Top.Mail.Ru

З пачатку 2026 года ў Беларусі ўжо зарэгістравана больш за 2500 кіберзлачынстваў

У апошні час кіберзлачынцы ўсё часцей робяць стаўку на псіхалагічны ціск і эмоцыі, маніпулюючы ахвярамі і падштурхоўваючы іх да самастойнага пераводу сродкаў.


Толькі за першыя тры месяцы 2026 года ў краіне зарэгістравана больш за дзве з паловай тысячы кіберзлачынстваў. Часцей за ўсё зламыснікі дзейнічаюць праз тэлефонныя званкі, прадстаўляючыся супрацоўнікамі банкаў, міліцыі ці іншых арганізацый — такі метад называюць вішінгам. Таксама ў топе папулярных схем — фіктыўныя продажы тавараў у Instagram і Telegram, ілжывыя прапановы аб арэндзе жылля і так званы трэйдзінг. У гэтым выпадку чалавека прыцягваюць абяцаннямі звышпрыбыткаў ад інвестыцый у крыптавалюту або сумнеўныя камерцыйныя праекты.

Такім чынам, адпраўляць грошы на рахункі ашуканцаў людзей вымушае страх, жаданне хуткага заробку або зніжкі, а часам нават шчырая прыхільнасць і захапленне. На падобную схему трапілася жыхарка Мінска — дваццаціпяцігадовая дзяўчына хацела асабіста ўбачыць куміра з Паўднёвай Карэі, а ў выніку засталася з крэдытам у 35 тысяч рублёў. 


Мінчанка пазнаёмілася з мужчынам у сацыяльнай сетцы. Прадставіўшыся папулярным паўднёвакарэйскім акцёрам і спеваком, у працэсе размовы ён прапанаваў сустрэцца асабіста, але для арганізацыі сустрэчы папрасіў звязацца з «менеджарам», каб выбраць свабодную дату. Беларуска напісала на электронную пошту, і ёй адказалі: асабісты кантакт з кумірам платны.

— Паклонніца аформіла крэдыт і за некалькі траншаў перавяла на чужы рахунак больш за 35 тысяч рублёў, — расказвае начальнік аддзела па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Фрунзенскага РУУС г. Мінска Ірына Ванюк у тэлеграм-канале МУС Беларусі. — Акрамя таго, па просьбе «акцёра» пералічыла яму грошы «на падрыхтоўку дакументаў для прыезду ў Беларусь, аплату медыцынскага поліса» і іншыя расходы. Пасля гэтага з ёю перасталі выходзіць на сувязь. 

Супрацоўнікі праваахоўных органаў заклікаюць грамадзян да пільнасці: не трэба адпраўляць грошы людзям, знаёмым выключна па перапісцы. У выпадку, калі пра гэта просяць пад выглядам сяброў ці сваякоў, спачатку лепш знайсці альтэрнатыўны спосаб звязацца з блізкім чалавекам — патэлефанаваць па знаёмым нумары ці сустрэцца асабіста.

Аміна НАЗАРАВА

Фота з адкрытых крыніц 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю