Апошнім разам на такі ўзровень гадавой здабычы «чорнага золата» яны выходзілі толькі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. За сур’ёзным вынікам — павышэнне эфектыўнасці здабычы, рост прадукцыйнасці працы, актыўнае ўкараненне сучасных лічбавых тэхналогій, што ў комплексе дапамагло лепш адпрацаваць не толькі на новых радовішчах, але і павялічыць здабычу нафты на раней адкрытых.
— Да гэтага сур’ёзнага поспеху мы ішлі доўгія гады, — пракаменціраваў дасягненне нафтаздабытчыкаў генеральны дырэктар РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта», дэлегат VII УНС Аляксандр Ляхаў. — Магу сказаць, што дасягнутыя цяпер два мільёны тон гадавой здабычы супастаўныя з 8 мільёнамі тон, якія былі здабыты ў 1975 годзе. Бягучы год рэкордны не толькі па здабычы нафты за апошнія 32 гады, але і па аб’ёме праходкі, па колькасці свідравін. Пройдзена праходкай 320 тысяч пагонных метраў, — адзначыў генеральны дырэктар «Беларуснафта».
Як нагадаў Аляксандр Ляхаў, задача выйсці на двухмільённую мяжу гадавой здабычы нафты была пастаўлена кіраўніком дзяржавы 10 гадоў таму. На той час у краіне здабывалася 1 мільён 645 тысяч тон нафты.
— І паводле ўсіх прагнозаў мы павінны былі далей зніжаць здабычу нафты. Але перагляд нашых геалагічных матэрыялаў, сур’ёзныя падыходы ў рабоце з матэрыяламі як мінулых гадоў, так і прымяненне новых тэхналогій дазволілі павялічыць здабычу не толькі на старых радовішчах, але і адкрыць новыя. Гэта садзейнічала таму, што ў нас сёння не скарачаецца рэсурсная геалагічная база і мы ўпэўнена глядзім у заўтрашні дзень, — зрабіў акцэнт генеральны дырэктар «Беларуснафта».
Па слова кіраўніка, за дасягнутым па выніках 2025 года рэкордам стаіць вялізная работа ўсяго калектыву вытворчага аб’яднання: буравікоў, геолагаў, геафізікаў і ўсіх спецыялістаў і рабочых, якія сваёй добрасумленнай працай спрыялі дасягненню, значнаму для развіцця нашай краіны.
— У планах на 2026 год — здабыць 2 млн 100 тысяч тон нафты. І надалей да 2030 года выйсці на рост здабычы нафты да ўзроўню 2 мільёны 300 тысяч тон. Таму калектыў настроены на сур’ёзную працу. Людзі разумеюць, што будзе няпроста выйсці на гэтыя межы, але ў цэлым мы бачым, што тыя падыходы, якія мы рэалізавалі, будуць спрыяць дасягненню гэтых вялікіх мэт для нашай кампаніі і для краіны ў цэлым, — падкрэсліў кіраўнік.
Як звярнуў увагу Аляксандр Ляхаў, менавіта рост прадукцыйнасці працы ва ўсіх галінах як адзін з найважнейшых кірункаў развіцця краіны быў акрэслены на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу.
- — У нас у калектыве мы гэта таксама разумеем і ўпэўнена ідзём у рост менавіта па гэтых важных для краіны і кампаніі паказчыках, — зазначыў генеральны дырэктар «Беларуснафта». — Нарасціць аб’ёмы вытворчасці дазволілі тэхналогіі, звязаныя з будаўніцтвам гарызантальных свідравін, з заканчэннем ствалоў свідравін шматстадыйнымі гідраўлічнымі разрывамі пласта. Такім чынам, нам удалося ўключыць у распрацоўку запасы, якія раней не распрацоўваліся на старых радовішчах, такія, напрыклад, як самае буйное ў Рэспубліцы Беларусь — Рэчыцкае радовішча.
Генеральны дырэктар «Беларуснафта» нагадаў, што яшчэ з савецкіх часоў Беларусь лічылася рэспублікай, у якой найболей складаныя ўмовы свідравання, здабычы нафты. Пры гэтым прадпрыемству удалося дасягнуць сур’ёзнага поспеху ў вытворчых працэсах нафтаздабычы.
— Мы павялічваем аб’ём свідравання і аб’ём здабычы практычна без росту колькасці нашых брыгад бурэння свідравін, і брыгад капітальнага рамонту свідравін. Гэта значыць, калі зноў вярнуцца на 30 гадоў таму, то мы аб’ём праходкі на брыгаду павялічылі роўна ў тры разы. І на сёння ў нас адна свідравая брыгада ўжо дасягнула праходкі больш за 20 000 метраў. Гэта таксама вельмі сур’ёзны поспех для нашага складанага геалагічнага рэгіёна, — звярнуў увагу кіраўнік.
Аляксандр Ляхаў таксама падкрэсліў, што для павышэння эфектыўнасці айчыннай нафтаздабычы актыўна ўкараняюцца лічбавыя рэсурсы. Так, у 2023 годзе кампаніяй была запушчана ўнікальная сістэма «Лічбавае радовішча». Прамысловы старт праекта адбыўся ў 2024 годзе. Платформа ахоплівае больш за 40 вытворчых працэсаў — ад збору прамысловых даных да аўтаматычнага фарміравання справаздачнасці і аналітыкі. У рэжыме рэальнага часу сістэма дае магчымасць адсочваць работу абсталявання, аператыўна рэагаваць на прастоі і паломкі, аптымізаваць дапаможныя аперацыі і паскараць вытворчыя цыклы. Практычны эфект выяўляецца не толькі ў росце аб’ёмаў здабычы, але і ў зніжэнні сабекошту нафты на 5 працэнтаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК Belorusneft_official