Генеральная пракуратура Беларусі завяршыла папярэдняе расследаванне і накіравала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу ў дачыненні да замежнага грамадзяніна, якому, сярод іншага, інкрымінаваны забойства і замах на забойства, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару і згвалтаванне, насілле і пагрозу прымянення насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкодзіць яго законнай дзейнасці, катаванне непаўналетняй.
Як паведаміла ўпраўленне ўзаемадзеяння са СМІ Генеральнай пракуратуры, згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны ў верасні 2023 года, знаходзячыся ў горадзе Добрушы Гомельскай вобласці, сістэматычна прычыняў непаўналетняй падчарыцы, якая была ў залежным ад яго становішчы, фізічны боль, псіхічныя пакуты, а таксама наносіў пабоі, душыў за шыю.
Адна з прычын — выкарыстанне дзяўчынкай мабільнага тэлефона.
Толькі ў сувязі з ініцыяваннем Добрушскім РАУС даследчай праверкі па інфармацыі, якая паступіла са школы, аб насіллі ў дачыненні да дзіцяці з боку айчыма ён спыніў гэтыя здзекі.
Ён жа, знаходзячыся 9 кастрычніка 2025 года ў стане алкагольнага ап’янення ў Добрушы, учыніў забойства з асаблівай жорсткасцю сваёй цяжарнай жонкі: нанёс ёй у прысутнасці яе малалетніх дзяцей і брата два ўдары нажом у жыццёва важныя органы — грудную клетку і шыю.
У выніку пацярпелая памерла на месцы здарэння ад масіўнай кровастраты.
Далей ён хацеў расправіцца і з непаўналетнім пасынкам, які заступіўся за маці, — нанёс яму, як гаворыцца ў матэрыялах следства, не менш за чатыры ўдары нажом у вобласць грудной клеткі, дзе размешчаны жыццёва важныя органы, а таксама па канечнасцях.

Аднак хлопчык выжыў, ён аказаў актыўнае супраціўленне і потым атрымаў своечасовую кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
Далей абвінавачаны, пагражаючы нажом, згвалтаваў падчарыцу. А пасля прыбыцця на месца здарэння супрацоўнікаў АМАП УУС Гомельскага аблвыканкама абвінавачаны здзейсніў захоп і ўтрыманне падчарыцы ў якасці заложніка, трымаючы нож у непасрэднай блізкасці ад яе грудзей і жывата. Пры гэтым ён патрабаваў ад праваахоўнікаў перадаць яму зброю, устрымацца ад далейшых дзеянняў па яго затрыманні і пакінуць дом.
Абвінавачаны ўтрымліваў пацярпелую ў якасці заложніка, пакуль яго не абясшкодзілі супрацоўнікі АМАП, якія, ужыўшы фізічную сілу, выхапілі з яго рукі нож, затрымалі яго і вызвалілі непаўналетнюю.
У той жа дзень усіх дзяцей забралі ў шпіталь, пасля чаго накіравалі ў тэрытарыяльны сацыяльна-педагагічны цэнтр. Пасля яны былі вызначаны ў прыёмную сям’ю.
На сёння абвінавачаны пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да сваіх траіх дзяцей.
Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, накіроўваючы крымінальную справу ў суд, пакінуў без змянення раней прымененую да мужчыны меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Фота: ДКСЭ