Top.Mail.Ru

За амаль 64-гадовую гісторыю легендарны цягнік «Беларусь» перавёз больш чым 11 мільёнаў пасажыраў

Калі «двойка» — значыць «выдатна»

Цягнік № 1/2 «Беларусь» называюць візітнай карткай Беларускай чыгункі. У свой час ён стаў першым фірменным цягніком на прасторах СССР і прывабліваў пасажыраў бездакорным сэрвісам, чысцінёй, утульнасцю і прафесійнай работай праваднікоў. Гэты цягнік выбіралі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы, зоркі эстрады, тэатра, кіно і спорту. З гадамі ўдасканальваўся ўнутраны інтэр’ер вагонаў, змяняліся цягніковыя брыгады, але нязменнай застаецца высокая ацэнка якасці фірменнага цягніка, на бартах якога красуецца назва нашай краіны.

Месца прапіскі саставу — Мінскі вагонны ўчастак Мінскага аддзялення Беларускай чыгункі. Шэсць разоў, пачынаючы з 2003 года, гэта падраздзяленне станавілася лаўрэатам прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці. І вось — сёмая ўзнагарода: па выніках работы за 2025 год Мінскі вагонны ўчастак атрымаў званне лаўрэата конкурсу «Прадукт года» ў галіне аказання паслуг насельніцтву. Ці трэба казаць пра тое, хто на гэтым конкурсе быў галоўнай зоркай вагоннага ўчастка?

Сустрэча на пероне

Марозная лютаўская раніца, станцыя «Мінск-Пасажырскі». На гадзінніку — 7.20. Бачым здалёк: разразаючы магутным ліхтаром перадсвітальную цемру, да першага пуці набліжаецца цягнік. Пакуль састаў тармозіць, назіраем праз вокны, што пасажыраў у вагонах шмат. Фірменны цягнік «Беларусь» па-ранейшаму папулярны, паездкі на ім маюць попыт, нягледзячы на немалы кошт білетаў і шырокі выбар альтэрнатыўных варыянтаў. Час ранні, аднак і на пероне не пуста — традыцыя сустракаць родных, сяброў і знаёмых нікуды не знікла. А мы тут па рэдакцыйнаму заданню — сустракаем цягніковую брыгаду.


Пакуль дзяўчыны-правадніцы, апусціўшы на перон спецыяльныя трапы (каб людзі маглі бяспечна сысці з цягніка), праводзяць сваіх пасажыраў, мы, наадварот, «ловім» гасцей, якія прыехалі ў Мінск, просім падзяліцца сваімі ўражаннямі ад паездкі. Дарэчы, народ з вагонаў выходзіў бадзёры і ўсмешлівы, нібы і не было дзесяці гадзін дарогі. Кожны абавязкова дзякаваў правадніцам, і гэта была не проста даніна павагі, а шчырае «дзякуй» за прыемна праведзены ў дарозе час.

Расіянка Надзея прыехала ў Беларусь адпачыць і аздаравіцца:

— Мой адпачынак пачаўся адразу, як толькі я села ў цягнік. Настолькі цёплай, утульнай і камфортнай была атмасфера! Паклала галаву на падушку — і заснула. Спала ўсю дарогу, аднак не таму, што стамілася, а таму, што ў цягніку спакойна, ніякіх клопатаў і трывог. Менавіта такую абстаноўку ў дарозе і забяспечваюць сапраўдныя прафесіяналы.

Трымаць высокую планку

Састаў апусцеў, дзяўчаты пайшлі рыхтавацца да сваёй, мабыць, самай ранняй фотасесіі, а мы гутарым з начальнікам цягніка Уладзімірам БАЗЫЛЕВЫМ. Дарэчы, ён — вопытны чыгуначнік, 27 гадоў працуе ў вагонным участку, 20 — на фірменным цягніку. З яго слоў, з Расіі ў Мінск «Беларуссю» дабіраюцца не толькі масквічы і нашы землякі, якія вяртаюцца дадому:


— З розных гарадоў людзі едуць — з Ніжняга Ноўгарада, з Казані, нават з Далёкага Усходу. Аднак няважна, адкуль нашы пасажыры, — важна, чаму яны выбіраюць менавіта гэты цягнік і якія патрабаванні прад’яўляюць да сэрвісу, камфорту, абслугоўвання. А яны досыць высокія.

Калі казаць пра камфорт і сэрвіс, то прасцей пералічыць тое, чаго няма ў фірменнай «Беларусі», таму што тут ёсць усё ці амаль усё: у складзе цягніка — плацкартныя, купэйныя вагоны і СВ, а таксама вагон-рэстаран. Усе вагоны абсталяваны неабходнымі бытавымі прыладамі, відэаапаратурай, электроннымі табло і шмат чым іншым. Пацверджанне слоў Уладзіміра Генадзевіча мы ўбачылі на свае вочы — інтэр’еры купэ сучаснага дызайну. Спецыялісты дадалі, што ў гэтых невялікіх памяшканнях для пасажыраў ёсць і эрганоміка, і экалагічна чыстыя бяспечныя матэрыялы. Тут працуюць найлепшыя маладзёжныя брыгады праваднікоў, атэставаныя на права абслугоўваць фірменныя цягнікі.

Зладжаная каманда

Цікавімся ў начальніка цягніка: хто і як можа стаць членам яго каманды, ці ёсць нейкі адмысловы адбор?

— Вядома, ёсць. Быць правадніком фірменнага цягніка — асаблівы статус, — тлумачыць ён. — Як мінімум павінен быць вопыт работы не менш за два гады. Далей праваднік праходзіць атэстацыю на права абслугоўвання фірменнага цягніка. Пасля паспяховага праходжання — калі ласка!


У камандзе Уладзіміра Базылева 18 правадніц. Аб сваім калектыве ён адклікаецца з цеплынёй:

— Мне нават не даводзіцца быць з дзяўчатамі строгім. Усё разумеюць, усё ведаюць і ўсё выдатна робяць самі. Тут адбіваюцца і вопыт, і зроблены ў свой час усвядомлены выбар. На самай справе работа правадніка, асабліва ў фірменным цягніку, нялёгкая і клапотная, са сваімі нюансамі — шэсць дзён дзяўчыны ў шляху, шэсць — адпачываюць. Да таго ж самы высокі сезон у нас — лета, таму ў адпачынкі ходзім у асноўным зімой. Работа з людзьмі сама па сабе вельмі адказная. Дзень распісаны па хвілінах, і кожная хвіліна насычана рухам — ад экіпіроўкі і ўборкі да поўнай падрыхтоўкі цягніка да чарговай паездкі.

І гэта, на думку начальніка цягніка, вельмі важны момант, бо старажытная народная мудрасць аб сустрэчы па адзежцы застаецца актуальнай і сёння:

— Першы этап — знаёмства, калі пасажыр заходзіць у вагон. Ён бачыць чысціню і парадак, засланыя паліцы, фіранкі, начныя шторкі і кілімы на падлозе. Знаёмства з сэрвісам працягваецца, і пасажыр даведваецца, што ён можа скарыстацца Wі-Fі, разагрэць хатнюю ежу ў мікрахвалевай печы альбо пакласці прадукты ў халадзільнік. Да таго ж пасажыры могуць ацаніць перавагі аўтаматычнай кліматычнай устаноўкі, якая ў спякоце дае прахалоду, а ў холад — цяпло. А яшчэ вагоны ў нас абсталяваны экалагічна чыстымі вакуумнымі туалетамі, якімі можна скарыстацца ў любы час.

І першую дапамогу акажуць

Адчуваць пасажыра, клапаціцца пра яго бяспеку і даставіць жывым-здаровым з пункта «А» ў пункт «Б» — адзін з асноўных крытэрыяў якаснага абслугоўвання. Пасажыры фірменнага цягніка — звычайныя людзі. Са сваімі звычкамі жаданнямі і... хваробамі. Здараецца, што ў дарозе камусьці становіцца дрэнна.

— На жаль, сутыкаемся і з такім, — дзеліцца Уладзімір Базылеў. — Таму ў абавязковым парадку ў кожным вагоне маецца аптэчка, а нашы правадніцы могуць аказаць першую медыцынскую дапамогу — гэтаму яны навучаліся на спецыяльных курсах. Калі камусьці патрабуецца кваліфікаваная дапамога, а тым больш у крытычнай сітуацыі, спыняемся на найбліжэйшай станцыі, дзе перадаём хворага ўрачам.

Адчуваць пасажыра

Галоўная мэта для правадніка Ірыны НЕВЯДОМСКАЙ — каб пасажыры ў яе вагоне адчувалі сябе як дома. А гэта значыць — у камфорце і цяпле, у тым ліку душэўным.


Ірына працуе правадніком з 2012 года, ездзіла і далёкімі рэйсамі на цягніках «Мінск — Адлер». А ў 2019-м яе запрасілі працаваць на «двойцы». Да гэтага часу яна ўжо з’яўлялася мамай дваіх дзяцей, таму рашэнне прымалі па-сямейнаму, узважана і свядома.

— Дамовіліся, што на працягу года мы ўсе — я, мая сям’я — паспрабуем і вырашым, ці справімся, ці ўдасца сумяшчаць работу на фірменным цягніку з «абавязкамі» мамы і жонкі. У нас усё атрымалася, — усміхаецца Ірына.

Яна ўпэўнена, што да кожнага пасажыра неабходны свой падыход, трэба адчуваць яго: каму падыходзіць дзеючы тэмпературны рэжым, а хто хоча цяплей ці, наадварот, халадней.

— Ёсць такія катэгорыі пасажыраў, якія прыйдуць і скажуць, што б ім хацелася палепшыць або памяняць, а ёсць і такія, якія сыйдуць з цягніка і не скажуць пра свае пажаданні. Добра, калі першых больш, — мы павінны ведаць, чаго хочуць людзі. 


А мы хочам, каб яны вярталіся да нас яшчэ і яшчэ. З усмешкай і добрым настроем.

...Праз некаторы час састаў адбыў на станцыю «Багатырова» — падрыхтавацца да рэйсу, да сустрэчы з пасажырамі. Раз’ехалася па дамах і цягніковая брыгада. У яе членаў ёсць некалькі гадзін, каб абняць блізкіх і адпачыць у родных сценах, якія, як вядома, заўсёды дапамагаюць. А ўвечары — зноў у цягнік. Шчаслівай дарогі, «двоечка»!

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю