Чалавек усё ж — істота небездакорная. У ходзе эвалюцыі ў нашым арганізме сфарміраваліся асаблівыя характарыстыкі, якія цяпер дазваляюць прыстасоўвацца да зменлівых умоў жыцця. Тым не менш мы ўжо неаднаразова абмяркоўвалі і наяўнасць шэрагу недахопаў і памылак. Аб гэтым працягваем размову з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, членам Беларускага саюза журналістаў Гуменам ГАРБАННІДЖАДАМ.

— Доктар, недахопаў у арганізме захавалася насамрэч шмат. Чаму мы дагэтуль ад іх не пазбавіліся?
— Галоўная задача эвалюцыі — выжывальнасць біялагічнага аб’екта, а не яго прыгажосць і ідэальнасць. Ліквідуюцца недахопы, несумяшчальныя з жыццём. Класічным доказам нашай неідэальнасці можа паслужыць зваротны гартанны нерв. Чаму менавіта ён? Гэта прыклад эвалюцыйнай «спадчыны», які ёсць ва ўсіх млекакормячых. Як і ў чалавека, ён адыходзіць ад блукаючага нерва, які ідзе з мозга, абгінае дугу аорты ці іншую буйную артэрыю і ідзе назад да гартані. У рыб, напрыклад, гэты нерв даходзіць да сэрца, ідзе за яго, выгінаецца і вяртаецца да горла — гэта найбольш лагічны маршрут. Цікавае яго размяшчэнне ў целе жырафы з доўгай шыяй. Даўжыня гэтага нерва ў яе дасягае некалькіх метраў. Лічыцца, што шыя млекакормячага расцягнула гэту «пятлю» ўверх і ўніз даволі марнатраўна.
А яшчэ хачу нагадаць пра так званае «спазненне эвалюцыі» — гэта стан, пры якім біялагічныя механізмы чалавека, сфарміраваныя за мільёны гадоў для выжывання ў дзікай прыродзе, не паспяваюць адаптавацца да зменлівых умоў жыцця. Як прыклад прывяду насавыя пазухі. У жывёл са слабаразвітым нюхам і чалавека яны маленькія, а ў жывёл з моцным нюхам — шырокія. У чалавека выхад з пазух, асноўнай задачай якіх з’яўляецца забеспячэнне адтоку слізі і вентыляцыя, знаходзіцца ніжэй дна. З-за гэтага людзі часта хварэюць вострымі рэспіраторнымі захворваннямі. Насавыя пазухі ў жывёл, у сваю чаргу, ачышчаюцца натуральным шляхам — слізістая абалонка выпрацоўвае сакрэт, які разам з пылам, брудам і мікраарганізмамі выводзіцца вонкі. Увогуле, вобраз, які мы штодня бачым у люстэрку, і органы ўнутры — вынік мільёнаў гадоў эвалюцыі, а ўсе недахопы нам дасталіся ад продкаў.
— Навошта нам веданне сваіх недахопаў?
— Адна справа — ведаць і прадаўжаць лічыць сябе ідэалам. Зусім іншая — усведамляць і працаваць над імі, перашкаджаць узнікненню наступстваў. Безумоўна, веданне не пазбаўляе нас ад памылкі цалкам, але гэта ўсё роўна што мець ліхтар у цемры — заўсёды можна скарыстацца ім і паглядзець, куды ісці дакладна не варта.
— Назіраецца такая тэндэнцыя, што да сваіх недахопаў, асаблівасцяў, нават да ўласных перакананняў мы ставімся з разуменнем, а ўсё іншае для нас незразумелае... Чаму так адбываецца?
— Гэта даволі распаўсюджаная з’ява, калі ў адносінах да іншых рэлігій і ідэалогій, якія нас не датычацца, мы ставімся скептычна. Мы асуджаем іншых за звычкі, якія ў корані адрозніваюцца ад нашых, пры гэтым не надта задумваючыся, што самі можам стаць ахвярамі няправільных рашэнняў або памылковых дзеянняў. Ёсць такое паняцце, як «групавая памылка».
З-за страху і сумненняў большасць людзей паўтараюць тое, што робяць іншыя, і толькі 10 % ад агульнай масы — тыя, хто ідуць супраць плыні, шукаюць свае ідэі, спрабуюць новае, эксперыментуюць.
Яшчэ адна прычына заключаецца ў выхаванні. Мы ўжо казалі пра гэта раней. У маленькім узросце, да з’яўлення ў дзіцяці лагічнага мыслення, яно толькі вывучае свет і не мае магчымасці аналізаваць навязаныя ідэі. Дзеці могуць стаяць у храме і зусім не разумець сакральны сэнс. Іх не вучаць задавацца пытаннем: «Чаму я павінен лічыць гэту ідэю адзіна правільнай?» А ў цэлым навязаныя ідэі перашкаджаюць развіццю.
— Наш мозг пастаянна знаходзіцца ў страху ў тым выпадку, калі аднойчы яму былі навязаныя пэўныя ідэі?
— У крытычныя моманты цэнтральны орган нервовай сістэмы пачынае думаць лагічна. Запэўніваю, калі, напрыклад, з цяжкай хваробай сутыкнецца святар, яго не вылечаць рэлігійныя абрады. Прыходзячы да ўрача, ён наўрад ці супакоіцца парадай аб малітве за здароўе. Паверце, чалавек будзе патрабаваць навуковага падыходу да справы.
— У сучасным свеце гэты падыход, напэўна, і ёсць галоўны фактар развіцця.
— Безумоўна. Навука — рэч, якая патрабуе ўкладання вялікіх грашовых сродкаў. Не кожная краіна можа дазволіць сабе развіваць яе. Для гэтага таксама патрэбныя людзі, для якіх высокая навуковая ступень вызначае не статус, а лад жыцця. Яны ўсё жыццё знаходзяцца ў пошуку адказаў на складаныя пытанні. Яны не абапіраюцца на чужыя думкі. Варта памятаць, што вучоная ступень не перадаецца ў спадчыну. У кожнага свой шлях. Мендзялеева і яго перыядычную сістэму хімічных элементаў, якая дазволіла яму набыць статус вучонага, ведае ўвесь свет. Мы памятаем і пра існаванне псеўдавучоных, развіццё групы якіх хутка можа прывесці да ўзнікнення «дзяржавы ў дзяржаве», а такога быць не павінна. Навука прызнае свае памылкі і самаўдасканальваецца, а рэлігія нязменная. Яны, вядома, могуць суіснаваць, але прыярытэт навукі ў развіцці грамадства і краіны відавочны.
У наступнай публікацыі мы даведаемся, чаму развіццё навукі — стратэгічна важная для кожнай краіны рэч.
Яна ВАЛАСАЧ