У выніку загінула 28 чалавек. Паводле даных МНС, асноўнымі прычынамі трагедый застаюцца парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электраабсталявання, цеплагенерыруючых устройстваў і агрэгатаў і, вядома, неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём, перш за ўсё пры курэнні.
Як курэнне забівае
Сцэнарый даволі класічны: чалавек засынае з цыгарэтай у руцэ, кідае непатушаны акурак з балкона ці ж кладзе яго на лёгкаўзгаральную паверхню. Затым, у стане стомленасці, алкагольнага ап’янення або простай няўважлівасці, губляе кантроль над тлеючай крыніцай агню. Забываючы, што часам дастаткова ўсяго адной іскры, каб агонь, які асабліва імкліва распальваецца ў жылых пакоях, назаўжды адрэзаў шляхі да выратавання. Пазбаўляюць шанцаў на гэта яшчэ і высокая тэмпература, атрутны дым і паніка — менавіта так людзі гінуць, часта нават не паспеўшы прачнуцца або выбрацца з памяшкання.
Добра ілюструюць гэту заканамернасць зафіксаваныя на Міншчыне выпадкі. Так, позна вечарам 12 студзеня ў вёсцы Ананічы Пухавіцкага раёна адбыўся пажар у жылым доме. Магчымая прычына — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. 22 студзеня ў адной з кватэр вёскі Наследнікі Дзяржынскага раёна здарыўся пажар, паводле папярэдніх звестак — таксама з-за цыгарэты. Верагоднасць таго, што курэнне стала прычынай узгарання жылога дома ў аграгарадку Жабін Салігорскага раёна 26 студзеня таксама не выключаецца. Іншая версія ратавальнікаў — выкарыстанне цеплагенерыруючага прыстасавання незаводскай вытворчасці. Падобная сітуацыя таксама мела месца 23 студзеня ў вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна — адкрытым полымем гарэў жылы дом. На гэты раз пажар мог узнікнуць або ў сувязі з кароткім замыканнем электраправодкі, або з-за неасцярожнага курэння. Ва ўсіх згаданых выпадках, на жаль, былі чалавечыя ахвяры.
Прадухіліць трагедыі можна было б выкананнем простых правілаў бяспекі. Ратавальнікі нагадваюць: курэнне павінна быць усвядомленым. Нельга курыць у пасцелі, асабліва пры стомленасці. Таксама неабходна карыстацца глыбокімі попельніцамі і цалкам гасіць акуркі, а кідаць іх з балконаў або ў смеццевыя вёдры з гаручымі адходамі катэгарычна недапушчальна.

Печ — сябар ці вораг?
У прыватным сектары рызыкі традыцыйна вышэйшыя. У тым ліку з-за пячнога ацяплення — крыніца цяпла і ўтульнасці пры няправільным карыстанні ператвараецца ў самую сапраўдную пагрозу. Увогуле парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад з’яўляецца пераважнай прычынай і складае 41 % ад усіх пажараў па краіне на сёння. Напрыклад, 16 студзеня ў вёсцы Домантавічы Капыльскага раёна ратавальнікі ліквідавалі ўзгаранне ў прыватным доме, на месцы былі знойдзены целы двух мужчын, абодва з тэрмічнымі апёкамі. Асноўнай версіяй прычыны здарэння лічыцца няспраўнасць печы, але, паводле папярэдняй інфармацыі, мужчыны таксама злоўжывалі спіртнымі напоямі.
А ў марозную ноч 20 студзеня жылы дом загарэўся ў вёсцы Марс Дзяржынскага раёна. Па версіі МНС, печ была ўстаноўлена занадта блізка да сцяны, з-за чаго тая і загарэлася. Гаспадыня дома, якая стамілася пасля працоўнага тыдня, моцна спала і не адчула паху дыму, а аўтаномны пажарны апавяшчальнік не спрацаваў з-за адсутнасці рабочых батарэек. Абудзіў і выратаваў жанчыну яе кот: гадаванец крычаў і кусаў гаспадыню за рукі, пакуль тая не прачнулася.

Каб пазбегнуць падобных сітуацый, перад кожным ацяпляльным сезонам печ трэба старанна праверыць. Агляд пачынаецца з цэласнасці канструкцыі: кожная расколіна ў муры, кожная расколатая цэгла — патэнцыяльная шчыліна для дыму і іскраў. Іх неабходна латаць спецыяльнымі растворамі, а комін абтынкоўваць — так любы дэфект прыкметны яшчэ на ранняй стадыі. Дарэчы, нячышчаны пласт сажы ў коміне памяншае цягу, вядзе да атручэння чадным газам, а то і ўвогуле можа ўспыхнуць.
Паліць печ у прынцыпе трэба з розумам: не пакідаць яе без нагляду, выкарыстоўваць толькі правільнае паліва, не дапускаць перапалення. Галоўнае — зачыняць суцэльную засаўку коміна толькі калі паліва цалкам згарыць, а попел і вуглі з топак поўнасцю згаснуць. Важная наяўнасць перадтопачнага ліста з негаручага матэрыялу шырынёй не менш за 0,5 метра і даўжынёй не менш за 0,7 метра, які абароніць падлогу ад вугольчыкаў. І на ім, і побач з топкай не павінна быць ні трэсак, ні папер, ні тым больш лёгкаўзгаральных вадкасцяў для распальвання.
Не варта забываць і аб аснашчэнні жылых памяшканняў аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі (АПА). Паводле даных МНС, толькі за восем месяцаў 2025 года дзякуючы ім у краіне былі выратаваны 67 чалавек, 14 з якіх — дзеці. Усяго з 2002-га гэты маленькі прыбор падарыў другое жыццё амаль 2800 чалавек.
Аміна НАЗАРАВА
Фота: Лізавета ГОЛАД