Нацыянальныя назіральнікі працавалі цягам пяці дзён датэрміновага галасавання на ўсіх выбарчых участках краіны. Інфармацыю пра яго ход яны перадавалі ў Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі. У асноўны дзень галасавання назіральнікі таксама з раніцы працуюць на ўчастках і прысутнічалі пры апячатаванні скрыняў для галасавання.
Як паведаміў старшыня ЦВК Ігар Карпенка, заўваг па ходу галасавання, якія датычацца парушэнняў выбарчага заканадаўства, у Цэнтрвыбаркам не паступала. Ад палітычных партый і грамадскіх арганізацый было акрэдытавана больш за 35 тысяч назіральнікаў. Адначасова на выбарчых участках па ўсёй краіне працавала 16-17 тысяч з іх. Акрамя таго, у выбаршчыкаў была магчымасць патэлефанаваць на гарачую лінію і расказаць пра тое, што адбываецца на ўчастку, якія ёсць заўвагі ці пытанні.
— Дзякуючы той інфармацыі, якая паступала да нас па гэтых двух незалежных каналах, мы сёння маем поўную карціну таго, як быў арганізаваны працэс датэрміновага галасавання. У цэлым, заўваг да камісій амаль няма — пра гэта паведамляюць нашы назіральнікі, — расказаў намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вадзім Грачоў. — Гэту ж пазіцыю яны фіксуюць у афіцыйных заявах, якія накіроўваюць у Цэнтр грамадскага назірання. Усе працэдуры падчас датэрміновага галасавання выконваліся у адпаведнасці з заканадаўствам. Калі ўзнікалі нейкія спрэчныя сітуацыі, кожнаму выбаршчыку надавалася належная ўвага, тлумачылі, дапамагалі. Вострых канфліктных сітуацый не было.
Пры гэтым, як адзначыў Вадзім Грачоў, былі спробы сфатаграфаваць бюлетэні, хоць інфармацыя пра тое, што гэта забаронена, ёсць і на ўчастках, і на самім бюлетэні.
Тое, што галасаванне праходзіць у штатным рэжыме, пацвярджаецца і работай гарачай лініі. На яе паступіла каля 300 зваротаў, і 75 % з іх гэта кансультацыі па трох асноўных пытаннях: як прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі, дзе знаходзіцца той ці іншы ўчастак і як арганізаваць галасаванне на даму. Сярод заўваг, якія выказваліся, пераважная большасць датычылася таго факту, што выбаршчык не атрымаў запрашэнне на выбары ці яго не ўключылі ў спісы для галасавання, а таксама з нагоды ўручэння сувеніраў грамадзянам, якія галасуюць упершыню.
— Гэтыя пытанні не насілі сістэмнага характару, аднак мы разумелі, што яны хвалююць людзей, таму кожнае пытанне перадавалі назіральнікам у камісіі, каб улічыць іх у рабоце, — падзяліўся Вадзім Грачоў.
Ён паведаміў, што ў дзень асноўнага галасавання ўсе ўчасткі адкрыліся своечасова, прагучаў дзяржаўны гімн, пасля чаго выбарчыя камісіі пачалі сваю работу.
Фота Лізаветы ГОЛАД