Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў расказаў, за кошт чаго золатавалютныя рэзервы дасягнулі гістарычнага максімуму ў 2025 годзе, паведамляе БелТА.
Золатавалютныя рэзервы краіны на 1 студзеня 2026 года склалі $14,4 млрд. За ўвесь 2025 год рэзервы выраслі прыкладна на $5,5 млрд. «Гэты рост забяспечылі розныя кампаненты: каля $3 млрд прыйшлося на павышэнне цаны на золата, а $2,5 млрд — на рост актываў у замежнай валюце. Ключавы фактар — чыстая пакупка замежнай валюты Нацыянальным банкам, дзе чыстымі прадаўцамі выступілі насельніцтва і нерэзідэнты», — растлумачыў Аляксандр Ягораў.
У снежні Нацыянальны банк упершыню за апошнія пяць гадоў назіранняў выступіў чыстым пакупніком валюты. Гэта незвычайна для снежня, калі імпарцёры традыцыйна закупляюць шмат валюты загадзя для аплаты паставак з Расіі да студзеньскіх свят, завяршэння інвестыцыйных праектаў і разлікаў за імпарт.
Разам з гэтым, паводле слоў першага намесніка старшыні, адыграла ролю спрыяльная кан’юнктура цэн на золата, але нават без яе рэзервы дасягнулі б $11,5 млрд, што таксама з’яўляецца выдатным паказчыкам. Аляксандр Ягораў адзначыў, што ўкладанне ў золата — доўгатэрміновая стратэгія банка з сярэдзіны 2000-х гадоў і яе рэзультатыўнасць пацвярджаюць поспехі эканомікі.
«Нельга спадзявацца толькі на рост цэн на золата ці іншыя вонкавыя фактары для павелічэння золатавалютных рэзерваў. Таму ў грашова-крэдытнай палітыцы мы зыходзім з неабходнасці забяспечыць збалансаваны ўнутраны валютны рынак. Для гэтага будзе праводзіцца ўзважаная грашова-крэдытная палітыка. Яна прадугледжвае разумны рост крэдытаў і працэнтныя стаўкі па дэпазітах, якія застануцца станоўчымі ў рэальным выражэнні — як адносна ўзроўню інфляцыі, так і інфляцыйных чаканняў насельніцтва. У цэлым, з пункту гледжання кантролю грашовай прапановы і грашовай масы, мы будзем імкнуцца як мінімум захаваць дасягнуты ўзровень золатавалютных рэзерваў», — падзяліўся планамі на гэты год ён.