Top.Mail.Ru

З пачатку года ў прыродных экасістэмах Беларусі згубіліся 68 чалавек, 6 з іх яшчэ не знойдзены

Асцярожна: лес!


Сёлета лета цешыць аматараў «ціхага палявання»: дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю беларускія лясы поўныя ягадамі і грыбамі. Разам з тым, на жаль, у іх расце і колькасць згубленых. Як не папоўніць сумную статыстыку і што зрабіць, калі бяда ўсё ж такі здарылася, расказалі прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства ўнутраных спраў.


Памятка для грыбніка

«Тыповы партрэт зніклага без вестак — гэта пажылы чалавек каля сямідзесяці гадоў, сельскі жыхар без сродкаў сувязі, які ўсё жыццё пражыў ва ўмоўным раённым цэнтры і ўпэўнены, што добра ведае мясцовы лес», — расказаў выконваючы абавязкі начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Максім ЯЎСЕЕНКА. Па яго словах, пачашчэнне зваротаў у органы ўнутраных спраў па фактах знікнення людзей, якія пайшлі ў ягады ці грыбы, з надыходам цёплага надвор’я паўтараецца з году ў год. Паводле інфармацыі МНС, з пачатку сезона згубіліся ўжо 68 чалавек, з іх 9 дзяцей. І, на жаль, шэсць дарослых знайсці яшчэ не атрымалася — працягваюцца следчыя мерапрыемствы.

Каб пазбегнуць трагічных наступстваў лясных прагулак, грыбнікам дастаткова выконваць у лесе ўсяго некалькі простых правіл бяспекі. Напрыклад, удзяліць увагу сваёй вопратцы: камуфляж, такі любімы многімі, робіць чалавека практычна нябачным ужо праз тры метры. Лепш выбіраць яркія колеры: аранжавы, чырвоны, жоўты. Пажылых сваякоў — аматараў пазбіраць грыбы і ягады — лепш забяспечыць спецыяльнымі прыладамі: смарт-гадзінннікамі, GPS-трэкерамі, якія дапамогуць адсачыць іх месцазнаходжанне.


Абавязковы набор экіпіроўкі ўключае таксама зараджаны мабільны тэлефон, пажадана з паўэрбанкам, ліхтарык, запалкі, запас вады і ежы, а для людзей з хранічнымі захворваннямі — неабходныя ім лекі. І, вядома, самае галоўнае правіла для кожнага грыбніка — абавязкова папярэдзіць аб сваім паходзе ў лес блізкіх, паказаць ім найбліжэйшы да месца вашага першапачатковага знаходжання населены пункт або іншы пункт на карце.


Калі вы заблудзіліся...

Не варта паддавацца паніцы і бяздумна выкарыстоўваць мабільнік — замест гэтага спецыялісты раяць эканомна расходаваць зарад тэлефона. З-за нестабільнай сувязі ён можа хутка разраджацца. «Трэба паведаміць сваякам або набраць 101, 102, сказаць, што згубіліся, і пасля гэтага мінімальна выкарыстоўваць тэлефон, каб вас можна было „запеленгаваць“ — убачыць лакацыю, дзе вы знаходзіцеся, — адзначыў Максім Яўсеенка.


— У лесе добра чуваць розныя гукі: сабачы брэх чутны за два-тры кіламетры, цягнік — да дзесяці, машыны і трактары —за тры-чатыры кіламетры. Гэта могуць быць вашы арыенціры для выхаду да дарогі, населенага пункта ці чыгуначнай станцыі».

У выпадку, калі да наступлення цемры выбрацца не атрымалася і даводзіцца начаваць у лесе, лепш не рухацца з месца і пазбягаць забалочаных месцаў, каб спакойна чакаць ратавальнікаў. Балоцістыя мясцовасці ўяўляюць асаблівую небяспеку, таму што ёсць верагоднасць сустрэчы з дзікімі жывёламі, а з надыходам цемры ўзрастаюць рызыкі ўтаплення і дэзарыентацыі.


Калі ваш блізкі чалавек не вярнуўся ў прызначаны час, не варта займацца самастойнымі пошукамі замест прафесіяналаў — работнікаў МНС і МУС. «Можна весці пошукі паралельна, але трэба адразу ж паведаміць аб тым, што здарылася, у органы ўнутраных спраў, — падкрэсліў Максім Яўсеенка. — Нічога страшнага не здарыцца, калі вы патэлефанавалі, а чалавек праз гадзіну прыйшоў сам. Галоўнае, што ён жывы і здаровы. У першую чаргу стаіць пытанне аб жыцці чалавека, аб тым, каб знайсці яго жывым, цэлым і вярнуць родным».

Час — асноўны фактар

Дарэчы, сучасныя тэхнічныя сродкі значна павысілі эфектыўнасць і хуткасць пошукавых аперацый. Актыўна прымяняюцца беспілотныя лятальныя апараты, аснашчаныя цеплавізарамі — яны дазваляюць выявіць чалавека па цеплавой анамаліі і перадаць каардынаты ратавальнікам. У арсенале пошукавікаў таксама — гукавое і светлавое апавяшчэнне, тэхніка павышанай праходнасці — квадрацыклы, багі, снегабалотаходы. Разам з супрацоўнікамі МУС ратавальнікам даступна і функцыя білінгу мабільнага тэлефона, якая істотна аблягчае пошук.


Асноўны фактар яго паспяховага і хуткага завяршэння — гэта час, адзначыў Сяргей НАВІЧУК, начальнік цэнтра пошукава-выратавальных работ і пажаратушэння Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС: «Гэта самы незаменны рэсурс. Практыка паказвае, што позняе апавяшчэнне кампетэнтных органаў ні да чаго добрага не прыводзіць. Таму, калі чалавек згубіўся, неабходна напісаць заяву ў максімальна кароткія тэрміны — усе сілы і сродкі будуць кінутыя на арганізацыю пошукавых работ».

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю