Нагадваем, участковыя інспектары міліцыі ва ўсіх грамадскіх пунктах аховы правапарадку сталіцы па серадах ажыццяўляюць прыём грамадзян з 17:00 да 20:00. Як прайшоў прыём грамадзян участковым інспектарам міліцыі ў Савецкім раёне, даведаліся карэспандэнты «Звязды».
Участковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Савецкага РУУС Мінска Валерыя Каласёнак сустракалася з жыхарамі свайго раёна ў грамадскім пункце аховы правапарадку № 703.
У прыватнасці, Аксана Іванаўна звярнулася да ўчастковага інспектара наконт шумных суседзяў: жыхары гучна слухаюць музыку ў неналежны час. Самастойна ўрэгуляваць сітуацыю не атрымалася. Валерыя Каласёнак растлумачыла парадак дзеянняў у такіх выпадках, нагадала аб дзеючым заканадаўстве і мерах адказнасці за яго парушэнне.
«Шумець у жылых дамах забаронена з 23:00 да 7:00, — канкрэтызавала ўчастковы інспектар. — Адказнасць прадугледжана артыкулам 22.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. За парушэнне пагражае штраф у памеры ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь, паўторна — ад дзесяці і вышэй».
Афіцэр узяла гэта пытанне на кантроль. Пасля заканчэння прыёму грамадзян плануе наведаць канфліктных суседзяў для правядзення прафілактычнай гутаркі.
Ірыну Пятроўну, якая наступнай прыйшла на прыём, турбуюць паводзіны падлеткаў у грамадскіх месцах. «Я маладая мама, часта з дзіцем гуляю на дзіцячай пляцоўцы. Акрамя нас, вядома ж, яшчэ гуляюць дзеці розных узростаў. Часта прыходзяць падлеткі, якія на вачах у маленькіх дзяцей лаюцца нецэнзурна і кураць вэйпы. На просьбы не рабіць так, непаўналетнія рэагуюць з агрэсіяй», — расказала занепакоеная жанчына.
Праваахоўнік адзначыла, што за курэнне ў забароненым месцы і хуліганскія дзеянні прадугледжана адміністрацыйная адказнасць і штраф. Калі парушальнікам з’яўляецца непаўналетні, які не дасягнуў узросту прыцягнення да адказнасці, то да адміністрацыйнай адказнасці могуць быць прыцягнуты яго бацькі па артыкуле 10.3 (Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей) КаАП. Афіцэр запісала адрас дзіцячай пляцоўкі і ў бліжэйшы час разам з інспектарамі інспекцыі па справах непаўналетніх паназірае за тым, што адбываецца, правядзе неабходныя размовы са школьнікамі і іх бацькамі.
У сувязі з ростам колькасці ашуканскіх схем, у тым ліку ў інтэрнэце, грамадзяне цікавіліся спосабамі абароны ад падману і дзеяннямі ў выпадку, калі яны сталі ахвярай ашуканцаў. Участковы інспектар міліцыі нагадала, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, банкаўскіх і іншых устаноў не тэлефануюць і не пішуць грамадзянам у месенджарах.
«Калі невядомыя па тэлефоне патрабуюць здзейсніць якія-небудзь маніпуляцыі з фінансамі (задэклараваць, пакласці на бяспечны рахунак, аддаць кур’еру і г. д.), неадкладна спыніце размову і паведаміце аб гэтым у міліцыю», — папярэдзіла Валерыя Каласёнак.
Сустрэча з жыхарамі раёна — гэта важны інструмент для аператыўнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў максімальна аператыўна рэагуюць на ўсе звароты, праводзяць прафілактычную работу, тлумачаць заканадаўства.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Савецкага РУУС Мінска