Начальнік аддзела кантролю за работай арганізацый гандлю, грамадскага харчавання і бытавых паслуг Камітэта дзяржаўнага кантролю Таццяна Самохіна расказала БелТА аб тым, за якія парушэнні ў Беларусі могуць прыпыніць работу магазіна.
За 2025 год у Беларусі па выніках праверак Камітэта дзяржкантролю прыпынялася дзейнасць 79 гандлёвых аб’ектаў за грубыя парушэнні. Сярод іх — аб’екты грамадскага харчавання. «У 2026 годзе такія факты таксама ёсць. Напрыклад, прыпынена дзейнасць аднаго аб’екта ў Магілёўскай вобласці, які рэалізоўваў больш за 30 відаў прадукцыі без дакументаў, што пацвярджаюць яе набыццё», — адзначыла Таццяна Самохіна.
У залежнасці ад ступені парушэння даецца пэўны тэрмін для ўстаранення парушэнняў. Калі парушаны санітарныя нормы — можа быць 3-4 дні, каб прывесці аб’ект у парадак. Калі парушэнне датычыцца цэнавай дысцыпліны — да ўстаранення праблем з цэнаўтварэннем.
Акрамя таго, КДК выяўляе адсутнасць дакументаў на прадукцыю, якая вырабляецца і прадаецца. Гэта таксама можа прывесці да часовага закрыцця гандлёвага аб’екта.