Мяркуецца, што тэхнапарк, які аб’яднае і буйныя, і невялікія вытворчасці, з’явіцца на базе ААТ «Прамень» — кіруючая кампанія холдынга «Абутак — «Прамень». Менавіта тут і прайшла рабочая сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі, упаўнаважанага прадстаўніка Прэзідэнта па горадзе Мінску з кіраўніцтвам горада, «Беллегпрама», фабрыкі.
Найперш у музеі прадпрыемства спікер азнаёмілася з больш як стагадовай яго гісторыяй, пасля чаго — з асартыментам сучаснай прадукцыі. Дарэчы, для вырабу адной пары абутку патрабуецца правядзенне ад 120 да 150 тэхналагічных аперацый.
Пачынаючы рабочую сустрэчу, Наталля Качанава адзначыла, што разам са старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым даўно планавалі наведаць гэта прадпрыемства. «З мэтай выканання даручэнняў Прэзідэнта нашай краіны, якія былі дадзены падчас наведвання „МотаВелаЗавода“, па стварэнні тэхнапаркаў у горадзе Мінску, — удакладніла спікер. — Прадпрыемствы, якія створаны на „Мотавела“, працуюць нядрэнна».
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, на тэрыторыі прадпрыемства «Прамень» ёсць шэраг будынкаў, якія можна ўцягнуць у гаспадарчы абарот. Пры гэтым яна ўдакладніла, што не ўсе плошчы задзейнічаны пад патрэбы абутковай фабрыкі. Калі будзе створаны тэхнапарк, іх змогуць выкарыстоўваць іншыя вытворцы.
«Калі б мы стварылі тут тэхнапарк, для прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, было б нядрэнна, — адзначыла Наталля Качанава. — У нас ёсць „Камволь“, прадпрыемствы „Алеся“, „Элема“ і іншыя. У нас шмат людзей, якія наладзілі б тут невялікія пашывачныя вытворчасці. І калі б гэта ўсё было сканцэнтравана ў адным месцы, было б нядрэнна. Тым больш, калі ствараецца тэхнапарк, ёсць пэўныя прэферэнцыі».
Спікер звярнула ўвагу на непрэзентабельны выгляд будынкаў прадпрыемства. «Зразумела, калі ствараць тэхнапарк, гэта павінны быць добрыя карпусы з добрымі фасадамі», — заўважыла Наталля Качанава, удакладніўшы, што ў цэнтры горада такіх будынкаў быць не павінна.