«Вы — прыклад для тых, хто толькі пачынае свой шлях»
Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Рэспублікі. Высокія ўзнагароды з рук кіраўніка ўрада атрымалі прадстаўнікі прамысловасці, будаўніцтва, газавай галіны, сацыяльнага абслугоўвання, адукацыі, культуры, спорту, іншых сфер жыццядзейнасці. За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значныя дасягненні ў працоўнай дзейнасці яны атрымалі медалі «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» III ступені, Францыска Скарыны і Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
Падчас урачыстасці Аляксандр Турчын заўважыў, што Палац Рэспублікі традыцыйна становіцца месцам уручэння дзяржаўных узнагарод найлепшым прадстаўнікам галін.
«І сённяшні дзень — не выключэнне, — удакладніў Прэм’ер-міністр. — Для мяне вялікі гонар па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ўручыць вам заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды».
Па словах кіраўніка ўрада, сярод узнагароджаных — прадстаўнікі розных сфер, і кожны з іх робіць уклад у падмурак нашай агульнай будучыні.
«Дзякуючы сваёй упартасці і працавітасці вы дабіліся высокіх вынікаў, — адзначыў Аляксандр Турчын. — За вашымі дасягненнямі — гады працы і велізарная асабістая адказнасць. Вы ўсе прайшлі вялікі шлях. Кожны з вас рабіў сваю справу — сумленна і аддана. Штодзённай працай вы заслужылі павагу калег і прызнанне на дзяржаўным узроўні».

Як падкрэсліў Прэм’ер-міністр, дзяржаўная ўзнагарода — гэта не проста знак адрознення. «Гэта афіцыйнае прызнанне таго, што ваша праца мае значэнне для ўсёй краіны, — удакладніў ён. — Вы — прыклад для тых, хто толькі пачынае свой шлях. Няхай гэта высокая ацэнка дзяржавы стане для вас стымулам для новых дасягненняў. Разам мы зможам болей. Мы гэта ўжо даказалі».
Ад імя ўрада і сябе асабіста Аляксандр Турчын павіншаваў узнагароджаных з гэтай знамянальнай падзеяй у іх жыцці. Асобныя словы ўдзячнасці кіраўнік урада адрасаваў іх родным. «За кожнай узнагародай стаіць ваша сям’я, сябры, калегі, яны ўнеслі свой уклад у прызнанне вашых заслуг, — канстатаваў ён. — Няхай гэта ўзнагарода застанецца для вас пацвярджэннем таго, што краіна цэніць і ганарыцца такімі людзьмі. Жадаю вам моцнага здароўя, прафесійных перамог і дабрабыту».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Адчуваю радасць за нашу краіну, што ў нас дагэтуль захоўваюцца такія добрыя традыцыі»
Падзякі Прэзідэнта ўдастоена Галіна САЎЧАНКА, да нядаўняга часу дырэктар дзяржаўнай установы «Бабруйскі сацыяльны пансіянат «Каменка». Жанчына нядаўна пайшла на заслужаны адпачынак, але 25 гадоў кіравання сацыяльным пансіянатам не засталіся незаўважанымі.
«Работа ў сацыяльнай службы складаная, шматгранная і людская, — падзялілася яна ў размове з журналістамі. — Напэўна, так як нідзе чалавечнасць і людскасць цэняцца ў гэтай службе. І людзі, якія працуюць у сацыяльнай службе, трапляюць туды невыпадкова. Прэзідэнт цэніць працу не толькі рабочых, вучоных, а і працу сацыяльных работнікаў, якая незаўважная».
Заслужаны работнік сацыяльнай абароны (нагрудны знак да ганаровага звання Галіна Саўчанка ў свой час атрымала з рук кіраўніка дзяржавы) расказала, што ў сацыяльным пансіянаце «Каменка» пражывае 375 чалавек, у тым ліку інваліды першай і другой груп, людзі з няпростым лёсам. «Для іх дзяржавай створаны цудоўныя ўмовы, — заўважыла жанчына. — Яны жывуць так, як усе мы жывём. У іх ёсць і дах над галавой, і цеплыня, і людскі клопат. Наш калектыў імкнецца зрабіць разнастайным жыццё гэтых людзей».
Для загадчыка кафедры псіхіятрыі, наркалогіі, псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт» Андрэя КАПЫТАВА, узнагароджанага медалём «За працоўныя заслугі», гэта першая дзяржаўная ўзнагарода. «Адчуваю радасць за нашу краіну, што ў нас дагэтуль захоўваюцца такія добрыя традыцыі — напярэдадні значных дзяржаўных свят, такіх як Дзень Незалежнасці, узнагароджваць тых, хто дасягнуў поспехаў у пэўнай сферы», — канстатаваў ён.
З 1989 года Андрэй Капытаў займаецца медыцынай: працаваў і звычайным урачом, пасля паглыбіўся ў навуку. «Медыцына — тая галіна, у якой яшчэ многа нязведанага, таму вельмі цікава ёй займацца, — перакананы доктар медыцынскіх навук, прафесар. — Псіхіятрыя сёння развіваецца, напэўна, больш інтэнсіўна, чым іншыя раздзелы клінічнай медыцыны. Вельмі шмат пытанняў, якія не да канца даследаваны: тая ж псіхасаматыка, захворванні, звязаныя з біялагічнымі рытмамі жыцця, з яго ўкладам. Жыццё стала больш інтэнсіўным, нагрузка, інфармацыя — усё праходзіць праз галаўны мозг, таму патрабуе вывучэння. У сваёй дысцыпліне мы рухаемся нага ў нагу з вядучымі краінамі свету: усё, што ёсць сёння ў Амерыцы, Ізраілі, Германіі, ёсць у нас. Нам толькі застаецца добрасумленна выконваць свае абавязкі».
Медаля «За працоўныя заслугі» ўдастоены і дырэктар філіяла «Пінскае вытворчае ўпраўленне» вытворчага РУП «Брэстаблгаз» Аляксандр СІНКЕВІЧ. 41 год таму ён прыйшоў ва ўпраўленне газавай гаспадаркі Пінскага раёна. Працаваў майстрам, начальнікам службы, галоўным інжынерам, ужо амаль як 23 гады ўзначальвае ўпраўленне.
«За гэты час, дзякуючы нашаму Прэзідэнту, мы газіфікавалі прыродным газам амаль усё Палессе, — адзначыў ён. — Нягледзячы на тое, што нам на пяты наступае электрафікацыя, далей будзем працягваць газіфікацыю, ствараючы цяпло і ўтульнасць нашым жыхарам».