявання, тэхналогій і рашэнняў. Такая пляцоўка дазваляе абменьвацца вопытам, атрымліваць новыя веды, неабходныя для эфектыўнай работы. Упершыню форум праводзіўся ў двухдзённым фармаце. Падчас дыялогу і дыскусій абмяркоўваліся такія пытанні, як умовы ўтрымання жывёл, эфектыўнае ўпраўленне малочнай фермай, лічбавізацыя, захаванасць пагалоўя, вытворчасць кармоў. Асаблівая ўвага — практычнаму вопыту перадавых гаспадарак.


Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Дарафейчык падчас адкрыцця форуму падкрэсліў важнасць дыялогу паміж практыкамі і экспертамі і акрэсліў новыя задачы, якія стаяць перад галіной: неабходна працаваць над канкурэнтаздольнасцю, экспартнымі пастаўкамі, даказваць якасць прадукцыі на розных рынках.

Не колькасць, а прадукцыйнасць

Тэма форуму — «Эканоміка малака: гульня на павышэнне». Кіраўнік галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Наталля Соніч расказала, што стаіць за гэтай назвай: «У нас не ставіцца задача павялічыць пагалоўе дойнага статка, яно будзе заставацца прыкладна на адным узроўні. Важна атрымаць ад кожнай жывёлы максімальную прадукцыйнасць. Тут трэба папрацаваць над кармамі, новымі тэхналогіямі, селекцыяй».


Так, калі ў 2020 годзе сярэдні надой на карову ў 8 тысяч кг на год быў дасягнуты толькі ў пяці раёнах, то ў 2025 — ужо ў 22. Паказчык, вышэйшы за 10 тысяч кг, летась быў дасягнуты ў 74 гаспадарках. Па прадукцыйнасці лідзіруюць Брэсцкая, Гродзенская і Мінская вобласці. А ў такіх сельгаспрадпрыемствах, як «Ларыноўка», «Свіслач», «Дзеншчыкова», «Сянько», «Моладава-Агра, атрымалі за год да 13-14 тысяч кг ад каровы.

Наогул, за мінулы год было атрымана 9,2 мільёна тон малака, да 20З0 года ставіцца задача павялічыць гэту лічбу да 10,5 мільёна тон, а да 2035 — да 11,5. Валаўтваральнымі ў вытворчасці малака сталі Пружанскі, Гродзенскі, Слуцкі і Пінскі раёны — там атрымліваюць 11 % ад «вала» па краіне.


Увага — асобе

На форуме гаварылі не толькі пра паказальнікі і тэхналогіі, тут пастараліся ўдзяліць увагу і людзям, якія не адзін год адпрацавалі на ферме і пры гэтым прывілі любоў да працы ў вёсцы сваім дзецям. Прадстаўнікі такіх сямей сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага фотапраекта «Дынастыі: сяло ў спадчыну». Сярод іх сям’я Крупчыкаў, прадстаўнікі якой працуюць у адной з перадавых гаспадарак Свіслацкага раёна «Ханчыцы-Нёман», дзе сярэдні ўдой на карову — 11 тысяч кг у год. 

У гаспадарцы спадзяюцца, што ў справы старэйшых прадстаўнікоў сям’і будзе працяг: дачка Сяргея Крупчыка атрымлівае мэтавую адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Таццяна Даніловіч, якая таксама прадстаўляе гэту дынастыю, расказала, што раней праца на ферме была вельмі цяжкай — усё даводзілася рабіць рукамі, даяркі самі цягалі вёдры і бакі. Сёння ўсё аўтаматызавана, трэба толькі націскаць на кнопку. Калі раней адна жанчына даіла 180 кароў, то цяпер пры дапамозе робатаў можа справіцца з дойкай амаль тысячы. І ўсё ж Таццяна ўпэўнена, што аддача ад жывёл залежыць не толькі ад тэхналогій, але і ад адносін чалавека. Плюсаў у сучаснай вёсцы багата. Тут можна атрымліваць годныя заробкі, у доме ёсць усе выгоды, як у горадзе, а бонусам — асаблівы ўклад жыцця, чыстае паветра, паходы ў грыбы-ягады.

Дынастыя Чарапавіцкіх — гонар ААТ «Нача» з Ляхавіцкага раёна. Агульны працоўны стаж на тры пакаленні — 177 гадоў. Марыя Варфаламееўна, якой ужо 95 гадоў, і сёння дае каштоўныя парады: галоўнае — дзяцей з маленства прывучаць да працы. Яе сын Мікалай шмат гадоў адпрацаваў у гаспадарцы вадзіцелем, сёння на пенсіі, нявестка Людміла загадвае фермай, а ўнукі сталі механізатарамі. Работу прадстаўнікі дынастыі спалучаюць з абавязкамі ва ўласнай гаспадарцы. Менавіта праз звычайныя вясковыя заняткі і фарміруецца прывязанасць чалавека да зямлі, упэўнена Людміла Чарапавіцкая: «Ты бачыш вынік сваёй працы. Пасеяў зерне — атрымаў ураджай. Даглядаеш кароўку — будзе малако». ХХІ стагоддзе змяніла жыццё ў вёсцы, механізацыя і аўтаматызацыя спрасцілі ўмовы працы. Чарапавіцкія заўважаюць, што сёння ў вёсцы можна зарабляць не менш, чым у горадзе: у добрых гаспадарках рэальныя заробкі могуць быць і 4–6 тысяч рублёў. Але трэба разумець, што за імі стаіць карпатлівая праца, часам ад світанку да заходу.


Як заўважыла Наталля Соніч, сучасныя тэхналогіі — не проста залог поспеху, яны мінімізуюць ручную працу, дазваляюць стварыць больш камфортныя ўмовы для работнікаў. Напрыклад, раней тым жа цялятніцам даводзілася мыць вёдры і сасковую гуму, сёння гэта робяць машыны. На бліжэйшую пяцігодку стаіць задача па будоўлі, рэканструкцыі і аўтаматызацыі ўсіх малочна-таварных комплексаў. На гэты год у планах увядзенне 80 такіх аб’ектаў. Складаная зіма гэтага года паказала, што для цялят, якія раней утрымліваліся пад адкрытым небам, трэба ствараць іншыя ўмовы. У найбліжэйшы час плануецца пабудаваць для іх 520 прафілакторыяў на 96,7 тысячы месцаў.

Новыя выклікі

У рамках форуму ў закрытым клубе дырэктараў эксперты з Расіі і Беларусі гаварылі не толькі пра эфектыўнае кіраванне фермай, але і пра праблемы, з якімі можа сутыкнуцца галіна. І гэта не толькі дэфіцыт кадраў, пытанні з закупачнымі цэнамі — ужо сёння важна шукаць новыя рынкі збыту прадукцыі, каб у будучым не апынуцца з загружанымі складамі. Цяпер актыўна будуюцца буйныя малочныя фермы ў Расіі, з высокімі тэмпамі малочная жывёлагадоўля развіваецца ў Кітаі. Важна працаваць і з культурай спажывання малочнай прадукцыі на ўнутраным рынку — вырастае пакаленне, якое аддае перавагу новым напоям і прадуктам. Вядома, можна паспрабаваць выкарыстаць моду ў моладзі на здаровы лад жыцця і стварыць новую лінейку прадуктаў з павышаным утрыманнем бялку, як гэта робяць у Расіі. Праўда, гэта больш дарагі і невялікі сегмент рынку. Куды важней з малога ўзросту фарміраваць здаровыя прывычкі, прычым падключаць да такой работы ўстановы адукацыі і аховы здароўя.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю