Марыйскі літаратурны часопіс «Ончыко» («Наперад») у другім, лютаўскім, нумары знаёміць з творамі паэтаў Брэстчыны. Пераклады ажыццявіў марыйскі і расійскі паэт, перакладчык, народны паэт Рэспублікі Марый Эл, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Марый Эл імя С. Чавайна Анатоль Ціміркаеў.
У адной паэтычнай падборцы марыйскі чытач на сваёй роднай мове пазнаёміцца з вершамі Ніны Гарагляд і Настассі Нарэйка з Камянца, Валерыя Грышкаўца з Пінска, Таццяны Дземідовіч і Зінаіды Дудзюк з Брэста, Васіля Казачка са Століншчыны. Вядомыя ў Беларусі і за яе межамі аўтары, іх творы друкуюцца і ў перакладах на іншыя мовы.
«Ончыко» — уважлівы да беларускай літаратуры часопіс. Раней на яго старонках друкаваліся і іншыя вершы і апавяданні пісьменнікаў з Брэстчыны. У падрыхтоўцы падрадкоўнікаў і тэкстаў на рускай мове для наступнага пераўвасаблення на марыйскую спрыялі і супрацоўнікі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Расказвае марыйскі пісьменнік Юрый Салаўёў, які на працягу многіх гадоў шмат робіць для развіцця беларуска-марыйскіх літаратурных стасункаў: «Мне пашчасціла пабываць у Беларусі, пазнаёміцца з Мінскам. Гэта і стала першаштуршком для адкрыцця сучаснай беларускай літаратуры. І сам я шмат што пераклаў з твораў беларускіх пісьменнікаў. Асабліва — у прозе. Чытаючы творы паэтаў з гераічнай Брэсцкай зямлі, убачыў, разгледзеў і новыя мастацкія адметнасці. І Анатоль Ціміркаеў, і іншыя нашы перакладчыкі, несумненна, і надалей будуць праяўляць увагу да беларускага мастацкага слова. А я мару пра жывую сустрэчу з Брэстам і Брэстчынай».
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ