У склад Жлобінскай выбарчай акругі № 40 уваходзяць горад Жлобін, Навамаркавіцкі, Кастрычніцкі, Стараруднянскі, Стрэшынскі і Пірэвіцкі сельсаветы. Агульная колькасць выбаршчыкаў — звыш 63 тысяч, таму для дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Аляксандра Малабіцкага работа з насельніцтвам мае надзвычай важны сэнс.
«Зразумець сутнасць кожнага пытання, з якім да мяне звярнуліся людзі, лічу ў сваёй дэпутацкай дзейнасці прыярытэтам. Вядома, што тыдня работы ў акрузе не хапае, каб удзяліць увагу жыхарам усіх сельсаветаў, аднак выкарыстоўваю гэты час з максімальнай карысцю: маніторынгі цэн, сустрэчы з працоўнымі калектывамі і прыёмы грамадзян. Падпісчыкі майго тэлеграм-канала бачаць, якімі мерапрыемствамі насычаны графік падчас кожнага візіту на Жлобіншчыну, аднак шмат работы застаецца і за кадрам, у прыватнасці вырашэнне пытанняў выбаршчыкаў з органамі мясцовай выканаўчай улады», — расказвае Аляксандр Аляксандравіч.
З мая 2024 падчас асабістых прыёмаў грамадзян да дэпутата Малабіцкага паступіла 34 звароты ад грамадзян і адзін ад юрыдычнай асобы. Тэмы, з якімі звяртаюцца вяскоўцы і гараджане, тыповыя для ўсіх рэгіёнаў нашай краіны: якасць жыллёва-камунальнай гаспадаркі, стан дарог і пад’ездаў да жылых дамоў, правядзенне новай сеткі электраперадачы з мэтай усталявання электракатлоў. Падключыўшы спецыялістаў ЖКГ, удалося аказаць садзейнічанне жыхарам прыватнага дома ў мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы «Заходні» ў павышэнні магутнасці электразабеспячэння, арганізаваць пад’езд да дома на вуліцы Савецкай, добраўпарадкаваць пешаходныя дарожкі па вуліцы Прамысловай, узмацніць вулічнае асвятленне каля прыватнага дома ў г. п. Стрэшын і іншае.
«Даволі доўгі час на канчатковым аўтобусным прыпынку „Дэпо“ на разваротнай пляцоўцы было пакрыццё, якое хутка ператваралася ў ямы і гразь у непагадзь. Нарэшце пытанне з асфальтаваннем гэтага аб’екта вырашылася, што дазволіла павысіць не толькі якасць жыцця гараджан, але і давер выбаршчыкаў да дэпутацкага корпуса і мясцовай улады», — успамінае дэпутат.
Звяртаюцца да Аляксандра Аляксандравіча не толькі з праблемнымі пытаннямі, але і з прапановамі, што сведчыць аб павышэнні актыўнасці грамадзянскай пазіцыі насельніцтва і неабыякавасці да узроўню жыцця ў акрузе, развіцці краіны ў цэлым. Так, адзін з заяніўкаў прапанаваў унесці змяненні ў заканадаўства па павелічэнні тэрмінаў будаўніцтва жылога дома і аб дзяржаўнай падтрымцы на пачатковым этапе прадпрымальніцтва. Сумесна з Навукова-практычным цэнтрам праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь вывучаецца пытанне аб аднаўленні ў назве «Азарыцкі лагер смерці» слова «канцэнтрацыйны» — у мэтах захавання гістарычнай праўды з такой прапановай звярнулася былая малалетняя вязніца гэтага лагера. У 2024 годзе пры фінансавай падтрымцы дэпутацкага корпуса з ліку работнікаў і кіраўнікоў Беларускага металургічнага завода напярэдадні 40-годдзя прадпрыемства была ўсталявана новая брэндзіраваная дзіцячая пляцоўка непадалёк ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
«І гэта, я ўпэўнены, далёка не ўсё. Скарбонка добрых спраў у Жлобінскай выбарчай акрузе № 40 будзе поўніцца новымі здзяйсненнямі на карысць грамадзян. Галоўнае — выслухаць і прапусціць праблему праз сябе, знайсці правільнае рашэнне сумесна з органамі мясцовай улады і адказнымі арганізацыямі», — заключыў Аляксандр Малабіцкі.
Фота з архіва дэпутата