Top.Mail.Ru

За два месяцы работы выстаўкі ў ММВЦ пабывала больш за 450 тысяч наведвальнікаў

Выстаўка дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь» завяршыла работу 23 лютага. І сёння ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры не без гонару адзначаюць: леташні рэкорд пабіты! Экспазіцыю, мэтай якой было яшчэ раз падкрэсліць і наглядна прадэманстраваць дасягненні нашай краіны, наведала каля 452 тысяч чалавек.


Сёлета экспазіцыя расчыніла дзверы для наведвальнікаў 19 студзеня і працавала 57 дзён — даўжэй, чым летась, амаль удвая. І ўвесь гэты час яе залы не пуставалі: наведвальнікаў нават у будні было нямала, расказалі ў ММВЦ. Больш чым за восем тыдняў жыхары і госці краіны яшчэ раз азнаёміліся з гісторыяй Беларусі, адначасова вывучаючы магчымасці інавацыйных тэхналогій, паведаміла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа» Вікторыя Агафонава.

Высокі інтарэс у грамадстве да выстаўкі цалкам абгрунтаваны, падкрэсліваюць у ММВЦ:

— Дваццаць тысяч квадратных метраў, адзінаццаць тэматычных зон, імерсійныя тэхналогіі, віртуальныя актыўнасці і стэнды — «Мая Беларусь» ужо не першы год выходзіць за рамкі ўяўленняў пра тое, як можа выглядаць экспазіцыя, — падкрэсліла суразмоўніца. — Тут было прадстаўлена ўсё: ад традыцый беларускага мінулага да інавацый будучыні. Дзясяткі інтэрактыўных зон і сотні экспанатаў...

Па сутнасці, экспазіцыя станавілася для наведвальнікаў унікальным падарожжам у мінулае, сучаснасць і будучыню.

— Кожная лакацыя адлюстравала сутнасць беларускай ідэнтычнасці, — растлумачыла Вікторыя Агафонава. — Наведвальнікі маглі вывучыць інавацыі, даведацца новае пра культуру і традыцыі, убачыць дасягнутае беларусамі за гады суверэнітэту. Кожны рэгіён быў прадстаўлены вельмі шырока. Госці змаглі ацаніць поспехі нашай краіны ў самых розных сферах: ад машынабудавання да медыцыны, на зямлі і ў космасе.

Яшчэ адной «фішкай» выстаўкі «Мая Беларусь» стала насычаная культурная праграма, і гэта таксама, безумоўна, працавала на яе папулярнасць. Ствараць атмасферу свята і добрага настрою дапамагаў марафон творчасці і забаў у зоне культурных праектаў. Сёлета яна дапоўнілася высоўнай трыбунай-трансформерам на больш чым 1,8 тысячы месцаў.

— На працягу двух месяцаў у канцэртнай зале Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра BELEXPO выступіла больш за 133 творчыя калектывы, адбылося 65 яркіх мерапрыемстваў, — паведаміла намеснік дырэктара па выставачнай дзейнасці Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа». — Паглядзець на маштабную падзею прыязджалі людзі з розных куткоў краіны. Два часовыя аўтобусныя маршруты, арганізаваныя для тых, хто хацеў наведаць выстаўку, з 19 снежня здзейснілі больш за 6 тысяч рэйсаў.

Дарэчы, у апошні дзень работы выстаўкі — у Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — у ММВЦ выступіў Узорна-паказальны аркестр Узброеных Сіл і драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Аляксандра Анцэлевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю