Top.Mail.Ru
205

З якімі пытаннямі звяртаюцца да міліцыянераў падчас прыёму грамадзян

У грамадскім пункце аховы правапарадку № 603 Першамайскага раёна адбыўся чарговы прыём грамадзян, які правёў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Першамайскага РУУС Мінска Станіслаў Карнееў.

Для жыхароў раёна гэта не проста фармальная сустрэча. Да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў яны звяртаюцца з пытаннямі, якія хвалююць больш за ўсё і не заўсёды маюць адназначнае рашэнне.

Станіслаў Карнееў — участковы, які дасканала ведае свой раён, яго жыхароў і праблемныя месцы. Шматгадовы досвед службы дапамагае яму знаходзіць падыход да кожнага, выслухоўваць абодва бакі канфлікту і разбірацца нават у нестандартных сітуацыях, дзе важныя не толькі веды заканадаўства, але і чалавечы ўдзел.

Аднымі з першых на прыём прыйшлі дзве пенсіянеркі. Жанчыны расказалі, што сусед рэгулярна шуміць вечарам і праводзіць рамонтныя работы ў гадзіны, калі гэта забаронена, перашкаджаючы жыхарам адпачываць. Выслухаўшы заяўніц, участковы вырашыў падысці да сітуацыі аб’ектыўна і звязаўся з другім бокам канфлікту. У ходзе размовы высветлілася, што сам мужчына не парушае заканадаўства, але таксама перыядычна чуе шум.

— Нагадваю, што шумець у жылых дамах забаронена з 23:00 да 7:00. За парушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь, паўторна — ад дзесяці і вышэй, — акцэнтаваў увагу ўсіх удзельнікаў афіцэр.

Станіслаў Карнееў растлумачыў заяўніцам парадак фіксацыі падобных фактаў: парэкамендаваў адзначаць канкрэтныя даты і час правапарушэнняў, каб пры далейшым разглядзе можна было правесці пакватэрнае апытанне і ўстанавіць рэальнага парушальніка спакою.

Затым на прыём прыйшла сямейная пара. Іх непакоілi паводзіны сына — вучня 8 класа, які сістэматычна прагульвае школу, спасылаючыся на тое, што праспаў, і не праяўляе цікавасці да вучобы. Участковы падрабязна абмеркаваў з бацькамі магчымыя прычыны такіх паводзін, звярнуў увагу на неабходнасць комплекснага падыходу і звязаўся з інспектарам па справах непаўналетніх, каб сітуацыя была разгледжана з прафілактычнага боку.

— Участковы інспектар па справах непаўналетніх пагутарыць з падлеткам, правядзе прафілактычную гутарку. Але трэба разумець — магчыма, давядзецца задзейнічаць і іншых спецыялістаў: псіхолага або школьнага сацыяльнага педагога. Важна разабрацца ў прычынах такіх паводзін, а не караць або чытаць настаўленні, — далікатна падсумаваў міліцыянер. — Пагаварыце з сынам па душах, станьце яму сябрам, і, магчыма, гэта будзе першым крокам да вырашэння сітуацыі.

Пажылая жанчына прыйшла на прыём, кааб выказаць удзячнасць інспектару. Раней яна звярталася да ўчастковага з просьбай пагутарыць з сынам, які звольніўся з працы, а пасля сваркі з былой жонкай пачаў ужываць алкаголь і канфліктаваць з маці. Праваахоўнік тады растлумачыў мінчаніну, да чаго можа прывесці такі лад жыцця, прывёў прыклады з практыкі. Неўзабаве гараджанін уладкаваўся на працу і пачаў весці здаровы лад жыцця.

— Прафілактычная работа — важны кірунак службовай дзейнасці. Часам дастаткова простай размовы, каб пераканаць у чымсьці чалавека або папярэдзіць здзяйсненне супрацьпраўных дзеянняў, — адзначыў афіцэр.

Кожны зварот — напамін пра тое, што ўчастковы інспектар міліцыі застаецца найбольш блізкім да людзей прадстаўніком праваахоўнай сістэмы. Да яго звяртаюцца не толькі з заявамі аб правапарушэннях, але і з асабістымі, часам няпростымі пытаннямі, якія патрабуюць увагі, такту і даверу. Работа ўчастковага — гэта штодзённы дыялог з насельніцтвам, дзе строгасць закона спалучаецца з разуменнем чалавечых абставін. І менавіта такі падыход дазваляе не толькі вырашаць канфлікты, але і папярэджваць іх яшчэ да таго, як яны перарастуць у сур’ёзныя праблемы

Сталічныя ўчастковыя інспектары міліцыі кожную сераду праводзяць прыём грамадзян ва ўсіх грамадскіх пунктах аховы правапарадку з 17:00 да 20:00. Усе ахвотныя могуць звяртацца да іх па пытаннях, якія адносяцца да кампетэнцыі органаў унутраных спраў.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Першамайскага РУУС г. Мінска

Чытайце таксама: Сталічныя праваахоўнікі праінфармавалі замежных студэнтаў аб асаблівасцях міграцыйнага заканадаўства Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю