Спадчынныя нюансы
Памерла маці — уласнік кватэры. Засталіся двое дарослых дзяцей: сын і дачка. У дадзенай кватэры прапісаны сын. Дачка зарэгістраваная па іншым адрасе. Мужчына знаходзіцца ў ЛПП. Тэрмін звароту да натарыуса для прыняцця спадчыны (шэсць месяцаў з дня смерці маці) скончыцца раней за час знаходжання ў ЛПП. У сувязі з гэтым ці можа сын памерлай напісаць ліст натарыусу аб прыняцці спадчыны, каб укласціся ў тэрміны? Ці ён можа звярнуцца з гэтым пытаннем пасля заканчэння шасці месяцаў?
Ганна, Гомельская вобласць
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Алена РУБІС:
— У адпаведнасці з артыкулам 1070 ГK прыняцце спадчыны ажыццяўляецца падачай заявы натарыусу па месцы адкрыцця. Сын можа яе напісаць і накіраваць поштай на працягу ўказанага тэрміну. У заяве ўказваюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства (знаходжання), даныя спадчынадаўцы, дата яго смерці, апошняе месца жыхарства і паведамляецца, што адпаведнай заявай чалавек прымае спадчыну.
Разам з тым неабходна адзначыць, што прызнаецца, калі не даказана іншае, што спадчына прынята, калі асоба фактычна ўступіла ў валоданне або кіраванне маёмасцю. А менавіта, калі спадчыннік:
- прыняў меры да захавання маёмасці, абароны яе ад замахаў або дамаганняў трэціх асоб;
- аплаціў за свой кошт выдаткі на ўтрыманне маёмасці;
- аплаціў за свой кошт даўгі спадчынадаўцы або атрымаў ад трэціх асоб прыналежныя яму сумы.
У адпаведнасці з часткай другой пункта 119 Інструкцыі аб парадку ўчынення натарыяльных дзеянняў адным з доказаў, якія пацвярджаюць фактычнае ўступленне ў валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю, з’яўляецца дакумент, які змяшчае інфармацыю аб пражыванні спадчынніка на дзень адкрыцця спадчыны або на працягу ўстаноўленага тэрміну для яе прыняцця па адным адрасе са спадчынадаўцам (даведка аб апошнім месцы жыхарства спадчынадаўцы і складзе яго сям’і на дзень смерці).
Таму, калі сын пазначаны ў даведцы аб апошнім месцы жыхарства спадчынадаўцы і складзе яго сям’і на дзень смерці, то ён будзе лічыцца фактычна ўступіўшым у валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю. Аднак сын можа накіраваць натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заяву аб тым, што ён спадчыну прымае.
Ці патрэбна пісьмовая адмова?
Нядаўна памёр бацька. Яго жонка (мая мама) і я прапісаны разам з ім у кватэры ў Віцебску. Я хацела б аформіць адмову ад атрымання ў спадчыну ўсёй маёмасці на яе карысць, але знаходжуся ў ад’ездзе і не маю магчымасці асабіста прыйсці да натарыуса. Ці магу я не пісаць адмову? Ці будзе спадчына ў такім выпадку перададзена маёй маці па заканчэнні паўгода пасля смерці бацькі, калі яна сама звернецца да натарыуса асабіста?
Вікторыя, Віцебск
Адказвае натарыус Мінскай гарадской натарыяльнай акругі Сафія СНАПОК:
— Адмова ад спадчыны магчыма да заканчэння шасцімесячнага тэрміну з дня смерці спадчынадаўцы. У названы тэрмін спадчыннік мае права накіраваць заяву аб гэтым у адрас натарыяльнай канторы па пошце. На заяве аб адмове ад спадчыны сапраўднасць подпісу павінна быць засведчана натарыусам або службовай асобай, упаўнаважанай здзяйсняць натарыяльныя дзеянні. Калі вы былі зарэгістраваны разам са спадчынадаўцам, то адсутнасць заявы аб адмове ад спадчыны да вышэйпаказанага тэрміну будзе расцэнена як фактычнае прыняцце спадчыны.
Паважаныя чытачы, калі ў вас ёсць пытанні, якія датычацца натарыяльнай дзейнасці, дасылайце іх у рэдакцыю «Звязды» на электронны адрас: zvarot@zvіazda. by — ці звычайным пісьмом на адрас: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а — з пазнакай «Пытанне натарыусу», і вы абавязкова атрымаеце адказы ад прафесіяналаў на старонках газеты.
Віктар ЛЮБІМАЎ