У Беларусі завяршаецца рэалізацыя чарговай дзяржаўнай праграмы ў сферы энергазберажэння. Запланаваныя задачы, як па выніках года, так і за пяцігодку, будуць выкананы, лічыць дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь КРЭЦКІ.
Асноўная задача — павысіць энергаэфектыўнасць эканомікі краіны. Мяркуецца, што па выніках пяцігоддзя энергаёмістасць ВУП да ўзроўню 2020 года будзе ніжэй на 5 %. Толькі па выніках 2024-га ў рэспубліцы яе знізілі на 2,8 %. Як лічыць Віталь Крэцкі, рэальна цалкам выканаць пастаўленую Прэзідэнтам і ўрадам задачу па максімальным ўключэнні ў энергабаланс нашай краіны ўласных энергарэсурсаў.
«Гэты паказчык па выніках года чакаецца на ўзроўні 17 %, хоць ставілася задача — 16 %. Невялікае перавыкананне стала магчымым дзякуючы будаўніцтву новых кацельняў і пераводу крыніц, якія выкарыстоўваюць імпартныя віды паліва, на мясцовыя віды энергарэсурсаў», — лічыць Віталь Крэцкі.
Дзякуючы працы прадпрыемстваў у гэтым кірунку, плануецца дасягнуць аб’ёму эканоміі больш за тры мільёны тон умоўнага паліва. Віталь Крэцкі падкрэсліў, што гаспадарчыя суб’екты неабыякавыя да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў, да павышэння эфектыўнасці выкарыстання, што ў канчатковым выніку прыводзіць да памяншэння сабекошту вырабленай прадукцыі і, як следства, да павышэння яе канкурэнтаздольнасці.
Ужо на бягучую пяцігодку сфарміравана новая дзяржаўная праграма. Асноўная дзейнасць усіх прадпрыемстваў — знізіць выдаткі. «І па выніку праведзенай работы мы бачым, што яны з года ў год зніжаюцца», — праінфармаваў Віталь Крэцкі. Ён удакладніў, што ўсе праекты, якія рэалізуюцца ў рэальным сектары эканомікі, звязаны альбо з мадэрнізацыяй дзеючых тэхналогій, альбо з укараненнем сучасных энергаэфектыўных мадэляў. Гэта такія хутка акупныя мерапрыемствы, як замена лямпачак або электрапрывадаў.
«Цяпер неабходна ісці ў тэхналогію, — упэўнены Віталь Крэцкі. — Паралельна з павышэннем эфектыўнасці выкарыстання паліва павышаецца і якасць вырабленай прадукцыі. Напрыклад, Мінскі маргарынавы завод за кошт мадэрнізацыі вытворчасці знізіў удзельныя выдаткі на 38 %. „Гомсельмаш“ за кошт аптымізацыі асобных працэсаў па афарбоўцы абсталявання знізіў удзельныя выдаткі на выпуск сельскагаспадарчых машын на 20 %. І такіх прыкладаў шмат».
Сяргей КУРКАЧ