Top.Mail.Ru

З Указа Прэзідэнта пачаўся адлік будаўніцтва Гістарычнага музея

Рашэнне пра гэта прыняў кіраўнік дзяржавы, яно зацверджана асобным указам 5 лютага. Справа адметная ад пачатку, бо праз свой удзел у ёй могуць зрабіць унёсак у гісторыю і культуру краіны людзі ва ўзросце да 31 года. Статус — «Усебеларуская маладзёжная будоўля» — падкрэслівае неабходнасць далучэння да нацыянальнай спадчыны пакалення, якое скіравана на будучыню.


Навіна пра тое, што новы будынак гістарычнага музея з’явіцца ў Мінску па вуліцы Арлоўскай, узрушыла як людзей, якія былі знаёмыя з яго экспазіцыяй і актыўна цікавіліся выстаўкамі, так і спецыялістаў, даследчыкаў, гісторыкаў.

— Для любой краіны гістарычны музей — асноўны сярод іншых музеяў. У залежнасці ад таго, наколькі дзяржава клапоціцца пра якасць і насычанасць экспанатамі гістарычнага музея, можна меркаваць, наколькі для краіны дарагая яе спадчына, усё тое, што звязана з мінулым, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Аляксандр Храмы. — У нашай краіне на працягу 30 гадоў незалежнасці вялася планамерная работа па стварэнні новых музеяў. Мы вельмі рады, што гэты працэс заўсёды быў на кантролі ў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Цяпер настаў час, каб у нас з’явіўся вельмі сучасны і перадавы гістарычны музей, які б увабраў у сябе ўсю нашу мінуўшчыну і даў магчымасць пазнаёміцца з ёй усім зацікаўленым, расказваў бы пра гераічныя подзвігі асоб, якія спрыялі з’яўленню і развіццю асобнай краіны — Рэспублікі Беларусь. Сучасная экспазіцыя патрэбна і для таго, каб кожны жыхар нашай краіны мог ганарыцца сваёй Радзімай, а яе госці даведваліся б, што ёсць вельмі таленавітыя і працалюбівыя людзі — беларусы, якія заўсёды шчыра запрашаюць да сябе: у нас можна добра адпачыць, атрымаць асалоду ад цікавых мерапрыемстваў, якіх ладзіцца даволі багата па ўсёй краіне. Дзякуючы сучаснаму гістарычнаму музею можна пазнаёміцца са старажытнай Беларуссю, зразумець, што для яе важна ў цяперашні час, зазірнуць у будучыню.

Беларусь, якую мы ведаем і любім, паўстала неаднойчы, яна прайшла стагоддзі шляху, на працягу якога асэнсоўвала свае карані і каштоўнасці, каб усвядоміць права на сваю дзяржаўнасць. Усё гэта павінна адлюстраваць новая экспазіцыя музея, лічыць старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк:

— Гэта натхняльная навіна, таму што гісторыя — грунт і падмурак дзяржавы. Нацыянальны гістарычны музей павінен адлюстраваць усе этапы існавання нашага народа і яго змагання за сваю незалежнасць, з усімі драматычнымі і трагічнымі падзеямі, якія выпалі на яго долю. Тое, што захоўваецца ў музеі, павінна быць адлюстравана шырока праз тэхнічныя сродкі, якія дазваляюць зрабіць сучасную экспазіцыю. І не сумняваюся ў тым, што яна будзе створана на сусветным узроўні.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю